Выбрать главу

Дзеля таго, каб неяк апраўдаць перад нашымі суседзямі сваё зацяглае й цалкам бескарыснае знаходжаньне на сквоце, а перад чэскімі ўладамі — сваё знаходжаньне ў Чэхіі, час ад часу мы, як анархісты і ўцекачы, былі вымушаныя ўдзельнічаць у палітычных акцыях: як анархісцкіх, антыкапіталістычных, так беларускіх, пераважна пракапіталістычных. Большасьць акцыяў з нашым удзелам мела вялізны посьпех, перадусім дзякуючы таму, што на анархісцкія акцыі мы з Габрусём звычайна прыводзілі беларусаў, а на беларускія — анархістаў. Гэта можа гучаць неверагодна, але нам нейкім чынам удавалася знаходзіць ці хутчэй вынаходзіць кропкі судакрананьня між гэтымі дзьвюма запалярна адрознымі плынямі грамадзкай думкі. Прыкладам, на пікет ля беларускай амбасады, што мясьцілася непадалёк ад намі акупаванай вілы, мы прывялі ўвесь сквот на той падставе, што наш прэзыдэнт нядаўна недзе сказануў: „Дзяржава — гэта я!“ — таму мы, маўляў, пратэстуем супраць існаваньня беларускай дзяржавы як такой, а ня толькі супраць прэзыдэнта, што анархісты, натуральна, не маглі не падтрымаць — праз такую колькасьць удзельнікаў ажно конную паліцыю, як пры цары, выклікаць давялося. Наадварот, на анархісцкі пікет супраць адкрыцьця ў Празе чарговага „Макдональдсу" мы прыцягнулі палову беларускай суполкі, а менавіта тую, што адкалолася ў выніку Вялікай Схізмы ад салідных дзядзькаў і цётак, якім замінала „марыхуана“ — ім мы ўцёрлі акурат тое, што салідныя дзядзькі й цёткі ходзяць са сваімі дзецьмі выключна ў амэрыканскі „Макдональдс“, пагарджаючы плябейскім амэрыканскім „Кентакі Фрайд Чыкен“, што быў нашым суайчыньнікам дарагі ня меней за статую тутэйшага друкара й батаніка Скарыны. У выніку на дэманстрацыю за легалізацыю марыхуаны нашчадкі вялікага батаніка прыйшлі ўжо самі, нават бяз нашае агітацыі, і так ударна аддэманстравалі, што ў мяне стварылася адчуваньне, быццам іншай мэты іхныя ўцёкі за мяжу й ня мелі. „Не разумею, як можна дэманстраваць адначасова за марыхуану й супраць Макдональдсу“, дзівіўся Габрусь. „А калі цябе на хаўчык праб’е — ты куды пабяжыш? Да „Максіма“? Ці можа ў „Блювю?". Ня кажучы пра тое, што пасікаць задарма няма куды схадзіць, апрача Макдональдсу... Там табе й мыла, і туалетная папера — ды без Макдональдсу мы б на сквоце ўсе каростай пазарасталі! Ня кожны ж красьці ўмее, як я!“ „Нешта я, Габрусь, ня бачыў, каб ты мылам карыстаўся“. „Мала чаго ты яшчэ ня бачыў! Як я сяру, ты таксама ня бачыў — гэта ж ня значыць, што я гэтага не раблю. Хай і рэдка. Дый наагул я не за сябе, я за людзей перажываю. Не ўва ўсіх жа ад каросты імунітэт, як у мяне“.

Карацей кажучы, усю рэшту восені мы прадэманстравалі. За што мы толькі ні выступалі: за свабоду Ч’япасу, за свабоду Тыбэту, за рукі прэч ад Палестыны, за рукі прэч ад Ізраілю, за амэрыканскі радар у Чэхіі, супраць амэрыканскага радару ў Чэхіі, за санкцыі супраць Беларусі, супраць санкцыяў за Беларусь, супраць уступу ў Эўразьвяз, за вы­ступ з НАТО, супраць выступу на Эўравізіі, за выступ на Эўравізіі, супраць выступу з НАТО, за ўступ у Эўразьвяз, за эўтаназію пагалоўную, супраць эўтаназіі выбарачнай, за новую бібліятэку зь пяра Яна Капліцкага, супраць новай капліцы зь пяра Яна Бібліятэцкага, супраць атамнай энэргіі з Расеі, за атамную вайну з Расеяй, за кастрацыю гвалтаўнікоў, супраць кастрацыі парсюкоў і г. д. Сваім дэманстраваньнем мы дасягнулі толькі таго, што нашыя фатаздымкі пачалі зьяўляцца ў мясцовых і рэспубліканскіх чэскіх газэтах. Габрусь быў на сёмым небе ад шчасьця: „Ты бачыш, і тут пра мяне ў газэце напісалі!“ (У газэце, насамрэч, была толькі Габрусёва фотка з касяком у зубах.) „А што, на радзіме таксама пісалі?“ „А то! Я ж у Менску вучыўся!“ „I што пісалі?“ „Ну, як я сабе бот... то бок рот зашываў...“ „Габрусь, па-мойму, гэта быў ня ты“ . „А, праўда, ня я — бачыш, які ты зноў недалікатны... Згадаў: пра мяне пісалі, як я інтэрнат падпаліў“. „Так адкрытым тэкстам і напісалі?“ „Ну не зусім, я ж яго ананімна падпальваў... Слу-ухай, дык гэта значыць, што нам хутка „азіл“ дадуць!“ „Зь якой такой ласкі?“ „Што значыць зь якой? Ведаеш, ты на мяне не крыўдуй, але ты ну поўны ідыёт. Усе ж беларусы свае фоткі з дэманстрацый паказваюць — і ім адразу даюць. Гэта ж жывы доказ палітычнай актыўнасьці! Некаторыя нават самі сабе такія газэты друкуюць — а тут ужо, бачыш, за нас надрукавалі“. ,,Дык яны ж паказваюць фоткі зь беларускіх дэманстрацый!“ „Ну дык а гэтая што — не беларуская?“ „Не, гэтая за марыхуану, як бачыш“. „Ну, ня ведаю — на фотцы, па-мойму, адны беларусы“. „Гэтага ты лепш нікому не кажы. Сумняюся я, што табе за яе „азіл“ дадуць — глядзі каб хутчэй ня вытурылі“. „Чаму гэта?“ „А таму, што ў Беларусі трэба было дэманстраваць“. „Ты што, здурэў? У Беларусі ж за гэта й пасадзіць могуць! А тут сабе — дэманструй на здароўе...“