Выбрать главу

— Якія ж мы марыканцы? — жартавалі хлопцы. — Мы пакуль што прускаўцы.

З процілеглага боку вуліцы, праз плот, пазіраў Ясё. Масей Галёнка ўгледзеў яго, махнуў рукой, той падышоў бліжэй.

Як звычайна, найбольш навін у Масея:

— Ці чулі, Галеня ў Выгнанцы байстручка нарадзіла — у хляве, дзе карова стаіць!

— Не можа быць! — не паверыў Гамон.

— Заглянулі пад раніцу, а яна яму цыцку ў роцік дае. Змардаваная ўся, сплаканая…

— Бацька з хаты выгнаў,— патлумачыла Груша Чапёрка, — не трэба мне, кажа, байструкі, самім хлеба не хапае.

У натоўпе спачувалі, здзіўлена матлялі галовамі. Чаго на свеце не здараецца…

Мітусіўся худзенькі Піліпко, тупаў ботамі, узбуджаны вялікай дарогай, якая чакала наперадзе.

Прыйшоў прускаўскі каваль Пракоп, павітаўся з мужчынамі за руку, абняў «марыканцаў»:

— Прыглядайцеся да жыцця — як там наш брат, просты чалавек жыве. Я б і сам, але кузня трымае…

Пад'ехаў Кірыла з возам. «Марыканцы» кінулі туды свае куфэркі. Пачалі развітвацца. Лявонка мацаваўся да апошняй мінуты, стрымліваючы слёзы, але, калі абняў маці, сясцёр, не стрымаўся, заплакаў Тыя таксама плакалі наўзрыд. Слёзы мяшаліся з кроплямі дажджу. Ён не думаў, што яму будзе так балюча расставацца з роднымі, з вёскай. Услед за Цімошам і Піліпком, падышоў да купкі дзяўчат і кожнай падаў руку, да кожнай прыхінуўся. Вяскоўцы ўважліва сачылі за яго паводзінамі і рухамі: да Ганны ён прыхінуўся мацней і пяшчотней, чым да астатніх. Большага прылюдна ён зрабіць не мог, але ўсе ведалі, што ўчора далёка за поўнач яны былі разам.

— Ну, на развітанне! — сказаў Трахімка і, шырока расставіўшы рукі, абняў Лявонку за плечы.

Хлапчына адказаў яму шчырым абдымкам.

— Ты што — Ганну пакідаеш? — Трахімка, смеючыся, кіўнуў галавой туды, дзе яна стаяла.

— Чакацьме — налета вярнуся! — у Лявонкавым голасе прагучала ўпэўненасць.

Ганна, адчуваючы, што размова ідзе пра яе, яшчэ больш заплакала, часта міргаючы вачыма і выціраючы іх вышытай кветкамі хусцінкай. Тады ён не вытрымаў, падышоў і пры ўсіх яшчэ раз абняў і пацалаваў — у вуха ці ў шыю. Невыказна шкада было пакідаць яе і ўсё, з чым даводзілася расставацца.

— Не забывай, пішы, — напамінала Марыля.

— Ну, хлопцы, каб па мяшку грошай прывезлі! — падтрымліваў настрой Трахімка.

— Дзіва што! — як звычайна, сказаў Гамон.

Кірыла ўзлез на воз, умасціўся ў кельні з саломай і цмокнуў на каня. «Марыканцы» дагналі яго за вёскай. Пераехаўшы грэблю, павярнулі на Ратайчыцы, і за карчамі алешын схавалася родная Пруска.

К вечару былі ўжо ў Берасці, дзе Кірыла пасадзіў хлопцаў на цягнік, а сам, дачакаўшыся раніцы, вярнуўся дадому.

Частка чацвёртая

І

Брэст-Літоўск — павятовы горад і, разам з тым, чыгуначная станцыя. Білеты ўзялі да Лібавы. Іх, хто адважыўся на гэтае падарожжа да Амерыкі, трое: Лявонка і Цімоша з Піліпком. Засталася ззаду ціхая Пруска, жыццё ўступала ў паласу невядомасці, несла новыя адчуванні, мяняла рытм.

Наперадзе іх чакала Амерыка…

…Загрукацелі на стыках вагонныя колы. Хутка засталіся ззаду перон, людзі, вакзал, гарадскія будынкі. За вокнамі замігцелі дарожныя прысады, асобныя дрэвы, палі. У вагоне ўсё для прускаўцаў новае — і людзі, і абстаноўка. Новае і чужое. Невядома ад чаго, магчыма ад хваляванняў, адразу ж захацелася есці. Як толькі цягнік рушыў, Піліпко, крыху счакаўшы, дастаў шматок сала, хлеб і патроху пачаў жаваць.

Цімоша занепакоіўся:

— Э-э, Піліпко, куды ты спяшаешся! Дзён больш, як каўбас, яшчэ паспееш умяць.

— Надта есці хочацца.

Піліпкаў апетыт не спадабаўся і Лявонку.

— Патрывай, усе разам вячэраць будзем…

…Лібава сустрэла гарадскім тлумам. Як-ніяк — порт. Народу — шмат. Кужалю ўспомніўся той смелы прамоўца ў Брэсцкай крэпасці: «У Лібаве бунтуюць матросы!» Пра бунт нішто тут нават не нагадвала, усё спакойна. Прускаўцы знайшлі банк, памянялі рублі на даляры і адразу рушылі ў порт, хоць ведалі, што іх параход адплывае толькі назаўтра. Трапіўшы на прыстань, яны ўбачылі мора і вялікі карабель, які нерухома стаяў непадалёку ад берага. На борце можна было разабраць надпіс «Santa Maria». Ад яго да пірса цягнуліся тоўстыя прасмоленыя канаты.

— Якімі вяроўкамі прывязаны! — здзівіўся Піліпко.