Не, шафёр не памыліўся. Гэта на самай справе быў яго прыпынак. Нерашуча патупаўшы непаслухмянымі, здранцвелымі нагамі, ступіў, як у ледзяную ваду, у стылую, воглую восеньскую ноч…
На дварэ было цёмна і золка. Пад нагамі хлюпала раскіслая мокрадзь. Воддаль справа віднеўся аўтавакзал — нейкі нежылы, пусты, з цьмяна падсвечанымі вокнамі. Пацягнула назад у аўтобус, але ў той жа момант зачыніліся дзверы, зароў матор, і, абдаўшы дызельным смуродам, машына рушыла з месца. Міжволі памкнуўся дагнаць, спыніць, але адумаўся: здурэў, ці што?!
Аўтобус аддаляўся, раствараючыся ў начы. Андрэй самотным, тужлівым позіркам праводзіў жвавыя чырвоныя агеньчыкі, і ў душы было адчуванне, быццам абрываецца нейкая апошняя нітачка. Ён толкам не ведаў, не разумеў, што гэта за нітачка, з чым яна яго звязвае. Проста нечага было шкада, шкада да болю, да слёз, да спазмы ў горле…
Кволы, ледзь прыкметны агеньчык нарэшце знік за паваротам, і стала цёмна, ціха, так ціха, што чуваць было, як шапаціць воглая імжа ды б’ецца ўласнае сэрца.
Агледзеўся, прыкідваючы, што да чаго. Аўтавакзал, па ўсім відно, знаходзіцца трохі ў баку ад горада, ва ўсякім разе — на самай ускраіне, ля магістралі, што прайшла ў абход ці ўпрытык.
У чакальнай зале было пуста і халодна, як у склепе, і гэтак збрыднелы за дарогу аўтобус з крыху чадлівай цеплынёй, казённай утульнасцю прыгадаўся як немаведамая раскоша. Матавыя плафоны з нежывымі мухамі і казюркамі свяцілі цьмяна і трохі злавесна, а чатыры рады адшліфаваных да бляску лавак, здавалася, крычаць сваёй пустатой, сіратлівасцю і непатрэбнасцю.
Разгублена патупаўся пасярод, машынальна падышоў да акенца-амбразуркі з надпісам «каса», пастукаў у драўляны шчыток. Ніхто не азываўся.
— Гражданін, што вы хацелі?
Андрэй уздрыгнуў ад нечаканасці, павярнуўся на голас. Ззаду стаяла бабулька ў цёплай хустцы, у валёнках з галёшамі, дапытліва, нават падазрона глядзела на яго. Падзівіўся: адкуль яна ўзялася? Бы з неба звалілася, бы з-пад зямлі вынырнула. Падобна — вартаўніца. I знайшлі ж вартаўніка! Ды дзьмухні толькі на гэты божы адуванчык…
— А што, ужо нікога няма?
- А каго вам трэба? — мякка, хітравата запыталася бабулька, і за гэтай хітраватасцю няцяжка было бачыць, хаваецца насцярога.
— Ну-у, дыспетчара, касіра, напрыклад…
— Ды што ж гэта ты, чалавеча: робяць то яны да дванаццаці, а цяперака — дзве гадзіны ночы… Вунь напісана…
— А-а-а…— каб не маўчаць, расчаравана працягнуў ён і запытаў, як дабрацца да горада.
— А тут недалечку…— асмялела бабулька, шматслоўна і бесталкова тлумачачы, як трапіць у цэнтр, неўпрыкмет выманьвала яго на вуліцу.
Андрэю было смешна з яе наіўных хітрыкаў, толкам так і не выведаўшы, дзе паварочваць улева, дзе — управа, махнуў рукою і пабрыў, дзе свяціліся агні: падумаеш, Рыо-дэ-Жанейра!
Праз метраў трыста сышоў з асфальту, узяў управа, на вулачку, уздоўж якой дзе-нідзе на слупах матляліся бляшаныя ліхтары. Гэтыя ліхтары былі горш за поцемак: да поцемку прывыкаеш, што-кольвек відно, а тут — то слепіць, то беспрасветная цемрадзь, аж рэжа ўваччу, ідзеш навобмацак.
Ногі прамоклі, у чаравіках хлюпала. Асабліва — у левым, як знячэўку ўсунуўся ў нейкую яміну-выбоіну. Джынсавая штаніна намокла, шорхала, як бляшаная. Падумаў тужліва: а ці хоць ёсць у гасцініцы цёплая вада, каб збольшага адмыцца? Хм, захацеў цёплай вады ў райцэнтры… Месца б знайшлося! Глядзі, чаго добрага, пакажуць ад варот паварот, патэпаеш на аўтавакзал калець да раніцы, і то яшчэ, калі бабулька, той божы адуванчык, дазволіць.
Разбірала злосць, скіраваная невядома на што, невядома на каго, больш за ўсё, здаецца, на самога сябе. Чаго сунуўся не пазваніўшы, не заказаўшы гасцініцу? Мо чакаў сустрэчы з аркестрам, хлебам-соллю… Мо думаў, увесь горад высыпле з кветкамі і крыкамі «ўра»? Мо спадзяваўся, што пададуць к аўтавакзалу рэдакцыйны «уазік» са знятым з такой нагоды тэнтам, і будзе, стоячы ўпоруч з рэдактарам, вітаць ленаватым помахам рукі натоўп ашчасліўленых падпісчыкаў райгазеты…
Даўно ён так не здзекаваўся з сябе, і ў гэтым самалупцаванні адчуваў ледзь не асалоду. Во так табе і трэба, прыгаворваў, во так табе і трэба, дурань лапавухі! Як яшчэ цябе такога зямля носіць! I — о насланне! Бы знарок наклікаў бяду на сваю галаву: раптоўна глеба паплыла пад нагамі, не паспеў і вокам міргнуць, як улез па калені ў лужыну.
Ахапіў шалёны, пакуль што бязадрасны гнеў, але ў тую ж хвіліну ў памяці ўзнік Саўчук — і гэты сляпы гнеў імгненна хлынуў на яго, бы не хто іншы, а менавіта Саўчук падсунуў яму гэтую праклятую яміну, заманіў у пастку, бы не ён сам, а Саўчук вінаваты, што загадзя не заказаў гасцініцу. Злосць муціла свядомасць, зларадна думаў пра Саўчука: во дзеяч! Другі маўчаў бы, прыкусіўшы язык, а гэты: я, я, я!.. Бачыце, ён быў прынцыповы, бачыце, ён выступаў востра, бачыце, ён рабіў газету, як лялечку!.. Відно, які быў прынцыповы! Каб ты так жыў, як выступаў востра! Дыфірамбы пеў начальству — во і ўся прынцыповасць твая! Каб паказваў прынцыповаць, выступаў востра — нябось, не ўраслі б так гразёю. Хоць ямы пазасыпалі б пасярод дарогі. Шарахнуў бы фельетончыкам — навялі б парадак… Не фельетоны, а хвалебныя нарысы папісваў. Хэ, шарахні фельетончык — значыць, на ражон з мясцовым начальствам. Каб лез на ражон з начальствам — дулю б так вылузаўся! Яны, Саўчукі, толькі на словах, дзеля паказухі толькі смелыя і прынцыповыя. А калупніся глыбей — звычайныя падхалімы і чынадралы…