Выбрать главу

— Ды што я!..— махнуў рукою дзядзька.— Ён не такіх, як я, пераплюне. Яму мо наканавана… Ды ты ведаеш, галава садовая, што яму наканавана?! Усю нашу фамілію праславіць на векі вечныя!

— Каб гэта ж твае словы ды богу ў вушы…

— На бога спадзявайся, а сам не агінайся! Во закончыць дзесяцігодку — і прамою дарогай ва універсітэт, на журналістыку…

— А я думала: хай як-кольвек васьмігодку даб’е ды прыстроіць на ветырынара. Ты думаеш, лепей у гэтыя… пісацелі?

— От жа дурная баба! — аж зазлаваў дзядзька.— У хлопца талент, можна сказаць, божы дар, а яна — ветыры-ына-ар…

— А ці яшчэ возьмуць у тыя універсіцеты? — усё яшчэ сумнявалася маці.— Вунь Сымонаў хлопец і Янукова дзеўчына на адны пяцёркі вучыліся, а з чым паехалі — з тым і вярнуліся. Думаеш, для тых універсіцетаў сынкоў і дачок вучоных мала?

— Сынкоў і дачок то хапае, во талентаў небагата — гэта факт. Талент, браце мой, пасярод прафесарскіх сынкоў не размяркоўваецца, ён — больш у народзе, і штука рэдкая, на вагу золата…

— То мо яшчэ прападзе той, як ты кажаш, талент, пакуль паступаць? Як ты думаеш, можа прапасці? А то можна і тут згубіць, і там не знайсці. Я ж не вораг свайму дзіцяці, хочацца, каб лепей. А раптам і ўпраўду прападзе гэты талент?

— Спрыяць трэба — тады не прападзе!

— А як жа мы спрыяць будзем, калі ў гэтым — што баран у бібліі?..

Андрэй стаяў збоку, паглядваў ваўчком. Яму падабалася, што казаў дзядзька, стаў падабацца і сам дзядзька, якога чамусьці неўзлюбіў з першага ж дня прыезду.

Гэты эпізод назаўсёды запаў у памяць, урэзаўся больш ярка, чым нават прысланая неўзабаве дзядзькам газета з заметкай пра яго, Андрэевы, фенаменальныя здольнасці да паэзіі. У заметцы былі нават яго вершаваныя радкі, у тым ліку пра дзядзькаў нос рабы і пра дуб. I называліся загадкава — «экспромты». Ніхто не ведаў, што гэта такое, таму гучала таемна, загадкава, важка.

Заметку прачытала ўся вёска, усе охалі ды ахалі. Імгненна зрабіўся знакамітасцю. А знакамітасці, як вядома, заўсёды шмат што даруецца. Напрыклад, выбрыкі, за якія яшчэ нядаўна бедныя былі б вушы. Ён хутка ўсёк гэта і выкарыстоўваў, дзе толькі мог. Трэба нешта рабіць па гаспадарцы — сядаў пісаць экспромты альбо ўтыркваўся ў бібліятэчную кнігу і ведаў: ніхто не пасмее замінаць, а пасвіць карову змусяць старэйшую сястру, як бы яна ні ўпарцілася.

3 дзядзькавага пісьма ведаў, што вершы трэба пасылаць у рэдакцыі, нават былі напісаны адрасы, куды варта пасылаць. Сабраў штук дваццаць і паслаў. Нават сам не паверыў, калі неўзабаве ўбачыў два надрукаванымі. Адзін — пра Першамай, другі — пра школу. Праўда, ад таго, што пісаў, мала што засталося, але пад вершамі стаяла яго прозвішча і, каб ніхто не сумняваўся — дробненькімі літаркамі назва вёскі, раёна, школы. Канечне ж, быў на сёмым небе, асабліва калі сам дырэктар школы пахваліў, пры ўсіх сказаў: ты, Чарапіца, праславіў нашу школу, каб не ты — пэўна, ніхто пра яе і не ведаў бы…

Нават бацька, які даволі скептычна глядзеў на яго занятак, і той пасля гэтага паверыў.

— А складна, дальбог, складна! — круціў галавою ён, услых чытаючы газету.— Няўжо сам? Пачытай, што яшчэ накрэмзаў.

Усцешаны такою ўвагай, дастаў тоўсты сшытак, куды ўпісваў штодня па пяць-шэсць новых вершаў, трохі напята стаў чытаць адзін за другім. Бацька слухаў уважліва, сям-там моршчыўся, але ўхваліў:

— Малайчына!

— А што ж я казала! — пераможна свяцілася маці.

— Хі-хі-хі…— здзекліва ўсунулася сястра.— Дзе гэта ён бачыў зялёныя каровы?

— Маўчы, доўбня! — сыкнула на яе маці.— Шмат ты панімаеш!..

Яму падабалася, калі абсякалі сястру, бо недалюбліваў яе. Мусіць, за тое, што вечна лезла са сваімі кепікамі, скарыстоўвала любую зачэпку, каб пасмяяцца, паздзекавацца з яго вершаў. То выкрадзе сшытак, назнаходзіць памылак, улепіць тлустага «кала», як немаведама якая настаўніца, то ўслых прачытае сяброўкам не дужа прыемнае пісьмо з рэдакцыі. Гэта заўжды злавала, налятаў, як раз’юшаны певень, шпурляў у яе, што толькі трапляла пад руку. Але як ні хаваў запаветны сшытак, яна усё роўна нейкім нюхам знаходзіла, звадзілася перахапляць пісьмы: пакуль сам прачытае — уся школа ведае. Маці, нават бацька не раз частавалі яе за гэта добрай бярозавай кашай, аднак не памагала. Здавалася, яна адчувае найвялікшую асалоду, калі балюча ўесць яго. Пэўна, ад зайздрасці, ад таго, што не магла змірыцца з прывілеямі, якія ён займеў дома. Як закаранілася з тых часоў непрыязь, так і не праходзіць з гадамі, нават цяпер, калі сталі дарослыя і, здавалася б, дзіцячыя крыўды павінны даўным-даўно забыцца…

Вершы, што рассылаў амаль кожны дзень па рэдакцыях, часцей за ўсё бракавалі, але сяды-тады асобныя з іх траплялі ў газету. Па яго прыкладу браўся за вершы яшчэ сёй-той у школе, аднак у іх выходзіла куды горш, ён заставаўся першым. А першы ёсць першы. Можна было не надта ўлягаць на вучобу — усё роўна выставяць добрую адзнаку. Нават калі нічога не ведае, нават па нямецкай мове, якую цярпець не мог. Пэўна, прыкідвалі: хто ведае, што будзе з гэтага Чарапіцы гадоў праз дзесяць-пятнаццаць, калі ўжо такога падшыванца друкуюць… Мо яшчэ ўвойдзе ў школьныя хрэстаматыі. Як паставіліся б сёння да якога-небудзь выхавальніка Пушкіна, каб даведаліся, што той «душыў» юнага паэта двойкамі па алгебры ці замежнай мове? Вядома, як… А каму гэта ахвота трапляць у гісторыю рэтраградам?..