Выбрать главу

Мне ўспомнілася раптам, як адзін наш вядомы празаік дакараў у друку маладога аўтара за няведанне жыцця: у апавяданні таго бусел шпацыраваў па мурагу непадалёк ад дарогі, па якой ішлі людзі. Маўляў, бусел ніколі не падпусціць блізка людзей...

Я, смеючыся, расказаў пра гэта Івану. Ён адказаў, што цяпер абставіны мяняюць звычкі не толькі ў людзей, але і ў птахаў.

Звярнуўшы з шашы, мы далёка паглыбіліся ў гушчар па раз’езджанай лясной дарозе. Спачатку над намі, ледзь не састрыгаючы вершаліны дрэў, на брыючым палёце імкліва праносіліся самалёты. А потым, калі выехалі на асушаныя лугі, нас доўгі час суправаджала адзінокая чапля. Цень ад яе павольна плыў па траве навокала нашага «казла». Я паказаў цень Івану. Ён глянуў праз шкло машыны не на цень, а ўгару, на чаплю — і нічога не адказаў. Я толькі адчуваў, як ён час ад часу кідае позірк у мой бок, задаволены, што мяне ўсё нязвычна ўражвае ў палескай старане.

Увечары ў саўгасным клубе Іван даваў справаздачу сваім выбаршчыкам. Расказваў пра апошнюю сесію Вярхоўнага Савета. Падрабязна спыняўся на кожным пытанні, якое там заслухоўвалася. Выбаршчыкі выказвалі свае меркаванні, прапановы і просьбы. Потым Іван расказаў пра мяне. А я чытаў вершы.

Назаўтра ўвесь дзень мы вандравалі па раёне. Надвячоркам спыніліся ў раённай гасцініцы. Райцэнтр не ўваходзіў у Іванаву выбарчую акругу. Але райком партыі загадзя ўпрасіў Мележа правесці ў Жыткавічах літаратурны вечар.

У раённы Дом культуры, што непадалёк ад чыгуначнага вакзала, набілася многа народу: моладзі, службоўцаў, інтэлігенцыі. Мне даводзілася неаднойчы выступаць з Іванам на літаратурных вечарах. Як правіла, на іх ён трымаўся даволі стрымана. А тут адбывалася штосьці неверагоднае. Іван быў у настроі. Гэтакім прамоўцам я Hiкол! яго не бачыў. Ён гаварыў пра вобразы палескіх жанчын у нашай літаратуры. Параўноўваў іх з жаночымі вобразамі ў творах Талстога і Шолахава. Шчыра расказваў пра тое, як працаваў над раманам «Людзі на балоце». Нават прызнаўся, што гэта з ім было такое, як з Валодзькам, якога «на мяккай раллі між кусцікаў бульбы... узлаваная маці моцна і гучна пляскала... па голых паружавелых палавінках»...

Зала была як наэлектрызаваная.

Гадоў праз дзесяць я зноў наведаў гэтыя мясціны. Рэдактар раённай газеты прызнаўся мне, што яны былі ўражаны тым выступлением Мележа.

Я падумаў: шкада, што такія выступленні не стэнаграфуюцца ці не запісваюцца на магнітафонную стужку! Які б гэта быў матэрыял для чытача!

Назаўтра па дарозе, якая пралягала дзе праз сасновыя бары, дзе праз гушчары алешніку, дзе міма лазовых зараснікаў над завадзямі і старыцамі, мы ехалі ў Тураў. Каля вёскі Чэрнічы паром перавёз нашу машыну праз Прыпяць.

У Тураве зайшлі да старшыні пасялковага Савета. Потым увесь дзень блукалі па старажытным гарадку. Каля рачной прыстані аглядалі Красную плошчу, здзіўленыя гэтай назвай. 3 яе пераходзілі на гару замчышча, якое акружаюць старыцы з векавымі вербамі над мурожнымі берагамі. Стоячы на замчышчы, дзе расла бульба і ў гарачым пяску купаліся куры, мы любаваліся далечынёй воднай прасторы звілістай Прыпяці.

Вечарам у гарадскім Доме культуры адбыўся вялікі літаратурны вечар. Іван выступаў на ім больш стрымана. Не было ўжо ўчарашняга ўздыму. Адчувалася стомленасць.

Апоўначы вярталіся ў жыткавіцкую гасцініцу. Разбудзілі паромшчыка. Яго будан на пароме пахнуў духмяным сенам. Санліва перашэптваліся хвалі Прыпяці.

Вярнуўшыся з гэтай паездкі ў Мінск, я напісаў верш «А помніш ты, як на Палессі...».

Калі прачытаў яго Івану, ён трохі здзівіўся:

— Цікава!.. Як быццам сфатаграфаваў усё, што бачыў навокала...— Потым нясмела папрасіў: — А можа, здымі гэтую страфу пра жанчын?.. А?..

Я адмовіўся...

Тады ён пажартаваў:

— Дык ты ж зманіў... Мы сядзелі на бярвенні каля Случы, а ты напісаў — на беразе Лані...

— Ты ў рамане з Алексічаў зрабіў Алешнікі — і то я маўчу...

Бывала, Іван пазвоніць па тэлефоне:

— Ну вось, нарэшце ты ўжо дома, Міклуха Маклай (так жартаўліва ён называў мяне за мае частыя паездкі па краіне). Як ты глядзіш на тое, каб з’ездзіць на Палессе?..

— Як заўсёды!.. Станоўча! — бадзёра адказваў я, таксама з іроніяй у голасе.

— Не адлучайся... На тым тыдні, відаць, паедзем,— па-сяброўску папярэджваў ён, заканчваючы працяглую размову.

I ў якіх бы раёнах Палесся мы ні бывалі, кож­ны раз нязменна заязджалі ў родныя мясціны. Але перш чым трапіць туды, Іван ніколі не абмінаў адно месца, якое хоць і было ў баку ад нашай дарогі, але да якога ён ставіўся з нейкай асаблівай любасцю і замілаваннем.