Як быццам ён спяшаўся зрабіць як мага больш, прадчуваючы, што яму суджана нядоўга займацца любімай справай.
1976
ПЯСНЯР МУЖНАГА ЗМАГАННЯ
Летась мы адзначалі дваццацігоддзе нашай перамогі над фашызмам. А ў нашым уяўленні паранейшаму застаецца маладым адзін з легендарных герояў ваеннай пары, вядомы татарскі паэт Муса Джаліль. Можа, таму і не верыцца, што цяпер споўнілася б шэсцьдзесят гадоў гэтаму бясстрашнаму чалавеку і палымянаму песняру.
Гісторыя не ведала яшчэ паэта, чые творы з такой імгненнай хуткасцю абляцелі б увесь свет. У 1953 годзе мы ўпершыню прачыталі ў друку некалькі вершаў з «Маабіцкага сшытка» Мусы Джаліля. А неўзабаве гэты сшытак чыталі на сваёй мове ўкраінцы і англічане, узбекі і палякі, латышы і французы, грузіны і немцы, малдаване і кітайцы.
Але не адразу імя татарскага паэта стала вядомым усяму свету. Некалькі гадоў радзіма нічога не ведала пра лёс свайго сына. Старшы палітрук Муса Джаліль прапаў без вестак на Волхаўскім фронце, дзе загінулі гераічнай смерцю многія байцы нашай арміі, дзе часова прапаў без вестак яе генерал, які, баючыся адказнасці за гэтае паражэнне, здрадніцкім учынкам зганьбіў і зняславіў жывых і мёртвых сваіх былых салдат і афіцэраў. Многія з тых, што пасля ўваскрэслі з мёртвых, звычайна не хочуць на людзях называць уголас прозвішча свайго былога генерала. Але затое, мабыць, многія з іх у думках шкадуюць, чаму не ў іх падраздзяленні быў старшым палітруком Муса
Джаліль.
У весну 1945 года прыйшлі на радзіму першыя весткі пра Джаліля. Пры штурме Берліна савецкія салдаты знайшлі ў Маабіцкай турме выдраныз нейкай кнігі ліст з запісам паэта. Гэты ліст быў адасланы ў Маскву. 3 запісу стала вядома, што цяжкапаранены Джаліль трапіў у палон, змагаўся ў няволі з фашыстамі і быў кінуты ў турму, дзе чакаў смяротнага прысуду.
У першыя пасляваенныя гады ў Саюз пісьменнікаў Татарыі адзін за адным былі перасланы два невялічкія самаробныя блакноты з вершамі паэта. Першы блакнот перадаў былы ваеннапалонны, што вярнуўся на радзіму, а другі — пераслаў бельгійскі антыфашыст Андрэ Цімерманс, які сядзеў разам з Джалілем у камеры Маабіцкай турмы.
Можа, і не даведаліся б мы пра лёс Джаліля, калі б не яго вершы:
Быццам з казкі клубок чароўны,
Песні — на ўсім шляху ў жыцці...
Ідзіце па следу да самай апошняй,
Калі пажадаеце мяне знайсці!
Паступова разматваўся гэты клубок песень і разблытвалася спляценне дарог, на якіх паэт доўга пакутаваў удалечыні ад радзімы. Людзі, якія хацелі адшукаць М. Джаліля і даведацца пра яго лёс, прыйшлі па слядах паэта не толькі да яго самай апошняй песні, але і да апошніх дзён яго жыцця.
На этапных дарогах тых, хто ўлетку 1942 года прапаў без вестак на Волхаўскім фронце, часовымі прыпынкамі былі наспех зробленыя пад адкрытым небам загародкі на ўскраінах зруйнаванага Ноўгарада, густа аблытаныя калючым дротам аракчэеўскія казармы Мядзведзя і кавалерыйскія стайні Пскова. Напэўна, і іх не абмінула пакутная дарога Мусы Джаліля. Праўда, у сваіх вершах ён не называе лагераў. Але калі я чытаю верш «Да Дзвіны», у якім паэту хочацца павярнуць назад рачную плынь, каб яна аднесла яго прах на радзіму, дык перада мной зноў паўстаюць свінцовыя хвалі гэтай ракі, што коцяцца з роднага краю, прыгадваецца пакручастая дарога перад страшным лагерам смерці сярод сыпучага пяску, дзе, як свежазарубцаваныя шрамы, цягнуцца даўжэзныя насыпы равоў з дзесяткамі тысяч пахаваных ваеннапалонных.
Мне чамусьці здаецца, што менавіта ў Дзвінскім лагеры Муса Джаліль напісаў свой верш.
Жорстка з мяне пасмяяўся лёс:
Смерць абышла — міма чорт пранёс.
Апошні міг — і стрэлу няма!
Здрадзіў пісталет,—
са шкадаваннем прызнаецца паэт Радзіме, якая страціла свайго сына. У няволі аб ёй былі ўсе думы і мары. Ён просіць у Радзімы прабачэння то за тое, што «не загінуў смерцю салдата ў гарачым баі», то за тое, што ў змаганні паспеў знішчыць не тысячу, а ўсяго толькі сотню катаў.
Не толькі таго, хто пакутаваў у няволі на чужыне, сумуючы па родным краі, але і кожнага да глыбіні душы кране сваёй шчырасцю і задушэўнасцю размова паэта з птушкай, якая спявае нявольнікам, седзячы на лагернай агароджы. Калі і паклікаць цябе, невядомая птушка, кажа паэт, ты не заляціш па добрай волі да нас. I не залятай! Як мы ў крыві згараем тут, ты бачыш раніцой. Але спявай нам, спявай, хаця б цераз агароджу. Нават і гэта для нас радасць... Ды толькі скажы, ЦІ не ў апошні раз ты прылятаеш да мяне? Калі гэта так, дык ляці на Радзіму...