— А ў цябе, браце, добры нюх! — засмяяўся Хведар.
Кірыла наліў Кузёмку. Госць выпіў і, скрывіўшыся, страсянуў чарку:
— Эх, крэпкая, зараза!
— Крэпкая, бо чужая! — ізноў зарагатаў Хведар, а разам з ім і ўсё застолле.
— Колькі ж дзён плыве той параход? — пацікавіўся Змітрок, час ад часу падаючы голас.
— Ды так, тыдні два, не меней, а то, можа, і тры, — разважыў Хведар, быццам ён ужо быў у Амерыцы і плаваў на тым параходзе.
— Да Амэрыкі таксама далёка, як да месяца, — глыбакадумна сказаў Кузёмка.
— Трэба, каб не забыць, — занепакоілася Марыля, — святому Мікалаю свечку паставіць — ён ратуе на водах.
— Спачатку едзем поездам да Лібавы, — напомніў Лявонка.
Параход адплываў з Лібавы, куды трэба было дабірацца цягніком праз Баранавічы, Вільню, Рыгу па Лібава-Роменскай чыгунцы.
Кузёмка прыслухоўваўся да размовы, ён, як звычайна, настроены быў на свой філасофскі лад:
— Цяперашні свет, аднака, увесь аблытаны дарогамі — і паязды, і параходы. Ужо нават і самаходы прыдумалі!..
— А гэта што ж такое — самаход той? — за ўсіх спытала Марыля.
Кузёмка абвёў вачыма прысутных. Якія вы, маўляў, цёмныя — гэткіх простых рэчаў не ведаеце.
— Чатыры колы мае і ездзіць без каня!
— Цяжка нават паверыць, — засумняваўся Кірыла.
— Я казаў, што, аднака, у дваццатым стагоддзі пачнецца…
— Што пачнецца? — раскрыў рот Хведар.
— А тое і пачнецца, — загадкава адказаў Кузёмка, закусваючы хлебам са скваркай.
— Мусіць, ужо гэтак наканавана, — уздыхнула, думаючы пра штосьці сваё, гаспадыня.
Хведар Кузёмку ведаў (дзівак даходзіў і да Свішчова) і ўсур'ёз яго ніколі не прымаў, таму перайшоў на іншае.
— Ведаеш, браце, што я табе параю, — асцерагайся жанчын, — сказаў ён, звяртаючыся да Лявонкі. Быў ужо, відаць, на падпітку. — Жанчыны, я табе скажу, толькі разбэшчваюць. Ёсць такія распусныя!.. — Пры апошніх словах Хведар ажно прысвіснуў.
Кузёмка адразу ж горача падтрымаў яго — і тут ён, аказваецца, шмат ведаў:
— Глядзі! Яно, брат, кожная баба страшная, у кожнай сядзіць звада…
Мужчыны засмяяліся, загаманілі, кожны, відаць, нешта ведаў на гэты конт.
— Калі папраўдзе, дык яно нічога, — узняў руку Кірыла, бо ў хаце было шумна, — без жанчыны таксама цяжка.
— Ну, калі папраўдзе, — асцярожна згадзіўся Хведар.
— Няпраўдай свет пройдзеш, як той казаў, а назад не вернешся, — зноў уздыхнула нявестка.
— Вось толькі боты цеснаватыя… — паскардзіўся «марыканец», якому пачынала ўжо не падабацца гэта размова.
— Бяры мае! — доўга не думаючы, прапанаваў Хведар.
Дзядзька Хведар, як чалавек свой, абяцаў Кірылу і сястры дапамагаць па гаспадарцы.
Нарэшце госці патаміліся, пачалі нават пазяхаць. Пайшоў дадому — у свае Бабічы — Змітрок. Развітаўся з усімі, а з Лявонкам нават абняліся. Разам з ім выйшаў і Павал Гальяш. Падняўся і «марыканец».
— Пайду спаць у клуню.
— Ведаем твой сон! — паглядзела на сына Марыля. І калі той выйшаў, дадала: — Да Ганны пайшоў.
— Хай! — паблажліва рагатнуў Хведар.
Густое цемрыва ахутвала Пруску з усіх бакоў, і было б зусім цёмна, калі б паміж хмарамі, што мітусіліся на небе, час ад часу не пабліскваў месяц. З канца вёскі, відаць, ад Ламакаў, данеслася песня:
Нехта перабіраў на гармоніку. Гэта праводзілі, відаць, Піліпка. Трэба ж развітацца з Ганнай. Яшчэ днём дамовіліся, што яна будзе чакаць яго дома, у хаце. Ён глянуў на зацемненую вуліцу, падумаў: «Усё ж такі прыгожая наша Пруска. І ўсё тут прыгожае, а я вось ад'язджаю». Спыніўся перад Васілішынай хатай і ціха пастукаў у дзверы, якія тут жа адчыніліся, і ў праёме, у начным сутонні, слаба забялела Ганніна аблічча.
— А я тут сяджу адна, маці ў суседзяў…
— Нічога не бачу…
— Хадзі сюды!
Яна выглядала сумнай.
— Усё яшчэ сярдуеш на мяне, ці што?
Ганна ўздыхнула:
— Позна ты нешта…
— Дужа заняты быў.— Ён абняў яе. Шкада стала і яе, і чамусьці сябе: «Куды я еду?..»
Ганна абхапіла яго шчокі рукамі і прыхінулася так шчыльна, што ён адчуў вострыя гарбкі яе грудзей і парывістае дыханне. У гэтую хвіліну яна была яму бясконца блізкай і дарагой.
— Табе не халадно? Халодны ты нейкі.
— Не, з табой мне заўсёды цёпла…
І сапраўды, прыемна было адчуваць яе пяшчотныя далоні на сваіх ужо добра разгарачаных шчоках.
— Казаў, што жыць без мяне не можаш…
Лявонка нічога не адказаў.