— Кахаць умеюць толькі жанчыны. А вы, мужчыны, ветрагоны…
Ён абняў яе яшчэ мацней:
— Мне здаецца, што я кахаю цябе яшчэ больш!
Яна зноў сумна ўздыхнула:
— Калі хочаш ехаць — едзь, але памятай, што я цябе заўсёды буду кахаць.
У адказ ён пацалаваў яе. Так хацелася застацца побач з ёю, штодня адчуваць яе прысутнасць.
— Ой, і не нацешыліся мы з табой, Лявонка…
Ён заўважыў, як задрыжэлі вейкі. Каб схаваць слязіну, яна апусціла галаву.
— А я так хацела шчасця…
Ён дакрануўся вуснамі да мочак яе вушэй, але Ганна як бы і не адчувала яго пяшчоты, глядзела кудысьці ў цемру.
— Такая далячынь! Страшна…
— Чаго ўжо там баяцца! Тысячы людзей едуць…
— Вось бацька паехаў — і што з таго?..
Ганна ўсміхнулася, прыклала да вачэй хусцінку.
— Не бядуй, вернецца…
Памаўчаўшы, яна сказала:
— Ты мне, Лявонка, падабаешся, ты вельмі смелы.
Хацела, мусіць, хоць як падтрымаць і супакоіць — і яго, і сябе.
— Вочы ў цябе блішчаць, як зоры.
— Бо халадно.
— Вярнуся — згуляем вяселле. Адразу сватоў прышлю!
— Каб хоць лісты пісаў! Ці напішаш… — Яна яшчэ пяшчотней прытулілася да яго: — Кінеш!.. — І тут яна пачала плакаць уголас, з нейкім нават стогнам.
— А ведаеш — можа, я гэта з-за цябе і еду ў тую Амэрыку…
— Ой, Лявонка, — рыданні перахоплівалі голас, — забудзеш, забудзеш ты мяне там! Ой-ой!.. Прыгажуні там заморскія…
«Што яна кажа? Якія прыгажуні? — жахнуўся ён у думках. — Божа мой! Які нечаканы жаночы розум!» Счакаўшы крыху, сказаў:
— Ты ж ведаеш, я ні на юга цябе не прамяняю!
— Праўда?
— Я маніць не буду.
Ён туліў да вуснаў яе пахаладзелыя рукі, саграваў іх сваім дыханнем і прасіў чакаць.
— Веру, веру, веру, ой, веру! — стагнала яна, распранаючыся.
Яны апусціліся на ложак з высокімі падушкамі. Знізу пяшчотна рыпнула палавіца…
— Як я там без цябе буду? — не то ў яе, не то ў самога сябе запытаўся Лявонка, разам з асалодай адчуўшы, як прыпыніўся і сцішыўся час…
…У вёсцы заспявалі пеўні, і амаль адразу зарыпелі веснічкі. Аднекуль вярталася цётка Васіліха. Трэба было развітвацца.
— Вазьмі вось бацькаў адрас — у Нью-Йорку ён. — Яна дастала з паліцы канверт і працягнула Лявонку. — Я буду чакаць, — яна пацалавала яго ў вочы.
Чутно было, як расчыніліся дзверы і па хаце затупала цётка Васіліха.
— Вы яшчэ тутака?
— Я ўжо, мамо, іду.
— Я праводжу яго за веснічкі,— сказала Ганна, прыемна ўсцешаная гэтым Лявонкавым «мамо», звернутым да яе маці.
— А бацькаў адрас дала?
— Дала.
Цемра, што звечара ахутвала зямлю, расступілася, свяцілі зоркі.
Яны разам паднялі вочы ўверх.
— Колькі зорак! — сказалі амаль што ў адзін голас.
VI
Назаўтра ўсе трое сабраліся каля Лявонкавай хаты — яна якраз пасярэдзіне Прускі — Цімоша, Піліпко і Лявонка. Пры кожным драўляны, накшталт салдацкага, куфэрак, зроблены мясцовымі умельцамі. Цімоша высакаваты ростам, Лявонка куды ніжэй за яго, Піліпко — той зусім маленькі, можа, якіх метра паўтара ўсяго, крыху вышэйшы за свой куфэрак. Апрануты ўсе аднолькава: у шарачковых світках з белага саматканага палатна. На галовах — шапкі-кучомкі. У дарогу кожны абуў боты. Асабліва вялікія і цяжкія боты ў Піліпка — адразу кідаецца ў вочы, што не яго памер. Пазычылі ў кагосьці, ці што?
Як складзецца жыццё за акіянам? Хто яго ведае… Твары строгія, задуменныя. Не дзіва: пакідалі абжытыя мясціны, якія яны заўсёды лічылі цэнтрам свету, і цяпер вось адпраўляліся некуды на самы яго канец. Усе недзе ў глыбіні душы адчувалі смутны страх перад той невядомасцю, якая іх чакала.
Накрапваў дождж, але вакол ад'язджаючых назбіралася шмат прускаўцаў. Побач стаялі бацькі — Дармідонт, Алена і Апраска з Пятром. З'явіўся аднекуль Трахімка, зухавата ссунуў на патыліцу фуражку з бліскучым казырком і, скалячы зубы, агледзеў падарожнікаў, абняў іх за плечы — аднаго, другога, трэцяга.
— Ну што, мацакі? — Адкапыліў тоўстую ніжнюю губу і спыніўся на Піліпковых ботах: — Ну, Піліпко, і боты ў цябе! Ці не ў Марка Замагільнага пазычыў?
Прысутныя стрымана зарагаталі. Марка Замагільны жыў непадалёку на хутары. Ногі ў яго былі невядома якога памеру, у шаўца для Марка мелася спецыяльная, вялікая, як пень, калодка. Трахімка дастаў з-за пазухі прыпасены дзеля гэтага выпадку кручок гарэлкі, выняў з кішэні зеленаваты шкляны кілішак, наліў і даў выпіць усім тром.
У натоўпе, у купцы дзяўчат, стаяла Ганна ў палатняным каптаніку. Побач з ёю Гэлька Відэркава. «Там такой танцоркі не будзе», — падумаў пра яе Лявонка. Тут жа сярод жанчын знаходзілася цётка Васіліха — Ганніна маці. Жаласліва выцірала ражком хусткі слёзы. Ад Лявонкі не адыходзілі Марыля і Тоня з Фядоркай. Кірыла запрагаў Цыганчыка. На вуснах ува ўсіх была Амерыка. «Марыканцы, марыканцы», — гучала ў натоўпе.