Выбрать главу

ВАЛЯНЦІН БЛАКІТ

Хто ў пятніцу скача —

той у нядзелю плача…

(Народнае павер’е)

I

Непрыкметна насоўваўся вечар. Хоць аб тым, што насоўваецца вечар, можна было толькі здагадвацца, бо ўвесь дзень быў як вечар. I сёння, і ўчора, і пазаўчора, і тыдзень назад. Падобна было, што свінцовая восеньская хмара цяжка лягла на зямлю, заблыталася ў пачарнелых вершалінах дрэў, чакае ветру, каб зрушыў з месца, падняў, пагнаў далей на ўсход ці поўдзень, пакуль сцяной непрыступнай не стануць на шляху горы, дзе заклубіць па цяснінах, пацягнецца да пакрытых снежнымі шапкамі вяршынь, каб супыніцца, легчы на зіму снегам, а летам — напаіць бурлівыя горныя ручаіны. Андрэй не раз назіраў на Каўказе, як сутыкаюцца хмары і горы, і яго заўжды ўражвала, захапляла, выклікаючы нейкае надсвядомае хваляванне, гэтае велічнае відовішча магутных неўтаймаваных сіл прыроды… А ўніже стомлена стогне ласкавае сіняе мора… Падумаў, што там недзе яшчэ цёпла, толькі канчаецца тлумны курортны сезон…

Тужліва глядзеў у запырсканае гразёю і дробнымі кропелькамі вільгаці акно, і не хацелася верыць, што недзе ёсць цяпло, сіняе мора. За акном мільгалі панылыя мокрыя дрэвы, панура-чорныя тэлеграфныя слупы, і не мог прыпомніць, калі апошні раз было сонца, нават засумняваўся, ці ўвогуле яно было летась… Манатонна і роўна вурчэў матор, колы шапацелі па вільготным асфальце, навяваючы нуду і трывогу…

Заплюшчыў вочы, уявіў, што ён не ў аўтобусе, а ў самалёце… Разгон, адрываюцца ад узлётнай паласы, сталёвая махіна набірае вышыню, уразаецца ў тоўшчу хмар, вось-вось вырвецца ў бледнаватую сінь, па салоне заскачуць вясёлыя сонечныя зайчыкі… Адкрыў вочы — стала яшчэ больш змрочна і панура.

Яго стаміла і дарога, і гэты бясконцы, нудны прыцемак, і — асабліва сусед, які ўжо добрую гадзіну храпе пад вухам. Напачатку, калі сусед нарэшце закляваў носам, узрадаваўся — не будзе назаляць нікчэмнай балбатнёй, а цяпер з прыкрасцю думаў: хай бы ўжо лепш балабоніў, чым выводзіць свае рулады!

Суседава галава ў палінялай, прапахлай мазутай шапцы ўвесь час хілілася, спаўзала на плячо, і Андрэй з непрыяззю, не надта цырымонячыся, адштурхоўваў яе. Але не праходзіла і хвіліны, як абмяклы, бы мех, сусед зноў і зноў апаўзаў на плячо, і нейкі злы, грэблівы голас пад’юджваў штурхануць яго так, каб паляцеў аж на праход.

Во паслаў бог спадарожніка!

Суседава галава, працяжны, з пералівамі храп заміналі думаць, выклікалі ледзь не шаленства. Хоць, калі шчыра, вядома ж, прычына не ў суседзе. У дарозе заўсёды думаецца кепска: пачынаеш пра адно — лезе другое, трэцяе, чацвёртае. Нейкі гармідар думак у галаве, ні на адной не засяродзішся. Асабліва — калі нехта ёсць побач. Нават калі гэта вусім незнаёмы, маўклівы як рыба чалавек. I дзіву даешся, як гэта некалі мог працаваць у агульным кабінеце, дзе стукала машынка, бесперапынку званіў тэлефон, нехта да некага прыходзіў, нехта з некім спрачаўся, часта даволі шумна і нервова. А між тым, думалася, пісалася. Яшчэ як пісалася! Аж не верыцца…

Сутонне гусцела з кожнай хвілінай, мякка ахутвала зямлю. У аўтобусе засталося чалавек дзесяць — не болей. Сышоў і сусед, развітаўшыся, зычачы шчаслівага шляху. Андрэй уздыхнуў з палёгкаю, зручней усеўшыся пасярод сядзення — не дай бог зноў каму ўзбрыдзе ў галаву жаданне прысуседзіцца, пагаманіць…

Мяркуючы па часе, ехаць засталося нядоўга — недзе каля гадзіны. Хацелася, каб хутчэй ужо скончылася гэта дакучлівая дарога, разам з тым спакваля стала падкрадвацца нейкае здрадлівае ваганне, як перад уваходам у стаматалагічны кабінет: сядзіш, нудзішся, дачакацца не можаш, калі ж нарэшце падыдзе твая чарга, а як падыходзіць — апаноўвае страх, узнікае жаданне прапусціць некага…

Аўтобус, які дагэтуль пхнуўся, як чарапаха, ні з сяго ні з таго, здалося, пажвавеў, пабег шпарчэй. Захацелася, каб ён не спяшаўся, мо нават сапсаваўся. Што чакае яго ў тым гарадку? Што згубіў там, уласна кажучы?.. Наслухаўся Саўчуковых баек — і папёр курам на смех… Канечне ж, усё гэта несур’ёзна, наіўна, легкадумства нейкае…

Рашуча адагнаў гэтыя здрадлівыя думкі, загадаў сабе: гэта — сур’ёзна, вельмі сур’ёзна! Аднак, мусіць, заўсёды загадваць куды прасцей, чым падначальвацца загадам. Страхавітае пачуццё і не думала аціхаць, наадварот — з кожнай хвілінай узмацнялася, а здрадлівыя думкі, якія адганяў, лезлі, як назойлівыя восы, і ўжо сіл не ставала змагацца з імі…

Астатак дарогі прабег незаўважана, і, калі аўтобус спыніўся, шафёр абвясціў назву гарадка, ён аж уздрыгнуў ад нечаканасці. Тым больш — не было відно ніякага гарадка. Мо недачуў? Мо памылка? Пэўна, нейкая памылка… Занепакоена перапытаў у вадзіцеля…