— Амерыка — добрая краіна, толькі тут трэба ўмець уладкавацца, — тлумачыў Лейбе. — Калі пашанцуе, і мільянерам можна стаць!
Яны не ведалі, што такое мільянер, але слухаць земляка было прыемна.
— У нас кожны марыць стаць мільянерам!
Жыццё на нью-йоркскіх вуліцах віравала і пенілася. Крычалі прадаўцы газет. Праносіліся аўтамабілі. Паўсюль валялася шмат рознага смецця. Там-сям проста на тратуары сядзелі негры са шчоткамі ў руках. Размахваючы гэтымі шчоткамі, яны прапаноўвалі прахожым свае паслугі — пачысціць чаравікі. Сярод чысцільшчыкаў шмат дзяцей.
Грукатаў па бруку сваімі вялікімі ботамі Піліпко. Сустрэчныя і асабліва чысцільшчыкі звярталі ўвагу на яго дзіўны абутак. Нейкі падлетак крутнуўся каля Піліпка, і той згледзець не паспеў, як гэты вісус сарваў з яго галавы прускаўскую шапку-кучомку. Бедны Піліпко кінуў куфэрак, схапіўся за галаву, але было ўжо позна: разбойнік знік гэтак жа хутка, як аб'явіўся.
— От, халера! — вылаяўся Лявонка. — Дагнаць бы заразу!
— Глядзі, каб боты не знялі,— насмешліва насцярожыў дружбака Цімоша, — бо нешта ўсе яны на іх зіркаюць.
Містэр Грос з абурэннем паківаў галавой.
Аграмадныя шыльды над дзвярыма розных кантор глядзелі на прускаўцаў вялікімі пазалочанымі літарамі і як бы суцяшалі нават: «Не бядуйце, будзе ў Піліпка шапка і яшчэ шмат чаго будзе!..» І сапраўды, вітрыны здзіўлялі багаццем: тканіны, гатовае адзенне, абутак, посуд, прылады розныя, упрыгожанні, парфума — што хочаш! Дзівіла мноства рэкламы. Напачатку яны не ведалі, што гэта такое, і вымушаны былі запытаць, што азначаюць гэтыя шматлікія надпісы.
— Гэта ўсё фірмы, — ахвотна тлумачыў Лейбе, ведаючы, што яго спадарожнікам не проста адразу ўсё зразумець, — прапаноўваюць тавар.
— А гэта хто — гарадавы? — павёў галавой Лявонка.
Усе звярнулі ўвагу на нейкага здаравілу ў форме. На цёмна-сіняй фуражцы — бліскучая кукарда. На шырокім скураным поясе — звязка з ключамі, наручнікі і нейкая зброя ў адкрытай кабуры. З гарадавымі прускаўцы пазнаёміліся ў Рызе, калі дабіраліся ў Лібаву. Вусатыя, здаравенныя дзядзькі, у кожнага з аднаго боку матляецца шабля, з другога — рэвальвер. Наручнікаў, праўда, няма.
— Коп. Палісмен! — з павагай адказаў Лейбе.
Палісмен нешта жаваў, павольна працуючы сківіцамі. У руках ён трымаў такую ж даўбешку, як і тыя, на мытні, і ляніва вярцеў ёю, як прускаўскі пастух кіем.
— Гумавая дубінка! — растлумачыў Лейбе і з захапленнем дадаў: — Каб стаць палісменам, патрэбны вага і рост. Вага не менш, як сто кіло.
— Цябе, Піліпко, не возьмуць, — зарагатаў Цімоша, маючы на ўвазе і рост, і худзізну Піліпка.
У гасцініцу містэра Гроса дабіраліся «паветранай дарогай» — на нью-йоркскай электрычцы, якая называлася тут «элевейтэд». Электрычка часам паднімалася ўпоравень з невысокімі дамкамі. Падарожнікаў здзівіла рознакаляровая стракатасць дахаў: зялёныя, сінія, чырвоныя, рудыя — розных фарбаў і адценняў! Бралася ўжо на вечар, калі яны нарэшце сышлі на нейкай станцыі і вузкімі вулачкамі дабраліся да ўладанняў містэра Гроса. Гэта быў прадаўгаваты драўляны дамок няпэўнага колеру з дзесяткам пакойчыкаў па абодва бакі доўгага калідора.
— Вось ваш пакой, — сказаў гаспадар, шырокім жэстам рукі запрашаючы новых пастаяльцаў,— ложкі выбірайце самі. Будзеце забяспечаны снеданнем. За снеданне асобная плата.
— А за абед?
Лейбе пасміхнуўся:
— Вяртацца сюды на абед у вас не будзе часу.
Прускаўцы здзіўлена паглядзелі на гаспадара.
Містэр Лейбе падняў угору палец:
— Заўтра прыйдуць…
— Хто прыйдзе? — раскрыў рот Піліпко.
— Ну, наймаць вас на работу.
Прускаўцы ўзрадаваліся.
— З работай не так проста, — пацмокаў языком містэр Лейбе, — цяпер тут крызіс, нават карэнныя амерыканцы не могуць дастаць работы… Але, я думаю, пашанцуе! Тым, хто спыняецца ў мяне, заўсёды шанцуе. А пакуль што адпачывайце! З дарогі трэба адпачыць, — з гэтымі словамі Лейбе выйшаў.
Лявонка выбраў ложак ля акна, сеў на яго. Цімоша з Піліпком атабарыліся побач. Пакой быў даволі вялікі і ўвесь застаўлены ложкамі. У кутку стаяла печка. Ракавіна з халоднай вадой знаходзілася тут жа, у пакоі. На акне — вазоны з кветкамі.
— Што, хлопцы? Відаць, дадому трэба напісаць, каб не думалі… — устрывожыўся Лявонка.
— Паспеецца… — стрымаў яго Цімоша. — Давай крыху павячэраем.
Хлопцы адчынілі свае куфэркі, дасталі рэшткі сала, сухары, нацадзілі з крана вады (паказаў Лейбе), склалі ўсё разам і пачалі вячэраць.
— Трэба, мусіць, дзядзьку Васіля ды Ляксея шукаць, — сказаў Лявонка.