«Ад стрэлаў?.. Дык карабін жа ў тваіх руках!..»
Раптоўнае, неяк дзіўна запозненае адкрыццё адразу абнадзеіла. Ёсць жа карабін у яго руках! I гэта ж добра, што прапоўз разораю да яміны, нібыта ў акопчыку цяпер ён! I зноў тарахціць матор! Ах, гэта ж маторка тады тарахцела! Як жа ён не насцярожыўся?.. Разведчык! Шчупака на рацэ ганяў! А фашыстаў пад самым носам не ўгледзеў! Не, ён угледзеў. Праўда, крыху запознена. Але зараз прачнецца Гонта, ён, Алег, пабудзіць Гонту, і яны знойдуць выйсце, неяк выкараскаюцца з бяды… Каб можна было прадбачыць! Але ж што цяпер паробіш! Цяпер біцца трэба! Ты, між іншым, рваўся раніцою ў бой, бедаваў, што без цябе ўсіх фашыстаў паб’юць! Калі ласка, вось яны, фашысты! Афіцэр нешта загадвае, паказвае рукою на яблыні. Не, на лугавіну салдат пасылае, каб ад лесу адсячы…
Ціха, з тужлівым стогнам, Алег вылаяўся:
— Зараз я табе, падла, адсяку… Зараз!..
Гнуткая мятліца вагалася ля прыцэльнай планкі, трымцела ля мушкі, і сцябліны травы выдавалі чорнымі і тоўстымі. Постаць афіцэра таксама была дужа чорная, з наўздзіў блішчастымі гузікамі на грудзях.
Алег выбраў з гэтых блішчастых кропак сярэднюю, падвёў пад яе мушку і плаўна націснуў спуск.
4
Гонта, як падкінуты Алегавым стрэлам, падскочыў на калёсах і, схапіўшы аўтамат, кульнуўся на дол. Усё адбылося імкліва, амаль маланкава, і Алегу здалося, што чэргі з нямецкіх аўтаматаў, якія густа паласнулі па дзічках на крушні, зрашацілі і Гонту і ён зваліўся на зямлю мёртвы ўжо.
Перазараджваючы карабін, Алег зноў павярнуў галаву ў бок калёс. Белыя пялёсткі, якія стрэслі з дзічак ссечаныя кулямі галіны, круціліся ў паветры, марудна ападалі на чорнае ворыва, і праз гэтую дрогкую завею ён убачыў, што Гонта паўзе сюды, да яго. Жывы Гонта! Не забіты!
— Я — тут! Я — тут! — радасна гукнуў Алег, каб прыцягнуць Гонтаву ўвагу.— Па разоры! Па разоры трэба!
Гонта скаціўся ў яміну задыханы, без фуражкі, лёг побач з Алегам, хуткімі рухамі аціраў спацелы, увесь у зямлі твар.
— Адкуль яны тут? — сіпавата спытаў ён.— Адкуль?!
— 3-за Дзвіны. I яшчэ там перапраўляюцца. Я маторку бачыў...
— Чаго ж знаку не даў? Чаго ж, братачка, не пабудзіў? — Гонта секануў чаргою па фашыстах, якія перабягалі ля вязаў, зноў папытаў сіпаватым і задыханым голасам: — Чаго ж, братачка, не пабудзіў? — і глуха рагатнуў: — Ха-ха! Не пабудзіў! Каб ты да ракі не пайшоў — сонных прыхапілі б нас. Цёпленькіх! Ну, дзякую! Ну, разведка, дзякую! Разведка, братачка, уратавала старога дурня. Фашыст, не раўнуючы, пяту мне шкрабае, а я сплю як пшаніцу прадаўшы!
— Трэба неяк адыходзіць. На лугавіну выпаўзці. I там — у лес!
— У лес? Хэ-эм,— хмыкнуў Гонта і кінуў кароткі позірк у бок лесу.— Яно б добра было. Але ж як?
— Праз лугавіну.
— На ёй жа мы як на далоньцы! Бы на талерачцы. Зрэжуць як піць даць…
Роспач пачулася ў голасе Гонты, і яна спарадзіла разгубленасць, і Алег, не саўладаўшы з ёю, выгукнуў:
— Адыходзім! Адыходзіць трэба!
— Не нэндзі, разведка! Не нэндзі! — рэзка абсек яго Гонта.— Дай ачомацца! Сачы за вязамі, каб адтуль не папаўзлі,— і дадаў мякка, але з адценнем непрыхаванай скрухі: — Можа, не трэба нам нікуды адыходзіць? — і тут жа спытаў усё з той жа, выразна акрэсленай, непрыхаванай скрухай: — Ёсць у цябе, разведка, гэткае адчуванне?..
Імклівы пераход у Гонтавым голасе ад грубаватай рэзкасці да непрытоенай скрухі нечакана адкрыў Алегу ўсю непапраўнасць бяды, якая звалілася на іх. У пастцы яны! А ўсё Гонта вінаваты. Спаць на калёсах ён узяўся! Гэта ж тады, як матор затахкаў на Дзвіне, трэба было адразу кінуцца на бераг, дазнацца, разведаць… А цяпер што? У пастцы яны! I пастка трывалая, з якое ім ужо, відаць, аніяк не выбавіцца. I не страляюць…
Галасістым званочкам пакаціўся з неба спеў жаўрука. Алег напачатку быў нават не паверыў, прыслухаўся. Не, не памыліўся: спявае жаўранак! Спявае, нават стрэлы яго не напалохалі!.. I пчолы гудуць, Вунь колькі іх на квецені!
Разуменне непапраўнасці бяды абвастрылася яшчэ больш. У роце расла, бы імкліва разбухала, непрыемная гаркавасць: Алег паварушыў языком, пракаўтнуў сліну, і горла забалела. I боль у сэрцы. Пастка! А Гонта яшчэ ачомацца хоча! Не трэба, маўляў, нікуды адыходзіць! Чаго ж тут дачакаешся?