Чэргі за ракой ужо сыпаліся радзей, потым грымнулі два глухія, не вельмі моцныя, выбухі, і страляніна перасунулася ў правы бок, чулася цяпер зусім не там, дзе пачалася.
Гонта адразу прыпыніўся.
— Нешта зацягнулася ля моста. Можа, няўдача якая? — спытаў заклапочана, развязваючы вузел на лейцах.
— Быў жа выбух!
— Добра, калі ён быў там, дзе трэба. Мост фашысты аднавіць гэтак хутка не паспеюць — фронт падцісне, і тады ім тут поўны капут: нічога не вывезуць… Але ж нечага унь куды павярнула страляніна.
— Узарвалі і адыходзяць. Хутка даведаемся, што там і як.
— Ты кладзі, кладзі насенку. Зараз ужо і завершым.
Як толькі шэры ланцужок бульбін у апошняй разоры заваліў пласт рыхлай зямлі, Гонта адразу ж, дужа паспешліва, падагнаў каня да калёс, пачаў адчапляць плуг. Алег кінуў лазовік на пустыя мяхі і зморана апусціўся на каменне, ля якога густа дралася цёмна-зялёная мятліца. Ляжаў на спіне, раскінуўшы рукі, варушыў пальцамі зялёную шчотку маладой травы.
Гонта сярдзіта накрычаў на яго:
— Што гэта ты ўдумаў?! Разагрэты ды на сырой зямлі распластаўся. Скруціць у гарбыль. На калёсы кладзіся, каб на сухім.— Ён раскілзаў каня, накінуў канец лейцаў на ручку плуга, заклапочана паглядзеў у бок ракі, паўтарыў тое, пра што ўжо казаў:— Нечага унь куды павярнула страляніна… I аціхла зусім. Мо нявыкрутка ў хлопцаў якая?.. Э-э, куды цябе гоніць! — Ён, сагнуўшыся, злавіў лейцы, якія конь цягнуў па траве, зноў зачапіў іх за плуг.— Не стаіцца яму, да вады цягнецца. Няхай абсохне, а потым напоім,— махнуў рукою на каня.— Скубі травіцу.— Спытаў, павярнуўшыся да Алега: — А мо і нам чаго скубануць?.. Е хлеб і каўбасачка…
— Тады трэба ўсіх клікаць. Але ж яны некуды сабраліся.
— Дзе? — здзівіўся Гонта.— I праўда. Падбягу я да іх… А ты — рыхтуй харч. Хлеб і каўбасачка тут, у мяшэчку. Чай — у біклажцы…
Гонта перабег узмежак і схаваўся за рэдкай палосай старых скрыўленых вязаў. Неўзабаве вярнуўся, сеў на калёсы побач з Алегам, наліў з біклажкі ў алюмініевы кубачак чаю, выпіў адным дыхам, сказаў, выціраючы губы даланёю:
— Не дурні, скажу табе, і немцы гэтыя. Ніколі ж я да вайны халоднага чаю не піў. Яго ж прыемна папіць.
— Адны будзем перакусваць?
— Адны.— Гонта сачыў за тым, як Алег кроіць нажом цвёрдую, бы дрэва, кілбасу, потым прамовіў са шкадаваннем: — Паехалі на Доўгае поле. Там, сказалі, будуць абедаць.— Ён узяў скібку хлеба, паклаў зверху колца кілбасы, але адкусіць не здолеў, пакроіў нажом кілбасу на тонкія скрылёчкі, па адным клаў у рот, марудна жаваў. Нечакана засмяяўся: — Ну і народ! Гэта ж, ведаеш, з чаго яны ў амбіцыю паперлі і не схацелі разам з намі падсілкавацца? 3 таго, што абштопалі мы з табою іх, і як мае быць!
— Разам жа скончылі садзіць!
— А ў нас шнур даўжэйшы! Вось ім і крыўдна,— і прамовіў ухвальна, задаволена: — Ты, скажу табе, на работу — зух. Далажу гэта Лысюку…
— А навошта?
— Няхай ведае: малайчына ты на сто працэнтаў. Так што калі бульба вырасце, мы з табою сюды прыкоцім і запатрабуем у старшыні дранікаў. Са скваркамі! 3 цыбулькаю! Тыдзень гасцяваць будзем!
— А мора як жа?
— Мора, мора! — Гонта, весела і дабрадушна смеючыся, заківаў галавою.— Спачатку, безумоўна, мора. А як адтуль вернемся — дранікі і гатовы. 3 маладой бульбы дранікі. Царская ежа! Не параўнаеш з каўбасачкай гэтай.
— Не сказаў бы, мне кілбаска падабаецца, вельмі ж смачная. Духмя-яная…
— А што, сапраўды добрая каўбасачка? То-та! Некаторыя думаюць, што Гонта, маўляў, лынды б’е ў сваім гаспадарчым узводзе,— ён марудна, моршчачыся, пражаваў, запіў чаем, пачаў павольна завінчваць вечка біклажкі.— Праз гэтую каўбаску, братачка, мне шмат ночаў сну не было. Атрад жа, лічы, на мне: і накарміць трэба людзей, і адзець, і каб на ногі што было… Рознага клопату і тлуму — процьма. У разведцы, скажам, што? Пайшоў, рааведаў, далажыў… А зімою, у лютым,— пра блакаду гэтую шчэ й чуваць не было! — мне Шараў наш, ведаеш, які загад лупянуў? «Кожнаму партызану — энзэ на дзесяць дзён». А гэта ж і сухароў насушыць, і каўбаскі сухой, каб няцяжка было цягаць, нарыхтаваць, і біклажкаю кожнага забяспечыць… Давялося нам пакруціцца. Але загад выканалі: і сухароў насушылі, і каўбасачкі. Бачыш? Важыць зусім мала. А кавалачак з’еў, чаю глынуў — ужо і не галодны. I ваяваць можаш тады. Калі жывот пусты — благі ты ваяка.
— Кілбаса дужа смачная атрымалася. Першы гатунак!
— А мне, лічы, дык і не па зубах. Баляць дзясны, не магу жаваць.— Гонта пачаў церці пальцамі шчокі, моршчыўся, сіліўся стоіць боль.— Летась пачалося, як без солі вясну сядзелі.