Выбрать главу

— У мяне балелі таксама. Купарос і пупышкі з сасны ўратавалі. Загаіліся.

— Малады, таму і гоіцца. I без солі цяпер не сядзім…

Гонта зноў зморшчыўся, прыціснуў руку да шчакі, і скура пад пальцамі ў яго дзіўна збялела. Алег упершыню ўбачыў у вачах Гонты непрытоеную скруху і з абвостраным шкадаваннем падумаў пра тое, што паводзіў сябе сёння ранкам блага і недаравальна пыхліва. Гэтак размаўляць з Лысюком! А да Гонты як ён паставіўся быў? Як дурное, неразумнае хлапчанё!

— Ці не пагнаць каня да ракі? — спытаў Алег і злез з калёс. Ён, адчуваючы сорам і згрызоту, ухапіўся за гэтую думку, як за адзіную мажлівасць сысці з вачэй Гонты.— Стаміўся конь…

Гонта пакруціў галавою:

— Да ракі цябе цягне. Паглядзець, ці не ідзе Лысюк? Дык яны ж ля Чорнага ручая перапраўляюцца. Далёка…

— Я ведаю. Мне каня шкада. Ён піць хоча…

— Але… Прыбіўся гладка. Сюды б майго даваеннага каня. Жалезнага! Памятаеш, як ты яго ледзьве не ўхайдокаў? О-о-ох, зазлаваў жа я тады. А потым — дурны смех апанаваў. Добра, што ты не разгубіўся…

Напамінак пра здарэнне з трактарам быў непрыемны, і Алег зноў паўтарыў, каб змяніць гаворку:

— Думаю, не рана паіць каня…

— Крышку, відаць, ранавата. Э, чуеш? Маторы гудзяць. Не, аціхлі. За ракой, здаецца.

Алег прыслухаўся, потым прамовіў упэўнена:

— Ды не, бліжэй недзе. Падскочу на бераг, зірну.

— А што ты там убачыш? Лазнякі. Лепей кладзіся і адпачывай. Нас яшчэ поле пад Венцавым чакае.

— Пад Венцавым? — здзівіўся Алег, упершыню пачуўшы ад Гонты, што ім давядзецца садзіць бульбу яшчэ і на другім полі.— Там жа з шашы ўсё як на далоні відаць! Урэжуць з кулямётаў…

— А мы — увечары, калі туманку нацягне ад ракі. Насенку туды падвязуць. У лясок падвязуць,— ён пачаў патрэсваць сена на калёсах — пад галаву.— Сянцо ўгрэлася на сонцы! Бы ўлетку. Кладзіся…

Гонта адкінуўся на спіну, звесіў з фурманкі ногі, гучна і доўга пазяхнуў і прыкрыў галаву фуражкаю; фуражка схавала ўвесь твар, уперлася казырком у падбародак, потым памалу спаўзла на краёк падбародка і сагнула зашмальцаваным брылем правае вуха, зрабіла падобным на чырвоную лісціну.

Гонта адразу ж задрамаў, з ціхім прысвістам цёпкаў губамі, потым дыханне яго замарудзілася. Але было глыбокае, і ў такт дыханню рытмічна выгінаўся горбам і ападаў верх фуражкі, выцвілы на сонцы, амаль белы, з чорнымі кароткімі пісягамі.

Алег прымасціўся ўпобачкі ля Гонты, адчуваючы да яго нейкі дзіўны давер. Цяпер ён канчаткова паверыў у выключную важнасць задання, якое выпала ім з Гонтам. Садзіць бульбу пад самым, як гаворыцца, носам у немцаў! Гэта і смела, і дзёрзка! Гэта ўжо сапраўдная справа. I рызыкоўная!

Як жа добра ляжаць на ўгрэтым сонцам сене! I які густы блакіт над галавою! I як меладычна гудуць-звіняць над дзічкамі пчолы! Белыя верхавіны яблынь зырка асветлены сонцам і здаюцца дужа далёкімі і маленькімі, нібыта растуць не на зямлі, а недзе ў нябеснай сінечы, і на галіны пачапляліся белыя, бы злепленыя з наздраватай пены, аблокі. Была ж і летась вясна, і пазалетась… I былі ясныя, чыстыя дні… Але вось такога празрыстага неба, здаецца, і не было ўсе гэтыя доўгія і цяжкія гады вайны.

Сінеча вабіла, закалыхвала, прыносіла спакой, добрыя і гаючыя думкі. Зусім мала ўжо застаецца грукацець пад ясным сінім небам вайне: капут ёй, як кажа Гонта, поўны і сапраўдны. Фронт блізка, і бульбе, што зараз лягла ў цёплую вясновую глебу, расці пад мірным небам. Ужо і гэтаму полю не давядзецца болей чуць грукату выбухаў, посвісту куль… Якога ж гэта калгаса поле? Трэба папытаць Гонту. А мо ён не ведае? Не, Гонта ўсё ведае, усё ў памяці трымае. Нават той выпадак з трактарамі! Перад самай жа вайною было — нейкі тыдзень да пачатку. Брыгада Гонты тады баранавала папар. Бароны ці драпакі былі ў той дзень прычэплены да трактара? Не, яны ж, драпакі, не былі прычэплецы ўвогуле. Гонта спыніў Алега — Алег бег да ракі — і папрасіў прыўзняць драпакі, каб іх лягчэй было прычапіць да трактара…

Нейкае дзіва адбываецца сёння — незвычайна яскрава прыгадваюцца Алегу дні даваенныя, і асабліва гэты, калі брыгада Гонты баранавала папар. За ўзмежкам, што адгараджваў папаравы клін ад ручая, буяў густы россып падбелу. А папар быў увесь жоўты ад свірэпкі, і Гонта стаяў у ёй, быццам заблытаўся нагамі ў ядранай квецені. Выцер рукі, схаваў замасленую анучу ў кішэню, закурыў.

— Галаўнёў, значыцца, сцёбаць нацэліўся? Бяруцца ж хоць?

— На камара цяпер ловім. Добра.

— А на кані маім не хочаш праехаць?

— Я ўжо ездзіў. Мне татка цэлую гонку на ворыве дазволіў!