Склеп загудзеў: палова (прыстойныя дзядзькі й цёткі) ухвальна, палова незадаволена. Некаторыя прапанавалі надалей зьбірацца ў прамоўцы дома, іншыя — на вуліцы, яшчэ нехта — зусім не зьбірацца. Ніводная з прапановаў не была пастаўленая на галасаваньне. Прадстаўнікі першай паловы, наадварот, былі за тое, каб сустракацца штотыдня ў „Казіно Раяль“, бо гэта побач зь іхнаю працай. Галасы мацнелі, дым гусьцеў, пачынала зьбірацца на фізычны канфлікт. Я ціха пасёрбваў піва ў кутку й ня ведаў, каго падтрымаць. Балазе, на пусты страўнік піва падзейнічала хутка, таму асноўную частку паседжаньня, на якой была прынятая гістарычная пастанова аб Вялікай Схізьме у праскім беларускім асяродку, я прадрамаў, чым страціў усякае права сьведчыць перад нашчадкамі аб гэтай падзеі, а калі расплюшчыў вочы, то ўбачыў, што людзі памалу разыходзяцца — гэтым разам у добрым сэнсе слова.
„Дзяцюк!“, раптам гукнуў мяне незнаёмы голас, „ня спi, а то зачыняць!“ Я азірнуўся і ўбачыў нестарога яшчэ мужчыну, якога праз скураную касуху, завушніцу й доўгія валасы, ня стрыжаныя ці ня з самых васьмідзясятых, можна было прыняць за майго раўналетка. „Свае!“, узрадаваўся я й на ўсякі выпадак запытаўся: „А ты не анархіст?“ „А то!“, быў адказ. Гэтак я пазнаёміўся з Габрусём Калодам.
Частка другая: Габрусь
1.
Усім прывiтаньне, завуць мяне Юзік.
Народны альбом
Шчыра кажучы, я не чакаў, што ў Чэхіі мне пашчасьціць сустрэць каго-небудзь вядомага, пагатоў самога Швэйка. Швэйк, праўда, аказаўся ня чэхам, а беларусам, і ня Езэфам, а Габрусём. Дзеля дакладнасьці варта дадаць, што Габрусь быў Швэйкам ня целам, а духам — целам ён быў хутчэй падобны да гэткага донкіхота, якім я яго бачыў на карцінцы. А вось сярод саміх чэхаў, як ні дзіўна, я Швэйкаў ніколі не сустракаў і дагэтуль лічыў іх прыдумкай.
„Маеш дзе начаваць?“, папытаўся ў мяне Габрусь, як толькі мы апынуліся на вуліцы й пераканаліся, што лета сапраўды заканчваецца. Я забаяўся, што новы знаёмец набіваецца да мяне ў госьці (мяне пасялілі ў гостэлі разам з астатнімі дэлегатамі канфэрэнцыі) і на ўсякі выпадак збрахаў, што не. „А я маю,“ запэўніў мяне Габрусь. „Паехалі да мяне, прытулю“. Апошняя фраза прагучала як на мой густ крыху неадназначна, але шлях да адступленьня я перакрыў сабе сам. „А ты дзе жывеш?“ — „А тут недалёка. У адной віле“. Мне ажно цікава зрабілася, бо да жыхара вілы Габрусь быў зусім не падобны.
Хай сабе й выявілася, што недалёка — гэта на другім канцы гораду, але віла там насамрэч была й самотна чарнела сярод зарасьцяў і новабудоўляў. Дарогаю з трамвайнага прыпынку я працягваў засыпаць Габруся пытаньнямі: „А чаго сьвятло не гарыць?“ „Ну, я ж ня дома“. „Ты што там, адзін жывеш?“ „Адзін, жонка са мною не захацела“ .Дык ты прытулак ужо атрымаў?“ „Я і не прасіў“, гмыкнуў Габрусь. „На халеру ён мне — мне што, вілы мала?“ „I даўно ты там жывеш?“ „З учора“. „А дагэтуль дзе жыў?“ „У Швэцыі. А да таго — у прымаках“. „То бок у жонкі?“ „Не, гэта нашая вёска так называецца“. „А-а... А чаго са Швэцыі зьехаў?“ „Бо жонка выгнала“. Я зусім нічога не разумеў. Мы падыйшлі да параднага ўваходу вілы і ўбачылі на ім краты зь вялізным замком. „От халера, зачынена...“, канстатаваў Габрусь. „Ну, не бяды, у мяне ёсьць запасны ўваход“, — і памкнуўся ў зарасьці. Адсланіўшы вецьце, я пабачыў невялічкія драўляныя дзьверы, якіх, здавалася, даўно не адчынялі, бо зьнізу яны былі прысыпаныя зямлёю. „Гэта наўмысна, каб злодзеі ня лезьлi“, патлумачыў мне Габрусь і ўзяўся раскопваць дзьверы рукамі са спрытам чэскага нацыянальнага кроціка.
Дзьверы рыпнулі, і зь цемры на мяне дыхнула вільгацьцю й гісторыямі пра вампіраў. „Вось мы й дома“, радасна выдыхнуў Габрусь, чыркануўшы запалкай, і я ўбачыў, што знаходжуся ў невялічкім скляпеньні плошчаю два на два мэтры й вышынёю (калі гэта можна было так назваць) мэтры ў паўтара. Пасярод скляпеньня проста на зямлі валяўся матрац, а побач зь ім — яшчэ нейкае шмацьцё, з выгляду вопратка. Мне тут жа захацелася ў гостэл — ды ў які гостэл, адразу ў лягер! „А віла?“, роспачна спытаўся я. „Гэта яна і ёсьць“, супакоіў мяне Габрусь. „Толькi цяпер тут сквот“. „Што-што?“ „Ну... Як бы гэта сказаць па-навуковаму... Ня ведаеш, што такое сквот? А яшчэ анархіст... Ну добра, ты як госьць кладзіся на матрацы: я сёньня й на вопратцы пасплю, а заўтра табе свой матрац на сьметнщы знойдзем...“