На другі дзень у нашым класе замест арыфметыкі была зноў фізкультура. Была яна і на трэці… Міналі дні — ужо ў нашай школе ўставілі падвойныя рамы, ужо мы з мамаю на агародзе высеклі капусту, заклалі кастрыцаю падаконне, ужо раніцаю скрозь на і стрэхах шарэў марозік, шэрхла і цвярдзела зямля на дарогах — усе чакалі зімы, і да нас прыйшла выкладаць арыфметыку хімічка з сёмага класа — Чаславы Карлаўны не было.
Ужо аднойчы за акном марудна сыпаўся густы снег — у класе стала цёмна. Мы ўсё прыўставалі і глядзелі ў акно і не маглі дачакацца перапынку. I беглі ўсе на двор, дзе ляжаў сыры снег і крохка хрумсцеў пад нагамі, дзе ўжо мільгалі снежкі і цяжка гупалі ў дашчаты ганак, пакуль нехта не рассадзіў акно, пакуль не выбег той самы пануры вартаўнік, перавярнуўшы ў руках памяло. А Часлава Карлаўна ўсё не прыходзіла ў школу.
Я стаў адчуваць адзіноту, сумную шэрасць апошніх дзён восені і нейкую невыразную тугу, што Часлава Карлаўна не прыйдзе ніколі, хоць хімічка казала, што Часлава Карлаўна хутка выздаравее, што з бальніцы ўжо выйшаў яе сын, — але мне невядома чаму не верылася, і я думаў, што Часлава Карлаўна ніколі не будзе ведаць, што я яе любіў і што яна для мяне была самаю прыгожаю на свеце. А можа, і добра, што яна не дазнаецца пра гэта і ёй не будзе сорамна, як бывае мне, калі я думаю пра яе і ад сораму аж заплюшчваю вочы. Але мне хораша ад гэтых думак, асабліва раніцай, калі я адкрываю вочы і раптам успамінаю яе — і гляджу ў яснае акно, уяўляючы новы дзень, блізкасць зімы, празрыстага марозу, зыркага, пякучага снегу, сініх ценеў на снезе і зноў яе — Чаславу Карлаўну.
У школу Часлава Карлаўна прыйшла на трэцім тыдні: ужо была зіма, за акном сцішна і роўна калыхаліся сосны, ахапкамі з галля сыпаўся пухкі снег, церушыўся на ветры, калюча мігцелі на сонцы драбнюткія сняжынкі, бязважка плылі ў нашыя вокны і прыставалі да шкла. А Часлава Карлаўна глядзела недзе туды за вокны на сінявата-ясны дзень, на косае, разарванае на лапікі сонца, што калыхалася на сцяне ля дошкі, і раптам сціхала і пачынала зноў гаварыць нямоцным, ціхім голасам, і ёй, мусіць, было цяжка.
На трэцім тыдні прыйшоў у школу яе сын. З забінтаванаю, падвязанаю леваю рукою ён хадзіў па калідоры, вочы ў яго раз’ятрана блішчалі, за ім цугам цягнуліся дзеці, а поруч з ім хадзіў Капейка, лісліва яму ўсміхаўся і адпіхаў дзяцей. А я патаемна ўсё цікаваў за ім, за сынам Чаславы Карлаўны, і невядома чаму стараніўся яго.
А раз я стаяў на ганку. Была раніца, было адлежна: са страхі мякка капала ў рыхлы снег празрыстая вада, на страсе недзе на коміне валтузіліся і крычалі галкі, біліся дзеці ў мокрыя снежкі, знарок прытворна, як дарослыя, пішчалі дзяўчаткі і, засланяючы твар локцямі, уцякалі ў школу. Іх гнаў сын Чаславы Карлаўны. Расчырванелы, задыханы, ён спыніўся на ганку, сцягнуў з галавы ўсю ў снезе вушанку з бліскучаю кукардаю, абабіў вушанку аб калена, набычыўся і спытаў у мяне:
— Ты чаго ўставіўся?..
Я, мусіць, зачырванеўся і пастараніўся, каб уступіць яму дарогу, але ён падставіў падножку, я слізгануўся і, ускінуўшы рукі, расцягнуўся тут жа на парозе.
Каля нас ужо сабраліся і рагаталі дзеці. Я ўстаў, адчуваючы нейкі раптоўны глухі звон у вушах, а ў вачах у мяне, мусіць, ужо дрыжалі слёзы.
— Стой! — сын Чаславы Карлаўны дыхнуў адкрытым ротам мне ў твар.
Я пхнуў яго ў грудзі. Сын Чаславы Карлаўны хапіўся рукою за ашаляваны вугал ганка, хацеў яшчэ ўстояць на нагах, але аступіўся і неяк бокам, забінтаванаю падвязанаю рукою паляцеў з высокага ганка. З галавы ў яго звалілася і пакацілася аж пад капеж вайсковая вушанка з бліскучаю кукардаю.
Пачуўся раптоўны крык. Я ўбачыў, як з весніцаў ужо сюды, коўзаючыся на слізкай зледзянелай сцежцы, бегла Часлава Карлаўна.
Ад страху і нечаканасці ў мяне закацілася сэрца.
Сын Чаславы Карлаўны ўжо ўстаў і круціўся на адным месцы, шукаючы сваю шапку.
— Вось, сынок, вось. — Часлава Карлаўна падняла шапку, рукі ў яе дрыжалі. — Ты не пабіўся, не? Хто ж гэта цябе?
Яна стаяла белая, нейкая раптоўна збянтэжаная.
— Ён, — паказаў на мяне яе сын, не паднімаючы вачэй: яму, пэўна, было брыдка.
— Ну, хадзем, ты не лепшы… — Яна тузанула яго за руку і бокам прайшла каля мяне.
Зусім блізка, моўчкі — за ёю віўся лёгкі і светлы пах духоў.
Я стаяў, адчуваючы нейкую невядомую для сябе віну, сорам, брыдкасць — усё разам.
Празвінеў званок. I гэтаксама мы чакалі Чаславу Карлаўну — а яна ўвайшла ў клас таксама прыгожа і чыста адзетая, і гэтак павольна калыхаліся яе цяжкія завушніцы, лавілі каля пляча сонца, але яго не было.