— Мо напаіць?
— Пазней гэта, пазней. Угрэтага каня — вясковы ж хлопец, ведаеші — паіць нельга… У лажок яго адвядзі. За бярэзінай там канюшынкі поўна. Папасвіцца, а тады і да вады падгоніш…
Алег звёў каня ў лажок за бярэзінай, прывязаў канец ляйчыны да лазіны і, агінаючы ўзаранае поле, пасунуўся на бераг ракі.
Пасля вясновай паводкі Дзвіна яшчэ не ўвайшла ў берагі. 3 жаўтлява-бурай вады тырчала пад берагам тонкая шчэць чырвоных лазнякоў, і яны ўвесь час трымцелі ад плыні, быццам там, на глыбіні, нехта бесперапынна трос іх. Ля вады не адчувалася той задухі, што разморвала на полі, затуленым з усіх бакоў дрзвамі; дзьмуў вецер, парывісты, свежы, нават халаднаваты. Але густы і п’янкі водар чаромхі і замакрэлых лазнякоў увесь час трымаўся пад узвалам, і дыхалася тут лёгка, і Алег дыхаў на поўныя грудзі, адчуваючы, як чэзне, знікае стома.
У маленькай затоцы, дзе вада была спакойная, як без плыні зусім, стаіўся шчупак. Напачатку нават падалося, што чарнее над вадой нейкае доўгае паленца. Алег прыгнуўся, каб лепей разгледзець. Сапраўды, шчунак! Але ж і здаравенны! Э-э, каб яго неяк выхапіць з вады! Затока ж мелкая, трава нават на дне зелянее… Трэба яго ад глыбі адрэзаць…
Алег асцярожна ступіў бліжэй да вады. Гайданулася лазіна, якую ён зачапіў карабінам, і ў той жа міг шчупак чорнай маланкай знік у глыбіні. 3 дна ўзнялася і пачала расплывацца па затоцы слаёная рудавата-белая каламуць; глыбінная плынь, зусім не прыкметная на паверхні, хутка расцягнула яе, і вада ў затоцы зноў зрабілася па-ранейшаму чыстая і ціхая.
Алег сеў на беражку і стаіўся. Мо варта пачакаць? Не, відаць, шчупак той далёка ўжо недзе. Трэба памыцца і ісці на поле.
Ён вышараваў далоні жвірам, потым памыў твар і, атрэсваючы рукі, пачаў узнімацца на ўзвал. Халодныя кроплі скочваліся за каўнер, прыемна казыталі скуру. Вада, аднак, у рацэ яшчэ не ўгрэлася — не паплаваеш. Але памыцца — добра: стомленасць быццам рукою здымае. Трэба пабудзіць Гонту, няхай і ён вадзіцаю вясновай асвяжыцца.
Сцяжынка крута брала ўправа, абмінаючы лазнякі, і Алег схапіўся рукою за тоўстую галіну і адхінуў яе — наважыўся ісці напрамкі. Сагнуў галіну і знерухомеў, пачуўшы строкат матора.
«Матор?.. Гэта ж матор на рацэ!»
Гул матора ўзнік раптоўна, і цяпер матор тарахцеў дужа блізка, быццам за спінаю, і Алег імкліва азірнуўся. Вецер сагнуў лазнякі, і ў гэтым светлым прагале ён убачыў човен, у якім сядэелі салдаты ў чорным адзенні; на сонцы зіхатліва бліснула сталь зброі.
У Алега перахапіла дыханне. Фашысты перапраўляюцца сюды! I тады, як матор ля крушні быў чуцён, маторка ішла! Ці чуе ж хоць Гонта? Чуе? Ён жа спіць ля крушні на калёсах!
Трымаючы карабін у правай руцэ, Алег ірвануў па ўзвалу ўверх, выбег на зялёны клін нізенькай густой канюшыны і прысеў, адкрыўшы ад нечаканасці рот. Фашысты і тут, на полі!
Ён скаціўся па канюшыне назад у лазнякі і, прыгінаючыся да зямлі, левай рукою працёр вочы. Мажліва, падалося яму ўсё?.. Не, не мроіцца нічога! Нікуды не знікаюць постаці ў чорным адзенні, сунуцца крадком, туляцца за вязамі… Але ж адкуль узяліся тут фашысты? Хай сабе і з неба зваліліся — табе цяпер усё роўна. Трэба пільнаваць, куды яны пруць! Трэба думаць пра адно: як з бяды выбавіцца… Хіба ж не бачыш, як паварочваецца ланцужок у бок крушні? Там жа Гонта спіць! Яны фурманку заўважылі, да яе і пруць! Не, фашысты раней іх заўважылі, з таго боку заўважылі і яго, і Гонту, і тых партызанаў, што на суседнім полі працавалі. Вось і пераправіліся, каб захапіць знянацку. Але няўжо Гонта іх не бачыць? Не! Не можа ён іх бачыць, бо дзічкі поле затулілі. Ды каб дзічкі поле не затулялі, ён бы ўсё роўна не заўважыў. Ён жа спіць! Яны з-за тых яблынь наваляцца — ён ачомацца не паспее!
«Папярэдзіць! Пабудзіць яго я павінен!»
Алег кульнуўся ў разору і папоўз у бок крушні. У яго не было пакуль аніякага пэўнага плана, і ён не ведаў, што будзе рабіць, калі апынецца ля яблынь. Адна-адзіная думка валодала ім: дапаўзці да фурманкі раней, чым ля яе апынуцца фашысты, дапаўзці і пабудзіць Гонту. А можа, і Гонта ўжо бачыць фашыстаў? Не, нікога ён не бачыць. Ляжыць сабе на калёсах і спіць!..
Алег поўз імкліва і ўвішна, як вужака, прыціскаючыся тварам да мяккай разоры, ледзьве не ўспорваў яе носам; зямля ад уласнага дыхання здавалася гарачай. Аб каменне, што вытыркалася з падзолістага сіпаку, ён абадраў да крыві пальцы і нават не адчуваў болю. Разумеў толькі адно і думаў толькі аб адным: марудна ён паўзе! Хутчэй трэба!
Хутчэй!
Разора скончылася, і ён скаціўся ў яміну на краі крушні, моцна ўдарыўся каленкаю аб камень у траве, і боль гэты выклікаў палёгку. Гонта блізка! Гонта побач, па той бок крушні, за дзічкамі! Напрамкі, аднак, цераз гэтае густое спляценне галін з колкімі шыпамі не прабіцца. А пачні апаўзаць камяністы грудок — абавязкова заўважаць. А мо гэта і на лепшае? Заўважаць, пачнуць страляць… Гонта прачнецца ад стрэлаў!