„МЕНЯ укусил крокодил,
ТЕБЯ укусил крокодил,
ЕГО укусил крокодил,
ЕЕ укусил крокодил,
и ВАС укусил крокодил,
и ИХ укусил крокодил,
и ТЕХ укусил крокодил —
НАС ВСЕХ укусил крокодил !“
У той сытуацыі, мушу сказаць, верш гучаў праўдзіва, за што й быў уганараваны апантанымі воплескамі — кракадзіл мусіў быць шалёны. Тут я да сваёй вялікай радасьці прыкмеціў у адным з гурткоў удзячнай публікі сваю амэрыканку! — і штурхнуў локцем Габруся, перакрыкваючы музычнае суправаджэньне: „Габрусь, глядзі! Вунь стаiць дзяўчына, дзякуючы якой я тут! Амэрыканка! Я яе яшчэ зь лягеру ведаю! Такі клясны чалавек — не перадаць!“ „Яж не сьляпы!“, зароў мне ў адказ Габрусь. „Сам бачу, што клясны! Такія цыцачкі, такая жопка! Вось бы яе, як гэта па-навуковаму... знахалiць!“ „Чакай, ты пра бляндынку? Гэта не яна!“ „Не яна?“, зьдзівіўся Габрусь. „Ну, тады шкада...“ „Чаго шкада?“, ня ўцяміў я. „Цябе шкада!“, паясьніў Габрусь.
Калі шчыра, я сам быў ня супраць знахаліць сваю амэрыканку — але памятаючы, што маё танцавальнае майстэрства ў гэтым не дапамагло, пастанавіў паўзьдзейнічаць на яе сьпевам. Падсілкаваўшыся півам, мы з Габрусём залезьлі на сцэну да нашага харкаўскага сябра й паказалі такі пэрформанс, што ўсім астатнім удзельнікам зрабілася няёмка. Хлопец з Харкава засьпяваў (калі можна так сказаць) савецкі гімн, я — „Iнтэрнацыянал“, а Габрусь — толькі тое, што ведаў, то бок „Купалінку“, прычым усё гэта адначасова. Ня буду хаваць, ідэя пэрформансу была мая. Нашая зладжаная атанальная какафонія выклікала папросту фурор: мы атрымалі першы прыз вечара (якім быў паляроідны фатаздымак нашага выступу з надпісам „хуй“), а прысутныя амэрыканцы тут жа запрасілі нас выступіць на Гэлаўіне. На хвалі сваёй імклівай славы я падруліў да амэрыканкі, якая жарсна прашаптала мне на вуха: „А ты куды зьнiк пасьля першага дня канфэрэнцыі? Ад мяне патрабуюць, каб я вярнула выплачаны табе ганарар!“ Пасьля такога прывітаньня мне зрабілася досыць ніякавата, таму, абмяняўшыся фармальнасьцямі (сярод іншага я запрасіў амэрыканку ў госьці да нас на сквот), мы зноў адышліся кожны да свайго гуртка й так і стаялі ў іх да самага канца, бы зусім чужыя людзі. Калі я яшчэ ўбачыў, як амэрыканка адной рукой трымае за сраку ўпадабаную Габрусём бляндынку, а другой залазіць ёй у майткі, мне стала зусім пагана, і я на момант узьненавідзеў усе меншасьці сьвету. „Дык вось чаму яна ня голіцца пад пахамі!“, здагадаўся я. Рэшту вечара я ня помню, бо мы з Габрусём і харкаўцом тады жудасна напіліся. Для парадку яшчэ мушу дадаць, што на той Гэлаўін я праз пару месяцаў насамрэч схадзіў (толькі без хлапцоў, яны, здаецца, сьвяткавалі асобна) і зноў выйграў першы прыз, гэтым разам — у выглядзе пляшкі брэндзі, і не за сьпеў, а за касьцюм ісламскага тэрарыста, які я сам стварыў з ручніка на галаве й драўляных плечыкаў замест шаблі: амэрыканцы справядліва палічылі касьцюм самым жахлівым з усіх. Як бачыце, ужо тады яны настолькі баяліся ісламскіх тэрарыстаў, што ўважалі за лепшае адкупіцца ад мяне пляшкай — пры гэтым да замаху на нью-ёрскіх блізьнятаў заставаўся яшчэ амаль год.
4.
Iзьвяла мяне кручына,
Падкалодная зьмяя.
Як зьдзесь жыць без какаіна?
Восем дзевак, адзін я.
Частушка
Да станоўчых якасьцяў Габруся належала тая, што ў яго з раніцы ніколі не бывала бадуна, колькі б ён папярэдняга дня ні выпіў. Прынамсі, фізычна ён быў заўжды поўны сіл, і галава ў яго не балела, а наадварот, працавала нават лепей, чым звычайна. Ягоныя думкі ў такім стане былі цалкам сьветлыя й цьвярозыя, і адзінай прыкметай, паводле якой можна было ўгадаць, што ён рабіў увечары, была тая, што ён прамаўляў іх уголас, мераючы сваімі даўжэзнымі крокамі нашыя сквоцкія апартамэнты: „Не, ну калі я ўжо памру? Ну што гэта за жыцьцё? Тулімся тут у нейкім падзямельлі, як пацукі! I ніякага выйсьця, ніякага! Можа, мне сябе забiць? Га, Андрусь? Вось тольк б дзетак яшчэ пабачыць... I бацькоў... А дзетачкі ж вы мае родныя! А на каго ж я вас пакінуў! На вашую матку, курву гэтую, ёб вашу маць! Навошта я вас зь ёю наагул вырабіў!“ — „Габрусь, слухай: калі ты хочаш сябе забщь — калі ласка, толькі не замінай жыць іншым. Або спачатку выпусьцi мяне адсюль, або здымі й памый шкарпэткі“. — „Бач, які ты недалікатны... А, дык ты ўжо прачнуўся?! То ўставай, нехран тут валяцца! На тым сьвеце адпачнеш! Хадзем у горад працу шукаць!“