«Далёка, дужа ж далёка яшчэ ноч!..» — з тугою падумаў Алег.
У лазняках пачуліся нейкія нямецкія каманды. Крыху пагадзя прагучаў высокі і выразны, але як бы спалоханы голас:
— Партизаны! Сдавайтесь! Вы окружены!
Гонта кіўнуў галавою ў бок вязаў:
— Чуў? — і тут жа ціха засмяяўся: — Няма! Няма ў іх мінамёціка! Каб быў — ударылі б, не прасілі, каб мы ручкі — угару!
— Трэба ім адказаць. Неяк выйграць час.
— Не дужа тут выйграеш! У цябе колькі патронаў?
— Чатыры абоймы.
— А гранат?
— Дзве «эфкі».
— I ў мяне дзве гранаткі. I дыск запасны…
— Дык гэта ж не зусім і блага!
Гонта хмыкнуў:
— Магутны арсенал! Што й казаць!
— Але ж не пустыя рукі. Ёсць чым біцца!
— А ты думаў! Яны шчэ ля нас пакруцяцца… Ты — поле пільнуй. А я ад лазнякоў іх не падпушчу,— Гонта павярнуўся і лёг на грудзі, упіраючыся ботамі ў падэшвы Алегавых чаравікаў.— Кругавую будзем трымаць. Абарону!
3 лазнякоў зноў прагучаў той жа высокі, як спалоханы, голас, цяпер дужа рэзка, патрабавальна:
— Вы окружены! Сдавайтесь!
— Я табе зараз здамся, паразіт, здраднік…— Гонта злосна вылаяўся.— Ідзі сюды! Убачыш, здраднік, хто тут абкружаны!..
На ўскрайку поля заварушыліся чорныя постаці, і Алег гэта заўважыў.
— Паўзуць! Яны па разорах паўзуць! Гэтыя, з лазнякоў, крычаць, а яны, тым часам, паўзуць!..
— Не падпускай! Не падпускай блізка! Бі іх, гадаў!..— Гонта крутнуўся, даў доўгую чаргу па фашыстах, якія паўзлі па разоры, потым, павярнуўшыся на другі бок, прашыў кароткімі чэргамі лазнякі, адкуль толькі што гучаў высокі, як спалоханы, голас.— Давай ім вугалькоў, братачка,— таропка кінуў Гонта, выдзіраючы з брызентавага чахла запасны дыск.— Пакуль я новы пастаўлю…
Алег стрэліў. У канцы разоры, побач з чорнай постаццю, што быццам злілася з узараным полем, пырснуў фантанчык зямлі. Пералёт! Гэта ж што, ён страляць развучыўся? Не, проста не пацэліў, спяшаўся, гарачку пачаў пароць…
Ён старанна прыцэліўся і спакойна, стаіўшы на момант дыханне, націснуў спуск.
Чорная постаць, ля якой пасля няўдалага Алегавага стрэлу ўзвіўся тонкі фантанчык зямлі, цяпер страсянулася і знерухомела.
Алег уголас узрадаваўся:
— А-аа! Нясмачна? Нясмачна! Цяпер ляжы, пакуль не ссінееш!..
Зноў спяшаючыся, Алег выпусціў абойму па чорных постацях, што перабягалі за дрэвамі. Не паварочваючыся, Гонта ботам пастукаў Алега па чаравіку, папярэдзіў таропка:
— Беражы патроны! Патроны, братачка, беражы! Бі, каб ужо вярняк поўны. А-а, бачыш? Назад пасунуліся!..
Алег страляў цяпер зноў нетаропка, кожны раз старанна прыцэльваючыся. Здаецца, яшчэ два чорныя мяхі знерухомелі на няроўным, гарбатым ворыве. Не, адзін толькі, другі пакаціўся пад лазнякі.
Адтуль, ад лазнякоў гэтых, строчыць кулямёт. Як дзіўна вуркочуць кулі, калі рыкашэцяць — кожны раз па-новаму. Разрыўныя толькі лопаюць у галінкі дзічак аднолькава — суха, рэзка трашчаць…
Страляніна неспадзявана абарвалася. У цішыні прагучаў знаёмы голас:
— Сдавайтесь! Гарантируем жизнь!
Гонта павярнуў да Алега чырвоны і блішчасты, у шэрых плямах наліплага сіпаку, твар.
— Ацалеў жа яшчэ, гад,— і зноў, вылаяўшыся, гукнуў: — Ты сабе лепей, гад, пашукай гарантыі! Бяжы да афіцэра, прасі, пакуль не позна!.. Лаві гарантыю ад нас!..— Ён выставіў аўтамат над брустверам, даў тры кароткія чаргі. Ад вязаў цяпер ударыў другі кулямёт, і аўтамат вываліўся з Гонтавай рукі. Гонта тут жа схапіў яго.— Ай-ян-ян! У дыск, паразіт, пацэліў! — заякаў ён роспачна: — Скапуціў мне аўтамацік мой…
У Гонтавым голасе, як падалося Алегу, упершыню за гэты дзень пачулася разгубленасць, і яна здзівіла. Алег адразу сцяміў, чым абернецца для іх трапная чарга фашысцкага кулямёта, зразумеў Гонту па-свойму, адчуў да яго новую, нечаканую і шчырую прыхільнасць. Яму вельмі захацелася паказаць Гонце, што ён, Алег, не спалохаўся, не разгубіўся.
— Бульбы маладзенькай захацелася фрыцам,— прамовіў Алег і зарадаваўся, зразумеўшы, што менавіта гэта ён і павінен быў сказаць.— Пачулі нашу гаворку пра дранікі. Вось і папёрлі! Стаўце запасны дыск!
— Гэта ж і быў запасны! Э! А я патроны зараз з яго перасыплю.— Гонта выдраў з аўтамата дыск.— Ч-чорт, яго ж цяперака не адкрыеш. Сачы, сачы за імі! — пакруціў дыск у руках, запытаўся, цокнуўшы языком: — Як жа іх укалупнуць, га?.. I чаго? Чаго гэтую набрыдзь сюды пагнала?