Выбрать главу

Сьвет дзядзькі Базыля, трэба сказаць, ня быў надта вялікім што да геаграфічных маштабаў, складаючыся пераважна з ваколіцаў ягонай роднай вёскі, якія мы зь ім абышлі ўжо ў нашую першую вандроўку. Дзядзька Базыль называў гэта „азнаямленьнем з гістарычнымі мясьцінамі“ — праводзячы мяне па навакольлі, ён апавядаў пра кожную мясьціну якую-небудзь гісторыю з сваёй маладосьці: маўляў, вось тут я бухаў, тут пабіўся, вось з гэтаю жыў, з гэтым служыў і г. д. З кожным годам радыюс нашых вандровак усё пашыраўся, і неўзабаве нам давялося спыняць папутныя машыны, каб дабрацца дадому — а ўжо ў наступны год і каб дабрацца да месца прызначэньня. Як толькі мы такім чынам перасягнулі арбіту дзядзькавага роднага краю, ягоныя гісторыі раптоўна скончыліся — што змусіла яго пачаць прыдумляць дзеля мяне ўсякія показкі, прывязаныя да ніколі яшчэ ня бачаных ні мною, ні ім мясьцінаў. Балазе фантазіі ў дзядзькі было нямерана. Крыху падпіўшы дзеля куражу, ён пачынаў вярзьці нейкую няўцямную для мяне мутню пра вялікае княства, белую вежу, чорную даму (па-нармальнаму — пікаў, а па-дзядзькаваму — вінаў), аль-кітабы і ўсё такое іншае. Дзеля падмацаваньня сваіх запаленых прамоваў ён пэрыядычна паказваў мне нейкія зачыненыя культавыя будынкі й разбураныя абарончыя збудаваньні, а я яму, як той дурань, і верыў.

Такім чынам, у сваім дзяцінстве я шмат дзе быў, але бадай нічога ня бачыў, апрача руінаў. Часам у мяне ўзьнікала адчуваньне, што хтосьці, здольны на адлегласьці чытаць дзядзькавы думкі, наўмысна абганяе нас на дзень-другі, каб пасьпець разваліць чарговы архітэктурны помнік акурат перад нашым прыездам. Дзядзька звычайна абяцаў паказаць мне які-небудзь казачны замак, які я ўяўляў сабе такім прыгожым, як у мульціках — а ў сапраўднасьці паказваў замест яго які-небудзь пагорак, у найлепшым выпадку — гурбу цаглінаў. Ад расчараваньня я плакаў, як малы — зрэшты, я й быў малы. Аднойчы дзядзька па сакрэце прызнаўся мне, што ўсе гэтыя зруйнаваныя помнікі ў сукупнасьці ўтвараюць нашу Радзіму. Пасьля чаго яшчэ дадаў, што я насамрэч яму ніякі не пляменьнік, бо ягоны нябожчык-брат паводле бязьлітасных каляндарных законаў прыроды ніяк ня мог быць маім бацькам, праз што й скончыў самагубствам, але нягледзячы на гэта, маўляў, ён любіць мяне як роднага сына. Абодва гэтыя адкрыцьці мяне агаломшылі, нават ня ведаю, каторае болей.

Тым часам як ад дзядзькі я даведаўся пра існаваньне Радзімы, пра існаваньне іншых краінаў мяне паінфармавалі дзед з бабцяй — хоць, праўда, і ненаўмысна. Менавіта зь іхных размоваў я пачуў загадкавы выраз „за Польшчай“ — як потым аказалася, гэтая Польшча калісьці займала ажно палову дзядзькавай, то бок нашай, Радзімы, і дзед з бабцяй у гэтай Польшчы ў маладосьці жылі. І хаця жыцьцё гэтае было, так бы мовіць, ня самым прасунутым, яны, маўляў, былі шчасьлівыя, бо былі маладыя. Гэтак я даведаўся, што шчасьліва можна жыць і ў іншых краінах, а ня толькі ў нас на Радзіме — дастаткова ўжо, каб гэтыя іншыя краіны крыху зьмясьціліся ў наш бок. Цяпер, праўда, казаў дзед, Польшча, бы той марскі прыліў, адышла ў заходнім кірунку — але я цішком верыў, што яна аднойчы абавязкова вернецца. А калі ня вернецца, то мы зь дзядзькам зьезьдзім на наступнае лета яе паглядзець. Аднак замест гэтага мяне налета аддалі ў школу.

2.

Зубр — сімвал нашай Радзімы.

Падручнік

У школе я, як і варта было чакаць, стаў вундэркіндам. Асабліва ў галіне гісторыі. Але тут у мяне й пачаліся першыя непаняткі зь дзяржаўнай адукацыйнай сыстэмай. Гэтак ужо на першым уроку спадарыня настаўніца напісала на дошцы сваім размашыстым почыркам — настолькі размашыстым, што ледзь ня вывалілася з вакна: „Наша Радзіма — Савецкі Саюз“. Я адразу ж падняў руку й сказаў, што ні пра які Савецкі Саюз я ў жыцьці ня чуў, затое дзядзька Базыль (між іншым, таксама настаўнік) казаў, што нашая Радзіма — Беларусь. Настаўніца нэрвова рагатнула і пачала даводзіць мне і ўсёй клясе, што нашая Радзіма — малая. У якасьці доказу яна разгарнула перад намі мапу. На мапе быў намаляваны такі здаравенны зубр, а на ім чатыры літары — тры „С“ і адно „Р“. „Вось гэта“, паказала настаўніца на зубровую пысу — „Беларусь. А вось гэта — усё астатняе. I называецца гэта вялікай Радзімай“. Ну й паехала разьбіраць тушу, як на плякаце ў мясным аддзеле: падламаныя пярэднія ногі зубра яна называла „Пярэдняй Азіяй“ (а дзе тады ў яго задняя азія?, думаў я), рогі — „Закарэліяй“, хрыбет — „бяскрайняй Поўначчу“, хвост — „Канчаткай“, а невялічкую гурбу, што зубр пакінуў пасьля сябе пад хвастом, — „Сахарынам“. Ужо з аднаго гэтага было ясна, што зубра ў гэтым запаведніку ня надта добра кармілі. Я папрасіў настаўніцу паказаць мне лепш на мапе Польшчу, ды спадарыня так і не змагла яе адшукаць. Затое запісала на ўсякі выпадак імя і прозьвішча дзядзькі Базыля, каб, мабыць жа, пракансультавацца зь ім у пытаньнях геаграфіі й маёй далейшай адукацыі.