Выбрать главу

10.

Не шукай ты мяне каля жытніх палёў...

Данчык

Галоўны лягерны паліцыянт па мянушцы Гаўляйтар доўга не хацеў прызнаваць ува мне нейкае віяйпі й адпускаць з-пад сваёй мацярынскай апекі ажно на тры дні — звычайна, нам выпісвалі дазволы („выхазкі“) усяго на паўдня, каб зьбегаць у вёску, ну максымум на дзень, калі камусьці было вельмі ўжо трэба ў Джармэнію. Парушэньне прапускнога рэжыму каралася штрафам, дошкай ганьбы й дэпартацыяй. Сэрцавяшчун, мабыць, падказвала Гаўляйтару, што болей я ў сфэру ягонай юрысдыкцыі не вярнуся, чаго ён дапускаць зусім не хацеў — з большым задавальненьнем ён убачыў бы, як я пакідаю лягер нагамі наперад, як той кітаец. Аднак мае амэрыканкі да апошняга стаялі за мяне гарою, настойваючы на тым, што я ім патрэбны жыўцом (няма сумневу, што яны распазналі ўва мне новага Барышнікава ці Нурыева). Дзякуючы гэтай іхнай настойлівасьці я ўрэшце выехаў-такі ў чэскую сталіцу — аўтастопам, бо грошай на квіткі мне ніхто зь сяброў-упырхлікаў не пазычыў, хаця й меў. Відаць, на маё вяртаньне ў лягер у лягеры сапраўды не разьлічвалі.

Скажу адразу, што гэта быў мой першы й апошні аўтастоп у жыцьці. I гэта мне яшчэ досыць пашанцавала (пасьля гадзінаў пешай хады) з спадарожнікамі — маладой чэскай парай, ці ўласна тройкай, бо зь імі была яшчэ юная сястра кіроўцы. Узялі яны мяне толькі таму, што запыніліся ля кустоў (а не ля мяне) аддаць даніну чыёйсьці вялікай патрэбе. Дзень хіліўся да вечара (я быў у дарозе ўжо з раніцы, але апроч некалькіх гаваркіх ездуноў на кароткія дыстанцыі нікога не злавіў), а ў кіроўцы былі праблемы са зрокам і галавой, бо ён нёсься па шашы, як шалёны, налягаючы на руль, каб прынамсі нешта бачыць, віртуозна ўнікаючы ў апошні момант перад коламі цяжкіх фураў. Ягоная дзяўчына ўвесь час касьціла яго, які ж ён дурань, і мела рацыю. Я калаціўся на заднім сядзеньні й спрабаваў не зьвяртаць увагі на яўна непаўналетнюю сястру, якая ўжо пасьля некалькіх прывітальных фразаў узялася мяне спакушаць. Балазе, мяне ўратаваў ейны брат: яму спатрэбіўся штурман, бо пазіраць на мапу й параўноўваць яе з навакольлем у яго не было часу, а ягоная дзяўчына (самая інтэлігентная з усіх траіх) была ці то дысьлектычкай, ці то проста асьліцай, ну я й перасеў да яго наперад. „Нам патрэбна ў Карлавы Вары“, паведаміў мне хлапец, „хочам зірнуць на Карлаў мост“. Не разумею, як такім людзям выдаюць правы на машыну. Пасьля марных спробаў пераканаць іх, што Карлаў мост, паводле маіх зьвестак, знаходзіцца ў Празе, я пастанавіў прыкінуцца валёнкам і зрабіў выгляд, што павароту на Карлавы Вары не заўважыў. На шчасьце для мяне, з розных прычынаў ніхто з траіх ня здолеў прачытаць вялізнага дарожнага знаку на павароце. Неўзабаве на даляглядзе зазьзялі агні вялікага места: нават тады кампанія нічога не западозрыла й па-ранейшаму з наіўнасьцю Калюмба цешылася, што вось-вось ужо будзе бухаць бэхероўку, заядаючы яе вафлямі й запіваючы мінэральнай вадой. Перад першай станцыяй мэтро я падзякаваў ім за падвоз і выскачыў з машыны. Упэўнены, што кіроўца ў той дзень даў сабе зарок ніколі больш ня браць стопэраў, чым уратаваў мноства іхных маладых жыцьцяў.

Апынуўшыся ў цэнтры Прагі, я адразу ж зразумеў, што мая дзіцячая мара спраўдзілася: я трапіў у той самы цацачны замак з тэлевізара, калісьці падораны мне дзядзькам Базылём, толькі ў натуральную велічыню ды з каменю, а не з плястмасы. Дагэтуль я ніколі не здагадваўся, што нешта падобнае можа існаваць насамрэч. Мо, калі б я не паехаў быў паступаць у Менск і меў дастаткова часу з тым замкам нагуляцца, то паставіўся б да Прагі крыху больш спакойна. Але ў той момант мне назаўжды перакарцела працягваць свае распачатыя зь ,Дзедкандансам“ вандроўкі па сьвеце й куды-небудзь адсюль зьяжджаць, перадусім у лягер: калі ўсе мы родам зь дзяцінства, то маё дзяцінства асацыявалася ў мяне зь сярэднявеччам — вось я й лучыў у самыя што ні ёсьць родныя мясьціны. Тая папутная машына аказалася для мяне машынай часу.