Выбрать главу

Прачнуўшыся раніцай, я нейкі час ня мог прыгадаць, дзе й якім чынам я апынуўся — але потым агледзеўся і ўбачыў, што побач са мною (балазе на іншым ложку) сьпіць негр. Дагэтуль я бачыў неграў жыўцом усяго толькі пару разоў у менскім інтэрнацкім жыцьці, зь бясьпечнай адлегласьці — а тут гэты мурын храпеў у мяне пад самым носам. Ня ведаю, у нас у інтэрнаце дык прынамсі былі для неграў асобныя пакоі, а на некаторых прыбіральнях было так і напісана: "Фор ўайт онлі". Гэтак я адразу зразумеў, што ў гэтай іхнай Чэхіі беламу чалавеку будзе зусім ня проста, не раўнаючы ў амэрыканскай турме.

Я выйшаў на двор нэрвова пакурыць і пераканаўся, што насамрэч знаходжуся ў лягеры: пра гэта сьведчылі высокія жалезныя платы, краты й калючы дрот. Мне зрабілася непамысна. Тым часам негр прачнуўся й прыйшоў са мною знаёміцца, праз што мне давялося паціснуць яму руку. Выявілася, што ён зь Нігерыі (ціпа я дальтонік), дзе ўжо некалькі стагодзьдзяў нібыта адбываецца нейкая вайна, а сам ён, маўляў, нейкі нефіговы палітычны змагар, аўтар некалькіх рэпавых пратэст-сонгаў, якія ў іхнай Нігерыі, паводле ягоных словаў, шалёна папулярныя. Каб не застацца ў даўгу, я таксама пахваліўся яму, што я чалавек творчы, а менавіта танцор, і нават за свае народныя танцы быў аднойчы арыштаваны. Мурын нечувана зьдзівіўся: за што ўжо за што, а каб затрымлівалі за танцы, такога ў іх у Афрыцы ўявіць сабе было немагчыма. Ен пацікавіўся, зь якой гэта я такой жудасна таталітарнай краіны, і я з гонарам адказаў, што з нашай.

5.

Занімай, Беларусь маладая мая,

свой пачэсны пасад між народамі!

Купала

Як я ў той жа дзень з жахам пераканаўся, я трапіў у тыя самыя вайсковыя казармы, якіх сваім удзелам у народным ансамблі гэтак спадзяваўся пазьбегчы. Шчасьце яшчэ, што казармы былі былыя — калісьці яны належалі савецкім акупантам, а пасьля іхнага тактычнага адступленьня былі, праз адсутнасьць лепшых ідэяў, ператвораныя ўва ўцякацкі лягер. Лягер быў насамрэч фарпостам эўрапейскай імпэрыі, мяжа якой праходзіла тады яшчэ ў трыццаці кілямэтрах на поўнач ад яго: усіх, злоўленых на той мяжы, аўтаматычна накіроўвалі сюды, каб не будаваць для іх асобных гатэляў у самой Эўропе. Пасьля дробных фармальнасьцяў, такіх як здача беларускага пашпарту й падрабязны пераказ усяго, што я паведаміў вам у папярэдніх разьдзелах, то бок майго гаротнага жыцьця на Бацькаўшчыне, ну й яшчэ пасьля праверкі на вашывасьць, СНІД ды іншыя брыдоты (якіх у мяне не было), з карантыннай клеткі, у якой я пераспаў яшчэ колькі начэй, мяне выпусьцілі ў вальер — то бок у зону адносна вольнага перамяшчэньня, абмежаваную лягерным плотам (ужо бяз дроту). На зоне стаяла некалькі аднапавярховых баракаў і адзін пяціпавярховы цагляны дом, дзе раней жылі савецкія афіцэры, а цяпер — блатныя, але ня зэкі (тыя акурат жылі ў бараках), а сямейнікі. Я інстынктыўна ламануўся да дому, бо рыхтык у такім марыў жыць ад самага пачатку да самага канца жыцьця (на вёсцы ён лічыўся б шматпавярховікам, а я так і хацеў — каб на вёсцы, толькі па-гарадзкому), аднак мяне своечасова прытрымалі й пацягнулі ў барак. Там ужо мяне не чакала нічога новага: барак быў падзелены на дзясятак-тузін пакояў, у якіх жылі па тры-чатыры чалавекі, ну проста як у нашым інтэрнаце, з той толькі сумнай розьніцай, што тут былі адны мужыкі — для самотных жанчын быў прадугледжаны асобны барак з браніраванымі дзьвярыма, які амаль увесь час пуставаў, бо самотныя жанчыны ў лягер чамусьці ня надта імкнуліся, нягледзячы на дзьверы. Выхавацелька (так афіцыйна называлася ейная пасада, хаця паводле ўзроўню штодзённай небясьпекі больш адпаведна было б параўнаць яе з дрэсіроўшчыцай) за ручку завяла мяне ў пакой і пазнаёміла зь дзецьмі, якія былі ў сярэднім гадоў на дзесяць за мяне старэйшыя: армянінам, малдаванінам і латышом. Я адразу адчуў сябе, як у Артэку, дзе дагэтуль ніколі ня быў. Вось ён, парадокс: імкнучыся ўцячы ад постсавецкага грамадзтва, я трапіў у самы што ні ёсьць яго эпіцэнтар.