Выбрать главу

6.

Панта рэі.

Геракліт

Яшчэ тыдні два нашыя з Габрусём адносіны былі досыць напружаныя й абмяжоўваліся ранішнімі й вечаровымі вітаньнямі, але гэта была хутчэй такая паказуха для чэхаў, бо меркавалася, што на сквоце ўсе мусілі быць добрымі таварышамі ды жыць у згодзе й любові, без усякіх прыватнаўласьніцкіх бзікаў. Цяпер мы зь ім бадзяліся па горадзе паасобку, а сустрэўшыся выпадкова на вуліцы рабілі выгляд, што адзін аднаго не пазнаем. Я нават паспрабаваў завесьці сабе якога-небудзь новага сябра, што з маім выглядам і вымаўленьнем было зусім ня проста, асабліва сярод такой недаверлівай да чужынцаў нацыі, як чэская. Толькі аднойчы мне ўдалося за пазыку ў сто крон (да заўтра) зьблізіцца ў бары з адным былым чэскім вязьнем, цалкам звычайным, а не палітычным, што сядзеў у тым ліку й непадалёк ад нашага лягеру ў мясьцінах, якія паводле іроніі лёсу называюцца „Чэскі рай“. Але вязень аказаўся яшчэ горшай парцянкай за Габруся, бо калі я назаўтра папрасіў яго вярнуць мне маю сотку, ён напырскаў мне ў вочы балёнчыкам і ўцёк. І гэтак са мною абыходзіліся на кожным кроку, увесь час спрабуючы падмануць: перадусім недаліць піва й недадаць грошай. Апроч беларусаў, са старых знаёмцаў мне колькі разоў шанцавала (калі так можна сказаць) сустракаць у горадзе толькі лягернікаў — аднаго мусульманіна, што цішком папіваў забаронены яму алькаголь, таго рэпера зь Нігерыі, што выгульваў па Карлавым мосьце нейкую тлустую бляндынку, а пад канец і славака Пэтэра, што заехаў у Прагу са мной разьвітацца: ягоны зламысны ёг ува ўзросьце ста пяцідзесяці гадоў урэшце памёр, таму Пэтэр мог цяпер спакойна вярнуцца дадому й стаць зь індуіста індзейцам, пра што марыў яшчэ зь дзяцінства. Напасьледак Пэтэр яшчэ распавёў мне пра лягерныя навіны: у маю адсутнасьць Гаване ўдалося-такі зьехаць да маці ў Джармэнію, Дыназаўр выйшаў замуж за нейкага казачна багатага карузьліка з Ірляндыі, латыш ні з пушчы ні з поля атрымаў палітычны прытулак, армяніна, які аказаўся стукачом, перавялі ў іншы лягер, дзе ён стаў працаваць кухарам у сталоўцы, а малдаванін, што называецца, згарэў на рабоце — быў застрэлены на нейкай дыскатэцы калегамі па бізнэсе. Што стала з Рамэо й Джульетай ды унтэр-афіцэрскай удавой, Пэтэр ня ведаў, але й яны кудысьці зь лягеру зьніклі. Гэтак я ўсьвядоміў, што з надыходам восені сяброў у мяне ў Чэхіі больш не засталося і што мне няма болей сэнсу вяртацца ня толькі ў Беларусь, але нават у лягер, бо за той час яго ўжо запоўнілі зусім іншыя, чужыя мне людзі. „Не сумуй, Платонаў“, — падбадзёрыў мяне Пэтэр, — „калі будзе зусім пагана — прыяжджай да нас у Славаччыну, у нас там таксама ўцякацкія лягеры ёсьць“. Я падзякаваў яму за такія гасьцінныя запросіны, але сам, вядома ж, нікуды рыпацца не зьбіраўся, пагатоў ува ўсходнім кірунку.

7.

Падзяляй і ўладар.

Нехта славуты

Пры канцы верасьня, адразу ж пасьля таго, як сквотэры папрасілі Габруся ўрэшце вызваліць Дашына месца для дэлегацыі сваіх аргентынскіх калегаў, мой шчасьлівы супернік зноў пачаў прасіцца ў нашую былую каморку. Пры гэтым ён кленчыў, біў сябе ў татуяваныя грудзі й кляўся сваімі дзецьмі, што ня памятае, каб калі-небудзь у жыцьці зрабіў мне нешта благое. Бачачы такое, я ня мог зь яго ня зьлітавацца й не дараваць — гэтак мы з Габрусём зноў зажылі пад зямлёю, як той казаў, душа ў душу й дупа ў дупу.