Выбрать главу

— Колькі ў вас грошай пры сабе?

У кожнага з прускаўцаў было па дваццаць даляраў, і гэта задаволіла інспектара. Ён нават падняўся і хлопнуў па плячы нізенькага Піліпка, сказаўшы нешта па-амерыканску.

— Ты ў Амерыцы. Амерыка — лепшая ў свеце краіна! — растлумачыў перакладчык.

І тут прускаўцам давялося стаць сведкамі жахлівай сцэны, якая зрабіла на іх цяжкае ўражанне. У іх спадарожнікаў з-пад Берасця, якія ішлі следам, не аказалася належнай сумы даляраў, каб пачаць жыццё ў Амерыцы. Мытнікі былі няўмольныя. Тут жа падскочылі дзецюкі ў форме і літаральна выштурхнулі людзей з памяшкання.

— Іх назад вяртаюць! — жахнуўся Цімоша.

Землякі спрабавалі нешта даказаць, але дарэмна. Эліс-Айленд стаў для іх першым і апошнім пунктам знаходжання на гэтай невядомай зямлі. Хлопцы маўчалі, перажываючы за землякоў. Гэта ж колькі нягод давялося адолець, каб выбрацца ў дарогу і ў самой дарозе. Цяпер трэба было вяртацца…

Драўляныя куфэркі прускаўцаў нікога з мытнікаў не зацікавілі.

З Эліс-Айленда яны пераправіліся на бераг і апынуліся на шырокай плошчы з процьмай народу. «Ну, чалавеча, лаві сваё шчасце!» — мільгатнула ў Лявонкавай галаве. Відаць, у гонар прыезджых увесь час іграла музыка, і гэта падбадзёрвала.

— Ого! Тут усё бурліць! — не ўстрымаўся ад захаплення Цімоша.

Ад такога скопішча народу прускаўцам стала не па сабе, і яны адно толькі круцілі галовамі, зыркаючы па баках. Лявонку здзівіў непрывычны, дзіўны нейкі пах — пах вялікага порта, які перамешвае дух мора і горада. Асабліва ўразілі высокія, у дваццаць і больш паверхаў дамы, якія акружалі плошчу. Сапраўды, хмарачосы… Піліпко, задраўшы галаву ўверх, непакоіўся: «А што, як каторы паваліцца?.. Прыдушыць…» Яны глядзелі на свет, як дзеці, шырока расплюшчыўшы вочы, уражаныя ніколі нябачаным і разгубленыя…

Куды ж падацца? «Там вас сустрэнуць!» — запэўніў дома вярбоўшчык. Не відаць нешта, каб сустракалі. Дзе ж спыніцца? На прыстані жыць не будеш. І на дзядзьку Васіля спадзявацца не даводзілася — невядома, дзе яго знайсці. Сярод натоўпу, праўда, круціліся нейкія ўвішныя, у саламяных капелюшах, постаці, перабягаючы ад адной купкі прыезджых да другой. Адзін з такіх увішных падступіўся да прускаўцаў. На ім капялюш збіты на патыліцу, штаны ў клетку, на шыі матлялася шырокая, нейкага няпэўнага колеру хустка.

— А вы откудава? — спытаў незнаёмец па-руску.

Ад нечаканасці прускаўцы ажно падскочылі.

— Так і ёсць — з Расіі! — упэўнена вырашыў незнаёмы, які нечым нагадаў Лявонку камянецкага яўрэя Алту, што гандляваў цялятамі.

— Мы, з-пад Берасця! — амаль не крыкнулі прускаўцы, з радасцю пачуўшы знаёмую мову.

— Дык я сам з Польшчы! Рады сустрэць землякоў! Завуць мяне містэр Лейбе Грос! — Чалавек франтавата паправіў капялюш. — Едзем на Іст-Сайд! Будзеце мець ложак і снеданне.

«Яўрэй, напэўна, — падумаў Лявонка, здзіўлена ўглядаючыся ў гэтага вясёлага чалавека, — але ж надта непадобны на камянецкіх знаёмых — людзей ціхмяных і набожных».

Прускаўцам нічога не заставалася, як згадзіцца.

— Першыя два месяцы я грошай не бяру, — патлумачыў містэр Лейбе.

— А тады?

— А тады па пяць даляраў з чалавека ў тыдзень.

Прускаўцы пераглянуліся паміж сабой.

— Гэта не шмат! — махнуў рукою Лейбе.

ІІ

Падняўшы куфэркі, усе разам пайшлі па адной з вуліц. Пад нагамі ўсюды цвёрды покрыў, не відаць ні травінкі. Містэр Лейбе ішоў наперадзе. Абліччы людзей, якія траплялі ім насустрач, дыхалі энергіяй і бадзёрасцю. Шмат чарнаскурых. Уражанне было такое, што ўсе некуды спяшаюцца. Лявонка ўвесь час углядаўся ў людскія твары: а раптам Ганнін бацька— дзядзька Васіль!

Міма, шырока распрыскваючы лужыны, з аглушальным трэскам праімчаўся матор — дзіўнае стварэнне — самаход на чатырох колах. Чорны, як жук. Матораў, аднак, не так і шмат — больш карэт, вазкоў, брычак. На тратуары стаялі невялічкія цялежкі з малаком у бутэльках, хлебам і іншымі прадуктамі. Прускаўцы пачувалі сябе так, нібы трапілі ў нейкія вялікія жорны, і ходу назад няма. Лявонка ўспомніў нават пра землякоў з-пад Берасця: «Можа, і сапраўды лепш, што вяртаюцца?..»

Але містэр Лейбе, усё роўна як ведаў настрой сваіх кліентаў, не даваў маркоціцца:

— Вы павінны быць удзячны ўжо за тое, што вас пусцілі ў Амэрыку!

Прускаўцы маўчалі, уважліва слухалі кожнае слова новага знаёмага, які да таго ж быў амаль што іхнім земляком.

— А якая ваша прафесія? Што вы ўмееце рабіць? — пацікавіўся Лейбе.

— Усё, што спатрэбіцца, — за ўсіх адказаў Лявонка.