11.
Дзе двое ці трое сабраныя ў імя Маё, там і Я зь імі.
Пазьняк
Калі ў лягеры я збольшага тусаваўся з прадстаўнікамі трэцяга сьвету, то канфэрэнцыя па пытаньнях меншасьцяў адразу акунула мяне з галавою ў вяршкі сьвету першага — другі сьвет я па-вундэркіндзку пераскочыў, як калісьці ў школе другую клясу, калі не лічыць кароткачасовага флірту зь дзьвюма стрыечнымі сёстрамі з Азэрбайджану, што былі ня супраць выйсьці за мяне абедзьве, бо я ім збрахаў, нібы ўжо маю чэскі пашпарт, які (вось гэтага, бадай, ня варта было дадаваць) забыў дома ў сваёй віле з басэйнам. Шкада, што яны мне не паверылі, а то фліртам бы справа ня скончылася. Тады як сёстры й іншыя постсавецкія студэнты прыехалі ў Прагу збольшага па першы эратычны досьвед, то залатая першасьвецкая моладзь — брытанцы, бэльгійцы, швэды й астатнія — сабралася на канфэрэнцыю акурат дзеля таго, каб абмеркаваць складанае становішча моладзі трэцясьвецкай. На ёй расказвалі пра існаваньне меншасьцяў ня толькі нацыянальных, такіх як я ці дзядзька Базыль, але й сэксуальных ды іншых, такіх як Дыназаўр. То бок у прынцыпе ў першы дзень канфэрэнцыі я не даведаўся нічога новага, чаго б ня ведаў зь лягеру, таму другі дзень, пасьля атрыманьня ганарару за ўдзел, пастанавіў прысьвяціць турызму.
Праводзіць мяне па Празе ўзяліся двое прыстойнага выгляду бамжоў, што пачуваліся на яе вуліцах як дома. Напэўна, ужо паводле маёй хады можна было пазнаць, што я маю грошы. Я прапанаваў бамжам піва, а яны мне — ахову ад сваіх шматлікіх калег-жабракоў, што стаялі ўдоўж гістарычнага каралеўскага шляху ў якасьці ганаровай варты, быццам гэтым каралём быў ня хто іншы, як я (у пэўным сэнсе я сябе ім і адчуваў, хоць і нядоўга). Аднак на мае новаздабытыя грошы ў Залатым горадзе квапіліся ня толькі жабракі. У гэтым я пераканаўся пасьля таго, як, заглядзеўшыся на вежы нейкага храму, уступіў у гурбу конскага лайна, пасьлізнуўся, устаў і пачаў мацюкацца. Тут жа да мяне падруліла трое хлапцоў спартовага целаскладу (мае бамжы адразу ж узялі лахі пад пахі) — яны перакрылі вузкую вулічку, нібы створаную для гопстопу, і самы плюгавы зь іх, не вітаючыся, сунуў мне пад нос запальніцу й задаў правакацыйнае пытаньне: „Рускі?“ Пытаньне паставіла мяне ў яшчэ большы тупік, чым вулічка: калі я скажу, што я рускі, то ў іх, магчыма, зьявіцца літасьць да суайчыньніка, маўляў, сваіх ня б’юць; а калі сказаць, што я ня рускі, тады яны могуць палічыць, што рабаваньне такіх як я не належыць да іхнае кампэтэнцыі й перададуць мяне якой-небудзь іншай злачыннай групоўцы — альбанскай, чачэнскай, югаслаўскай ці баўгарскай, зь якімі я быў у добрых стасунках яшчэ зь лягеру. Таму я абраў другі варыянт і нерашуча адказаў: „Не, беларус...“ „Зямеля!“, узрадаваўся іхны правадыр. „Ня сцы, мы толькi рускіх шчымім, сваіх не чапаем...“ Во як: гопнікі аказаліся ня толькі суайчыньнікамі, але яшчэ й патрыётамі — у Менску я з такімі не сустракаўся (што робіць зь людзямі Эўропа). „I шмат у горадзе землякоў?“, пацікавіўся я, ня надта каб шчыра. ,A то!“, запэўніў мяне хлапец. „Прыходзь увечары на сходку суполкі, туды й туды — сам пабачыш...“
Сходка беларускай суполкі адбывалася ўва ўмовах, не нашмат лепшых за айчынныя: у вільготным цёмным склепе недзе на ўзбочыне гістарычнага цэнтру. Як пазьней высьветлілася, адзінаю выгадаю склепу было тое, што яго гаспадары (валасатыя барацьбіты за правы чалавека) прытулілі там беларусаў задарма, як што плаціць за памяшканьне для супольных сустрэчаў грамада на той момант была ці то яшчэ, ці то ўжо не гатовая. У прыцемках і клубах цыгарэтнага дыму я здолеў сяк-так разгледзець свайго новага знаёмца-гопніка ды яшчэ некалькіх новапрыбылых лягернікаў зь сем’ямі, якім быў змушаны крыва ўсьміхнуцца (дагэтуль я затойваў ад іх сваё беларускае паходжаньне, выдаючы сябе за мурына). Астатніх я ведаць ня мог, але спрактыкаваным носам адчуў, што ў паветры, апроч цыгарэт, пахне грашыма: на гэта выдавалі й салідныя прыкіды прысутных дзядзек і цётак. Выглядала, што ўсе чакалі яшчэ некага, апроч мяне, — той нехта зьявіўся з паўгадзінным спазьненьнем і тут жа ўзяўся выконваць абавязкі старшыні сходу. Аднак ягоная прамова пра зьдзекі крывавага рэжыму над Бацькаўшчынай была нядоўгай: ён неяк падазрона зашморгаў носам і закруціў галавой, касавурачыся вокам на мяне — я ўжо падумаў, ён унюхаў рэшты конскага лайна на маёй падэшве. Толькі ў наступны момант я зразумеў, у чым цымус: „Тут што, марыхуану паляць?“, абурана запытаўся старшыня. Пытаньне было рытарычным. Хтосьці ззаду адказаў яму, маўляў, а што тут такога — што тут пачалося! „Як што такога? Вы што — звар’яцелі? Мы тут афіцыйна прадстаўляем Раду БНР! А вы завялі нас у месца, дзе паляць марыхуану! Гэта ж наркотык! Вы што, наўмысна? На загад беларускай амбасады? КДБ? Хочаце нас скампрамэтаваць? Я ў такім памяшканьнi адмаўляюся далей знаходзіцца й прамаўляць! Прашу выдалщь усе аўдыязапісы й фатаграфіі з маім удзелам! Калі што — мяне тут не было!“