Выбрать главу

Ад песні раставала крыўда на Лысюка. Сапраўды, няма тут, відаць, аніякай віны яго, не прыдумляў жа, бясспрэчна, для Алега спецыяльна гэтае заданне ніхто, і не адзін ён, Алег, едзе зараз на палявыя работы. I Гонта правільна гаворыць: адказнае заданне ў іх, важнае — працоўны бой.

I дарэмна ён, Алег, звысака глядзіць на гаспадарчы ўзвод: у гаспадарнікаў свае задачы, і задачы дужа важныя, і праца іх таксама дужа адказная і патрэбная.

Адчуванне важнасці будучай працы настройвала Алега ўзнёсла, на добры лад, і ён спяваў, і глядзеў у сінявае мроіва над полем, і марыў пра светлыя дні, што чакаюць яго наперадзе і зычаць весялосць і радасць.

3

Ссунуўшы на самую патыліцу фуражку, павернутую казырком назад, Гонта хутка і лёгка ішоў за плугам, насвістваючы нейкую вясёлую, не знаёмую Алегу мелодыю. Лейцы, звязаныя ў канцы тоўстым вузлом, ён надзеў на шыю, і толькі зрэдку, калі трэба было павярнуць каня, фасоніста тузаў іх адной рукою.

Алег ішоў следам за ім і ледзьве паспяваў выхопліваць з лазовіка шархоткія, як угрэтыя, бульбіны і заціскаць іх у свежую разору — Гонта ўжо гнаў новую. Аблашчаная сонцам зямля, цёплая і пахкая, сыпалася на боты, на рукі, і кожны дотык пальцаў да сыпкай глебы быў прыемны. Ля крушні, на якой буйна цвілі яблыні-дзічкі, глеба была халаднейшая, вельмі вільготная, наліпала на ранты ботаў і нават на халявы. Зямля тут увогуле была зусім іншая, чым на астатнім полі — глеісты падзолісты сіпак: плуг пакідаў на ім гладкія, тлустыя палосы, і яны масляніста блішчалі: сіпак асабліва моцна як прыклейваўся да падэшваў ля каблукоў і толькі ў канцы разоры, на сухім ужо, адвальваўся спрасаванымі шэрымі аладкамі, прашытымі жоўтымі ніткамі карэння травы.

Муляў плечы карабін, час ад часу спаўзаў, звальваўся з пляча і балюча біў па каленках. Алег рэзкім рухам папраўляў яго, абціраў рукавом твар. Няблага было б перадыхнуць. Але няёмка прасіць Гонту — пачне пацвельвацца: здаеш, маўляў, пазіцыі. А яго дык і стома не бярэ, не ідзе, а бяжыць за плугам. Не, прыпыніўся, урэшце.

— Чаму прыпынак? — спытаў Алег, хоць і быў узрадаваны нечаканай магчымасцю адпачыць.

— Мо зробім маленькі сняданак? Ты, гляджу, змакрэў, хоць выкручвай.

Алегу не хацелася, каб Гонта рабіў перапынак толькі дзеля яго. Спачатку трэба дабіць свой клін. За вольхамі ўнька як ціснуць! Бегма шнуруюць за плугам.

— Ты на іх не глядзі,— запярэчыў Гонта.— Там мужыкі — карчы. Яны да зямлі дарваліся, дык цяперака іх і танкам не спіхнеш… Тпру-у-у… Стой!

Гонта, не скідаючы лейцаў з шыі, сагнуўся, узяў чорны глыж, пачаў нюхаць яго, быццам трымаў на далоні смачную лусту; губы выгнуліся, ноздры раздзьмуліся.

— Перастояла зямелька,— прамовіў ён заклапочана, пераціраючы ў пальцах зямлю; дробныя камякі суха зашархацелі па яго ботах.— На тыдзень раней каб… Як на тваю думку, га? Як ты лічыш?

Запытанне было без ценю насмешлівасці і перавагі. Алег таксама ўзяў у рукі чорны глыж з разоры, гэтак жа, як і Гонта, панюхаў зямлю і пачаў павольна расціраць яе ў пальцах.

— Ды не. Самы, здаецца, акурат… Бачыце, крохкая якая,— прамовіў ён і адчуў, што яму прыемна казаць гэта.— Ля крушні, праўда, не сагрэлася як след — ад дзічак засень, снег, мабыць, доўга не раставаў. Ажно пальцы студзіць, калі бульбіну там кладзеш…

— Два гадочкі поле гуляла. Бульбачкі на-а-расце — паспявай выграбаць.

— Яна тут сопкая павінна быць. Калі па лубіну бульба ідзе — родзіць. I дужа сопкая.

Гонта прамовіў задаволена і ўхвальна:

— Маеш, братачка, да зямлі смак. Табе пасля вайны на агранома трэба кірунак браць. Пойдзеш на агранома?

— Не думалася пра тое.

— Фю-ю-ю,— Гонта прысвіенуў.— I мары аніякай яе маеш?

— На капітана хацелася пайсці… Каб па моры плаваць.

— А што? Няблага. Як прыеду к табе ў госці, дык хоць пакатаеш па моры.

— Мы ж ужо дамовіліся,— пажартаваў Алег.— Пасля вайны разам туды рушым.

Гонта сказаў сур’ёзна:

— Гэта — на адпачынак. А заставацца там я не збіраюся. Я без гэтых сваіх лясоў саржавею, як стары цвік… Ну, пагналі далей!..

3 кожнай новай разораю лазовік у Алегавых руках рабіўся ўсё цяжэйшы, бульбіны часцей і часцей чапляліся тоўсценькімі фіялетавымі парасткамі за беражкі каша, і поле быццам выцягвалася і даўжэла, і шырэлі, вагаліся перад вачыма блішчастыя, як маслам змазаныя, шырокія скібы глеістага сіпаку.

Спяшаючыся, каб не адстаць ад Гонты, Алег ужо не гэтак асцярожна, як раней, выхопліваў насенку з каша і не гэтак клапатліва, як напачатку, заціскаў кожную бульбіну ў разоры. Азірнуўшыся, ён убачыў, што бульбіны пакладзены няроўна, і аблаяў сябе. Ты што ж гэта, лайдак, робіш? Абы-як працаваць пачаў! Стаміўся, бачыце, бедачок. А Гонце лёгка? А Лысюку за Дзвіною лёгка? Двойчы ж атрад спрабаваў узарваць той мост на чыгунцы, па якім зараз фашысты гоняць на захад эшалон за эшалонам, вязуць тое, што нарабавалі ў людзей. Без бою да таго места не падысці. Але ж нешта не чуваць бою. Можа, пераправіцца не ўдалося?.. Лысюк ды каб не пераправіўся? Смеху варта! Лысюк усё зробіць! Лысюк заўсёды робіць як след. I ён, Алег, павінен выканаць сваё заданне як след, зрабіць усё так, каб потым не было сорамна.