Выбрать главу

Ува ўсіх згаданых асобах я тут жа распазнаў роднасную сабе душу (як і наадварот), і мы, натуральна, засябравалі. 3 Гаванай мяне яднала ня толькі, так бы мовіць, сірочая доля, але перадусім любоў да Леніна — гэтак ён называў гатунак бутэлечнага піва, якое прадавалася ў найбліжэйшай да лягера краме, куды нас раз на дзень адпускалі пасьля абеду. На піўным цэтліку быў выяўлены гістарычны заснавальнік бровара з куфлем свайго ўлюбёнага пітва: лысы, з бародкай і хітравата прымружанымі, знаёмымі нам абодвум яшчэ зь піянэрскага дзяцінства вачыма — нішто ў ім не выдавала капіталіста й эксплюататара. „Скажыце, калі ласка, а ў вас ёсьць Ленін у Разьліве?“ — гэта была першая чэская фраза, якую мы з Гаванам вывучылі й тут жа забылі, бо Ленін у краме быў толькі бутэлечны. Апрача гэтага Гавана быў ці не чэмпіёнам Кубы ў настольным тэнісе й імкнуўся зрабіць усё магчымае, каб выхаваць ува мне свайго наступніка. 3 славакам Пэтэрам, у сваю чаргу, мы гулялі найчасьцей у шахматы (правілы ў якіх аказаліся зусім іншыя, чым у шашках) — як у кожным прыстойным летніку, недахопу ў на­стольных гульнях не было й тут. У дадатак Пэтэр быў вялікім знаўцам ня толькі індыйскай, але й расейскай культуры (прынамсі, у параўнаньні са мною) і нават любоўна называў мяне „Платонавым“. Дзякуючы яму ў мяне значна палепшылася як чэхаславацкая, так і беларасейская мова — настолькі, што я мог дазволіць сабе запісацца ў лягерную бібліятэку й атрымаць пасьведчаньне чытача нумар два (нумарам адзін быў сам Пэтэр). 3 Дыназаўрам я сябраваў збольшага таму, што зь ім сябраваў Пэтэр і варагавалі астатнія. Што да расейскай пары каханкаў, дык тая наагул мяне фактычна ўсынавіла, і на працягу ўсяе лягернай зьмены я карыстаўся тым, што яны жылі ў пяціпавярховым доме — гэта значыць, перадусім зь іхным асобным, некалі афіцэрскім душам. Такога, мушу сказаць, нават у нашым менскім інтэрнаце не было! — а нічога большага я ад жыцьця й не патрабаваў: абы не было, як у менскім інтэрнаце.

7.

Arbeit macht frei.

Молатаў-Рыбэнтроп

Было б, вядома, грубай памылкай параўноўваць наш уцякацкі лягер зь лягерам працоўным — працаваць нам было наадварот забаронена: нашым абавязкам перад гасьціннай Чэхіяй было ціха сядзець і чакаць ейнага выраку над нашымі блытанымі лёсамі. Праз гэта мы пакутавалі ня толькі ад першай паводле распаўсюджанасьці ў сьвеце хваробы (нудоты), але і ад другой (адсутнасьці грошай). Атрымліваная намі раз на месяц сацыяльная выплата была ў эквіваленце роўная дзесяці пачкам цыгарэт, да таго ж нас яе пэрыядычна за ўсякія дробныя правіны (кшталту пералазваньня плоту ў непрызначаным для гэтага месцы або незьняцьця кепкі перад аўчаркай некага з ахоўнікаў ці наадварот за зьняцьцё кепкі з самога ахоўніка — паспрабуй гэтыя іхныя правілы зразумей) пазбаўлялі. Таму ўсімі праўдамі й няпраўдамі мы спрабавалі знайсьці сабе нейкі непрыкметны занятак, што мог бы нам прынесьці нейкую прыкметную матэрыяльную выгаду. Ня ўсе ж мелі шчасьце гандляваць перададзенай з „волі“ травой, як якія-небудзь альбанцы, афганцы ці сэнэгальцы.