Выбрать главу

Часта, калі не было нікога дома, Стах падсаджваўся, заводзіў гаворку. I заўсёды хітранька пачынаў здалёку… Андрэй добра ведаў, куды ён хіліць: няймецца выведаць, што ж там пішуць у гэтых канвертах? Балазе, заклеены яны заусёды надзейна, а то, пэўна, Стах не ўтрываў бы па дарозе. Сяды-тады ён даваў чытаць Стаху надрукаваныя на фірменных бланках лісты, задавальняючы яго ледзь не хваравітую цікаўнасць. Вядома, не тыя, дзе саромелі за граматычныя памылкі, раілі больш чытаць, вучыцца ў Пушкіна, Лермантава, Купалы, Коласа. Такія звычайна рваў на шматкі, паліў, каб часам не трапілі каму на вочы, асабліва — сястры. А потым, калі заходзіла маці, Стах ківаў галавою:

— Ота ж і хлопец у цябе, Наста! Пагаварыць люба — больш за кожнага настаўніка ведае... Такіх у нашай ваколіцы яшчэ не было. А паглядзі, як па-нашаму шпарыць! Аж за душу бярэ. Не то што другі: паходзіць дзень ля грамаці — і ўжо ўстыдаецца, забыў, як памяло завуць, пакуль тое памяло не трэсне па мазгавешцы... Праўду кажуць: дурань і начужыя іконы моліцца... Далё-ё-ка твой хлопец пойдзе, Наста...

— Ат, хто яшчэ ведае,што з яго будзе! — для прыліку адмахвалася маці, а самой, адчуваецца, тыя Стахавы слава — як мёд па душы.

Спачатку, пасылаючы вершы ў рэдакцыі, не дужа хваляваўся, надрукуюць іх ці не. Радасць была, калі вылучалі некалькі радкоў альбо ўпаміналі станоўча ў аглядах паэтычнай пошты. Улагоджвалі душу нават важнецкія канверты, якія выклікалі захапленне ў Стаха. Але к дзесятаму класу ўжо сталі злаваць стандартныя парады вучыцца ў класікаў. Пачаў пасылаць толькі туды, дзе ставіліся зычліва, не тыцкалі назойліва ў нос класікамі. Перш за ўсё — у раённую газету. Там друкавалі ахвотна: і ў звычайных, і ў святочных нумарах, і ў літаратурных старонках, і асобнымі падборкамі, нават двойчы з партрэтам, біяграфіяй, уступным словам кіраўніка літаб'яднання паэта Янкі Вялеські. Болей таго — самі прасілі напісаць да той ці іншай даты, давалі тэмы, і ён з найвялікшай ахвотай выконваў заяўкі, ці як казаў Ян Вялеська, сацыяльны заказ.

Праз гэтага Вялеську неяк непрыкметна ўцягнуўся, адчуў смак да звычайнай журналістыкі. Па «сацыяльным заказе» пісаў заметкі пра школьныя справы, сяўбу, догляд пасеваў, пра поспехі жывёлаводаў, словам, пра ўсё, што ведаў сам ці ведалі ў вёсцы. I, на дзіва, гэтыя публікацыі мелі куды большы поспех, чым самыя лепшыя яго вершы. Іх чыталі, пра іх гаварылі. Хваліў нават старшыня калгаса, аграном, брыгадзір, пачалі здароўкацца за руку, падказваць, пра што пісаць, называлі лічбы, факты, пра якія ён не мог ведаць.

— Ты, браце, падсып нашаму загадчыку клуба,— прасіў хто-небудаь з вяскоўцаў, і ён «падсыпаў» і загадчыку клуба, і крамніку з суседняй вёскі, і нават сяды-тады па просьбе старшыні свайму брыгадзіру. Брыгадзіру, праўда, гэта не дужа падабалася, але маўчаў — ведаў, хто падказаў…

Селькорства так захапіла, што на нейкі час забыўся пра паэзію. Узнік ледзь не спартыўны азарт друкавацца ў кожным нумары, сверб пісаць і пісаць, пісаць пра ўсё, што можа зацікавіць газету. А што можа зацікавіць рэдакцыю, ужо ведаў, як і ведаў, разабраўся ў газетных жанрах. Больш за ўсё вабілі нарыс, замалёўка і, канечне, фельетон. Праўда, матэрыял для фельетона не валяецца пад нагамі, а што да нарыса, замалёўкі, то тут толькі паспявай пісаць. Практычна кожны чалавек можа стаць героем калі не нарыса, то ладнай замалёўкі. За паўгода «прапусціў» праз газету, пэўна, з паўвёскі. Матэрыялы ішлі «падваламі», «пугамі», а нарыс пра жыццё і ваенныя подзвігі Стаха друкаваўся з працягам аж у трох нумарах, пасля чаго Стах стаў звяртацца ледзь не на «вы».

Перазнаёміўся з усімі супрацоўнікамі рэдакцыі, нават з рэдактарам Іванам Сцяпанавічам. Двойчы выклікалі ў раён, бы дарослага, на нараду рабселькораў, хвалілі ў дакладзе, узнагародзілі кніжкамі, змусілі выступіць, падзяліцца вопытам. Калі хто з рэдакцыі наведваўся ў калгас, ніколі не абмінаў і іх дом, і гэта было ганарова не толькі для яго, а і для бацькі, маці. А з паэтам Янкам Вялеськам, які, як высветлілася, толькі на сем гадоў старэйшы, адразу ж пасябравалі.

— Не замыкайся, браце мой, на раёнцы,— вучыў Янка Вялеська.— Падбірайся, асвойвай абласную, рэспубліканскія газеты. У цябе, дарэчы, ёсць неблагія замалёўкі, могуць сёе-тое узяць. Май на ўвазе: для паступлення на факультэт журналістыкі важна мець публікацыі ў салідных выданнях…