Помню, пасярод нашай прасторнай хаты паліцца бляшаная печка. Манатонна паскрыпвае калаўрот, на якім маці прадзе кудзелю. Мы, малыя, сама што раздурэліся на падлозе.
Раптам маці спыняе самапрадку і кажа:
— Супакойцеся... Не абпячыцеся аб печку. Чуеце, што робіцца на дварэ...— I яна расказвае, як там бура то вые, як звер, то плача, як дзіця, то стукае ў акно, як запознены падарожнік...
Мы сціхаем і прыслухоўваемся. Чуваць, як у печцы час ад часу страляюць дровы, а на дварэ сапраўды хтосьці то вые, як звер, то плача, як дзіця. Здаецца, што запознены падарожнік нясмела стукае ў шыбу. Я ўглядаюся ў акно, але нічога не магу разглядзець, бо на шыбах мароз намаляваў дзівосныя дрэвы і кусты. Гэта было акно ў нейкі казачны свет.
Маці вельмі складна расказвала казкі. То пра зялёны дуб, каля якога на залатым ланцугу ўдзень і ўночы ходзіць вучоны кот, а побач блукае лясун і на галлі сядзіць русалка. То пра князя, што сустрэў сваю смерць, наступіўшы на конскі чэрап, з якога выпаўзла змяя. То пра мужыка, які, дазнаўшыся ад дзяцей, што іх сеці «прыцягнулі мерцвяка», пайшоў і адпіхнуў вяслом у раку тапельца. То пра тры гордыя пальмы, што раслі над крыніцай у пустыні і былі ссечаны і спалены жорсткімі людзьмі з вандроўнага каравана.
Колькі таямнічасці і загадкавасці было ў гэтых казках!..
Затаіўшы дыханне, слухаў я казку пра тое, як родная маці выганяе з дому сына, які згубіў зброю і Ўцёк з бітвы, не адпомсціўшы ворагам за смерць бацькі і двух братоў.
У пачатковай школе настаўніца павяла нас аднойчы на станцыю слухаць радыё. Тады яно было ў нас вялікай навіной. Разявіўшы ад здзіўлення раты, доўга слухалі мы ў зале невыразны, хрыплы голас, што скрозь шум і трэск даносіўся з нейкай чорнай талеркі, якая стаяла бокам на насценнай палічцы.
Калі вярталіся дадому, сябра завёў мяне на пошту.
На століку, перад драцяной агароджай, ляжала некалькі кніг.
— Ну што, хлопцы, купляць кнігі прыйшлі? — з усмешкай запытаўся нізкі дзядзька ў акулярах.— Выбірайце...
Я ўзяў тонкую кніжачку і пачаў чытаць там, дзе разгарнулася:
И наконец удар кинжала
Пресек несчастного позор...
И мать поутру увидала...
И хладно отвернула взор.
И труп, от праведных изгнаний,
Никто к кладбищу не отнес,
И кровь с его глубокой раны
Лизал рыча домашний пес...
Я адразу ж пазнаў у гэтым вершы казку, якую часта расказвала маці.
Пазней, чытаючы «Зімовы вечар», уступ да «Руслана і Людмілы», «Песню пра вешчага Алега», «Тапельца» Пушкіна і «Тры пальмы» Лермантава, я са здзіўленнем пазнаваў у іх складныя матчыны «казкі». Для мяне яны былі першымі «казкамі», пачутымі ў жыцці.
Так у маленстве з навакольнага таямнічага свету Пушкін і Лермантаў, як два незнаёмыя вандроўнікі, настойліва стукалі ў акно і ў маё сэрца.
Але здарылася так, што я спачатку пазнаёміўся па-сапрауднаму з Лермантавым. За пятнаццаць капеек я купіў тады на пошце невялікую кніжачку і ляцеў дадому, як на крылах, не адчуваючы пад сабой ног. Час ад часу разгортваў, засопшыся, кнігу і чытаў то адзін, то другі верш:
Тучки небесные, вечные странники!
Степью лазурною, цепью жемчужною
Мчитесь вы...
Я быў зачараваны гэтай прыгажосцю... Задзіраў угару галаву, узіраўся ў неба і здзіўляўся, што мне яно ніколі не здавалася «стэпам блакітным», а хмаркі, якія праплывалі па ім, ніколі не нагадвалі «жамчужны ланцуг».
Усё лета я не расставаўся з гэтай кніжкай, і многія вершы з яе ведаў ужо на памяць. За дзень набегаўшыся на пашы за каровай, стомлены, лажыўся ў пасцель і ўспамінаў блізкія мне радкі:
Горные вершины
Спят во тьме ночной;
Тихие долины
Полны свежей мглой;
Не пылит дорога,
Не дрожат листы...
Подожди немного,
Отдохнешь и ты.
Помню, як моцна забілася маё сэрца, калі ў сямігодцы ў руках Людачкі, якая сядзела перада мной на парце, я ўбачыў тоўстую кнігу «Сочинения Лермонтова, том первый». На некалькі дзён я выпрасіў у аднакласніцы кнігу, і пасля таго, як вярнуў яе Людачцы, дзяўчына прынесла мне яшчэ і Другі том.
Тады ўпершыню прачытаў я амаль усяго Лермантава. Захапляўся «Ашык-Керыбам», не мог адарвацца ад «Бэлы» і «Тамані». «Вадзім» зрабіў на мяне наймациейшае ўражанне з усяго прачытанага ў сямігодцы. Лле асабліва палюбіліся вершы і паэмы Лермантава. У вершах «Дары Церака», «Марская царэўна», «Паветраны карабель» я пазнаў яшчэ некаторыя матчыны «казкі».
Вечарамі пры цьмяным святле газоўкі перапісаў я з таго двухтомніка многія вершы, запоўніўшы імі некалькі вучнёўскіх сшыткаў.