8.
Калі бог розум раздаваў, я цыцкі выбірала.
Прымаўка
Нягледзячы на нашую з Габрусём палітычную ангажаванасьць, на пачатку зімы чэскія сквотэры неяк падазрона часта пачалі задаваць нам пытаньне, калі мы ўжо ад іх зьедзем: маўляў, пагасьцявалі, і хопіць.
Габрусь зразумеў гэта як намінку на тое, што мы, праз нашыя сувязі зь беларускімі нацыяналістамі, сталі на сквоце непажаданымі асобамі — а як толькі зразумеў, дык нечувана абурыўся й быў гатовы сысьці адтуль хоць цяпер, разам з рэчамі, проста ў марозную сьнежаньскую ноч — маўляў, дзеля Айчыны ён гатовы на любыя пакуты. Балазе, мне ўдалося ўгаварыць старшыню сквоту па мянушцы Акела (а мо гэта была толькі мянушка ягонай нямецкай сужыцелькі-аўчаркі, ня памятаю) пакінуць нас там да заўтра, хай сабе ня ў нашым, а ў гасьцёвым пакоі, які я ў думках па-ранейшаму называў Дашыным. З гора мы з Габрусём пайшлі ў паблізны рокерскі бар і набухаліся там піва да самага закрыцьця — так бы мовіць, на дарожку й на разьвітаньне з роднаю хатай. Па дарозе назад мы на злосьць усім анархістам сьвету раўлі нацыяналістычныя песьні: я — „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“, Габрусь — усё тую ж „Купалінку“.
Тут трэба зацеміць, што ўначы на сквоце малая патрэба часта ператваралася ў вялікую праблему, асабліва калі ўва ўнітазе замярзала вада, з-за чаго прыбіральню, як і сам сквот, на ноч замыкалі — мы пра гэта ў сваім заўжды й для ўсіх адчыненым скляпеньні не падазравалі. Як толькі мы ўлегліся на тым самым сьмярдзючым двухспальным матрацы, пакрытым дзеля мяккасьці поўсьцю з аблезлых сквотэрскіх сабак, на якім яшчэ ўвосень Даша мела шанец параўнаць нашыя сэксуальныя тэхнікі, то ўсьвядомілі, што балючыя ўспаміны й колькасьць выпітага піва заснуць нам не дадуць. Асабліва наракаў Габрусь, які забыўся наведаць ачко перад сыходам з бару. Аднак тут нас ад гэтага форс-мажору нечакана і ўва ўсіх сэнсах уратавала тое, што называецца дэў-сэксмашына: спачатку аднекуль затхніла куродымам, а неўзабаве пачалі даносіцца ўстрывожаныя крыкі нашых суседзяў-анархістаў. Пачуўшы іх, мы падхапіліся (усё адно ж ня спалі) і пабеглі па лесьвіцы на апошні паверх, зірнуць, што ў іх там адбываецца. А адбывалася ўсяго толькі тое, чаго аднойчы не магло ня здарыцца: Акела заснуў з касяком у роце, гарачы попел упаў на засланую сьцягам з Чэ Гэварам падлогу, тая ўмомант занялася полымем, і неўзабаве ўжо гарэў цэлы паверх. Ува ўсё гусьцейшым дыме на сходнях пачалася паніка й штурханіна: палова анархістаў бегла нагару ратаваць свае (то бок, вядома, супольныя) рэчы, а палова — уніз, ратаваць свае жыцьці, ведаючы, што вады няма й ня будзе.
Акурат тут на авансцэну гісторыі выйшаў і паказаў сябе мужыком Габрусь. Як толькі ён убачыў пажар, то, як быў звыклы яшчэ зь дзяцінства, не раздумваючы выняў з нагавіцаў свой (калі ўжываць ягонае ўласнае слова) пісюн і прывёў яго ў адпаведнасьць з гэтаю назвай. Мы з анархістамі не маглі паверыць сваім вачам — ці то ад, як бы так сказаць па-навуковаму, нехуёвага памеру пісюна, ці то ад нечаканай Габрусёвай мужнасьці, то бок зноў-такі — ад памеру пісюна. Магутная плынь чэскага піва вырывалася з Габруся хвілінаў восем. Ашалелыя спачатку анархісты неўзабаве ачомаліся й пачалі даваць яму парады, куды лепш скіраваць шлянг, а некаторыя й самі паспрабавалі зраўняцца з Габрусём у новай для іх дысцыпліне пажарнага спорту. Аднак Габрусь цудоўна даў рады агню й бязь іхнае дапамогі — ну, хіба яшчэ я, каб не застацца ўбаку, дадаў ад сябе пару сьціплых сікаў і пукаў. Неўзабаве пажару як і не было — тым часам Габрусь усё яшчэ ня мог перастаць, праз што мусіў скіраваць апошнія струмені сваёй мачы ў вакно. У выніку адзінай пабочнай шкодай, якую прынёс сквоту пажар, стала залішняя вільгаць, а таксама лужына Габрусёвай мачы й яе смурод, але й той хутка распусьціўся ў застаялым паху мачы сабачай, што гаспадары ўжывалі замест парфумы. Гэтак Габрусь стаў героем барацьбы з капіталізмам і атрымаў ад удзячных сквотэраў у падарунак мянушку „piss artist". Што ж, дзякуй ужо за тое, што нагадваць нам пра нашае абяцаньне заўтра ж пакінуць сквот болей ніхто не наважыўся: у свой падземны пакойчык мы вярнуліся з высока ўзьнятымі галовамі.