Выбрать главу

І сапраўды крокі стражніка прагучалі пад вокнамі. Ён адчыніў дзверы і, стоячы ў сенях, уважліва паўзіраўся ў тых, хто знаходзіўся ў хаце. Пад поглядам Аўтуха ўсе прымоўклі. Гэта быў чалавек з пажаваным воспаю тварам. Крывы зуб тапырыў верхнюю губу. Вочы маленькія, чырвоныя, як у дзіка.

Нягледзячы на тое, што паншчына даўно мінулася, залежнасць ад пана і яго чэлядзі засталася. Стражніка Аўтуха ведалі добра. Зараз пачне: «Хто панскага не шануе, свайго мець не будзе!» Старыя людзі расказвалі, як у ранейшыя часы выбіралі панскія картоплі. Стражнік (Аўтухоў бацька), калі ўбачыць, што картопля засталася за табой, падыдзе ззаду і з усяе сілы агрэе раменнай плёткай. Дзве знойдзе — два разы атрымаеш, а болей — і болей!

Не пераступіўшы парога, Аўтух грымнуў:

— Пан пытаецца, калі вернеце грошы?

Гэта было — што і казаць — страхотлівае для Кужалёў пытанне. Колькі там Лявонка зарабіў у Берасці! Аддаў, але колькі яшчэ засталося! Спадзяваліся разлічыцца, прадаўшы частку ўраджаю жыта. Таксама не атрымалася.

— Пане Аўтух, заходзьце ў хату! — ветліва запрасіла Марыля, але стражнік як бы і не пачуў.

— Пан кладзе грошы ў банк — там яму прыбытак ідзе, — буркнуў ён. — Вы што, ашукаць пана хочаце?

Лявонка моўчкі, спадылба, пазіраў на грознага Аўтуха. І, відаць, выгляд у яго быў такі натапыраны, што стражнік адступіў і, бразнуўшы дзвярыма, кінуўся з хаты.

— Пастой, Аўтух, малака выпі! — памкнулася за ім Марыля.

— Малака? Смяешся, ці што… — прахрыпеў ён ужо з-за дзвярэй.

— Бачыш, сам рабіць не хоча, а толькі каб іншых падганяць і спаганяць, — сказаў Кірыла.

— Хоча, каб поўзалі перад ім на каленях, галаву гнулі,— дадала Марыля.

— Вясковы сабака, а дваровы служака — усё роўна! — падняўся з лаўкі Назар, каб ісці дахаты. — Але што зробіш — мусіш!

Лявонка перажываў, можа, больш за ўсіх.

«Хоць ты разарвіся! Ці адолею я ўсё гэта, ці вытрымаю? Сёстры падрастаюць. Вунь Тоня ўжо амаль дзеўка. І яму ж жаніцца трэба будзе. І хату закончыць трэба!..»

Назар выйшаў, ціха зачыніўшы за сабою дзверы.

«…Дзе ж зарабіць грошы, каб разлічыцца з даўгамі? Дзе іх узяць? Восемсот рублёў — не жарт, такія грошы на дарозе не валяюцца. А тут яшчэ і падаткі…»

— Трэба ехаць! — выдыхнуў ён з грудзей, нібы ачнуўшыся ад цяжкіх думак і пераадолеўшы апошнія ваганні. Гэта было, як нейкі раптоўны скачок у невядомае, па сучасных мерках — як скачок кудысьці ў космас.

У хаце яшчэ больш пацішэла.

Кірыла паглядзеў на нявестку:

— Чуеш?

Марыля амаль не залямантавала:

— Куды ты, сынок? А мы? Што з намі будзе? — Яна перавяла дыханне: — Паглядзі на хлопцаў — хто едзе? А Ганна? Няўжо і яе кінеш?

Кірыла слухаў і маўчаў.

— Не адгаварвайце, бо ўсё роўна паеду.

Ён і сапраўды адчуваў, што бяссільны зыначыць ход падзей. У душы ён быў нават рады, што з'явілася нарэшце і прычына, каб ехаць у Амерыку. А можа, ён увесь час толькі і выношваў гэту думку, і цяпер нават цяжка ўспомніць, калі яна ўпершыню пастукалася ў яго свядомасць.

— Дзяўчаты нашы падрастаюць — кожнай пасаг патрэбен будзе, — дадаў ён як бы ў апраўданне свайго намеру.

— Праца там цяжкая-я! — заплакала Марыля.

— Працы, мамо, я не баюся.

Усе, у тым ліку і Тоня, маўчалі.

— Праз год, а найбольш праз два, вярнуся, хату дабудуем… Грошай зараблю, шчэ зямлі прыдбаем…

— Свет вялікі, згубішся, як іголка ў стозе сена, — не пераставала плакаць Марыля, — ды і вялікую ваду трэба пераплыць…

Нарэшце выціснуў сваё слова Кірыла:

— Відаць, так трэба, Марыля. Хай едзе!

Каб ехаць у Амерыку, трэба былі грошы. Білет каштаваў пяцьдзесят даляраў, ды пакуль уладкуешся, таксама капейка трэба.

Маці, крыху супакоіўшыся, параіла:

— Пад'ехаў бы ты, Лявонка, да дзядзькі Хведара ў Свішчова, — можа, ён пазычыць…

Хведар не вагаўся, падтрымаў:

— Тое, што ты вырашыў падавацца ў Амэрыку, правільна!.. Калі не рухацца, нашто ж тады жыць?..

Потым, праз гады, успамінаючы сваё падарожжа, ён не раз будзе думаць пра тое, што ўсё ж такі рухала ім, калі ён кіраваўся ў далёкі шлях. Гэта яго жаданне ехаць у Амерыку не так проста было і растлумачыць. Грошы, доўг? Так. Але нешта і яшчэ. Не іначай, як нейкая сіла пхала ў тое прадонне — як бы на Прыдушні ў варонку закручвала. З цягам часу ён усвядоміць і зразумее, што гэта быў нечаканы рух душы, няўцямная спроба ўзняцца над звыкласцю штодзённага існавання, жаданне паглядзець на сябе збоку ці, можа, нават з вышыні. Ён усё больш пераконваўся, што жыццё павінна даць нешта большае, чым гэта сумнае штодзённае існаванне. Нібы сама прастора клікала ў новыя абсягі, што адкрываліся за даляглядамі прускаўскай ваколіцы. Успомніў бесклапотныя словы цыгана Піхты: «А што на месцы сядзець?» А сапраўды, хіба не цікава свет убачыць, паназіраць, як людзі жывуць. А тады да Ганны вярнуся! Як-ніяк, ён быў ужо мужчына і, як яму здавалася, мог сам вырашаць свой лёс. Ехаў ён не адзін: разам з ім падахвоціліся Цімоша з Піліпком.