Выбрать главу

— Таварыш…

— Стаяць! Ні з месца! — напята загадаў міліцыянер.— Вы акружаны! — I каб не заставалася сумнення, клікнуў: — Санька, давай!

Збоку затрашчалі кусты, цераз плот пераваліўся яшчэ адзін у міліцэйскай форме — невысокі, поўны.

— Ну, што-о? Папаўся, гусь? — зларадна зарагатаў Санька, настаўляючы пісталет.— Рукі!

— Вы-ы-ы што…— закалаціла Андрэя: а калі гэта ніякія не міліцыянеры, а пераапранутыя… Ды не, быць таго не можа…— Вы-ы што…

— Рукі! — уладна паўтарыў свой загад Санька.

— Тавары-ш-шы, ды-ы вы…

— Рукі-і-і! — з надрывам гаркнуў Санька.— Знайшоўся мне таварыш…

Андрэй яшчэ не зусім разумеў, што адбываецца, адчуваў толькі, што ўліп у нейкую недарэчную гісторыю, ды ведаў: калі не падначаліцца, заўпарціцца, палезе ў бутэльку — гэтая анекдатычная гісторыя можа для яго кепска скончыцца… Паставіў сакваяж, узняў рукі.

— Во так, грамадзянін Шушаль! — пахваліў Санька, лоўка падхопліваючы сакваяж. Наблізіўся, трымаючы нагатове пісталет, леваю рукою ўладна абмацаў зверху кішэні і, нічога падазронага не знайшоўшы, трохі расчаравана запатрабаваў: — Дакументы?!

Здагадаўся, што яго прынялі за нейкага Шушаля, на душы палягчэла: ну во зараз усё і высветліцца! 3 бакавой кішэні дастаў карэспандэнцкае пасведчанне, пераможна працягнуў Саньку:

— Калі ласка…

Спачатку Санька, потым старэйшы ўнікліва вывучалі фотакартку, пячатку, падсвечваючы ліхтарыкамі. Потым яркае святло ўдарыла ў твар, асляпіла. Машынальна закрыў вочы рукамі.

— Ста-я-яць! — раздражнёна загадаў Санька, свецячы ліхтарыкам то ў анфас, то ў профіль.

— Ён! Шушаль! заключыў старэйшы.— Дакумент крадзены, падроблены, і, трэба сказаць, прафесійна…

— Вы што, аслеплі?! — абурыўся Андрэй.— Не бачыце…

— Бачым, бачым! — здзекліва супакоіў старэйшы.— Прасцячкоў шукайце ў іншым месцы, грамадзянін Шушаль… Не на тых нарваўся…

— Ды вы што?! Я Чарапіца, карэспандэнт…— спрабаваў нешта даказаць Андрэй.

— Ладна, ладна, ведаем такіх карэспандэнтаў…— хіхікнуў Санька.— Думаў, па лычы не пазнаюць? Пайшлі!

— Куды? — не зразумеў Андрэй.— Мне трэба ў гасцініцу…

— Будзе табе гасцініца, люксовая…— нядобра зарагатаў Санька, падштурхоўваючы: — Патэпалі, патэпалі!..

Яшчэ ніколі яго так жорстка не абражалі, ніколі яшчэ не адчуваў сябе такім бездапаможным, вартым жалю, ніколі ўявіць сабе не мог, што значыць апынуцца ў становішчы, калі ўсе твае доказы і пратэсты — нішто, калі верх бярэ не розум, не элементарная логіка, а тваю волю ломяць голай, прымітыўнай фізічнай сілай, і ты змушаны, у цябе нічога не застаецца апроч таго, што паслухмяна падпарадкоўвацца гэтай неразумнай грубай сіле…

Прайшлі метраў трыста па вуліцы, затым звярнулі ў нейкі завулак, на дзіва чысты і асветлены. Старэйшы рухаўся метры тры наперад, Санька з пісталетам прыкрываў ззаду. 3 закінутымі назад рукамі плёўся паміж міліцыянерамі, і было, бадай, толькі адно суцяшэнне, што горад бязлюдны, ніхто не бачыць яго ганьбы і сораму. Вядуць, канечне ж, у міліцыю. Куды ж яшчэ? А там нехта разумнейшы ўмомант разбярэцца… Але ж уліп! Анекдот… Зрэшты, гэта яшчэ відно будзе, хто ўліп, для каго ўсё скончыцца камедыяй, для каго — трагедыяй…

Хвілін дзесяць брылі па завулку, потым трапілі ў двор з высокімі шчыльнымі платамі, уперліся ў прыземісты, нізкі шлакаблочны хлеў. Старэйшы грукнуў масіўнай засаўкай, адчыніў дзверы, прапанаваў:

— Заходзь!

— Што-о, куды-ы?..— разгубіўся Андрэй і не паспеў сцяміць, як за ім грукнула засаўка.

Ударыла застаялай сырасцю, едкім тытунёвым перагарам. Агледзеўся. То была досыць прасторная аборына. Зверху з-пад каўпакоў свяцілі дзве слабыя лямпачкі, і іх рэдзенькае святло ледзьве высвечвала двухпавярховыя нары. Пад самай столлю чарнелі тры невялічкія, як амбразуркі, акенцы, перакрэсленыя жалезнымі арматурнымі прутамі. Здагадаўся: альбо камера папярэдняга зняволення, альбо выцвярэзнік. I зноў стаў падымацца, закіпаць на нейкі час прыглушаны гнеў: што яны дазваляюць сабе?! Ідыяты-ы-ызм!.. Гнеў нарастаў, як лавіна, муціў разважлівасць і розум. Не памятаючы сябе, ачмурэла кінуўся на масіўныя дзверы, з усяе сілы, не адчуваючы болю, калаціў кулакамі:

— Адч-чы-ы-ыняйце!

Ззаду пачуўся рогат:

— А ты галавою, галавою папробуй! Гы-ы-гы-гы-ы…

Азвярэла крутануўся на голас, гатовы абараняцца і атакаваць.

3 нараў моўчкі свідравалі яго чатыры пары насмешлівых і цікаўных вачэй.

— Ну, прывет, друг! Чаго распетушыўся? — азваўся нарэшце прастуджаны барытон, і з другога паверха ляніва споўз мажны дзяцюк з няголеным тварам.— Надоўга?.. Зрэшты, ат! — махнуў рукою.— Не ведаеш… Свежанькі, як агурэчык…