Але сіваграк па-ранейшаму быў нерухомы, нікуды не імкнуўся ляцець, нават ківацца перастаў, і здавалася, што ён нежывы, што нехта прывязаў да асінавай галінкі-крывулькі прыгожа размаляваную цацку. Нечакана ён зварухнуўся, і яркія сонечныя бліскаўкі пакаціліся зыркімі камячкамі з дзюбкі на тоўсценькую шыйку і ўспыхнулі агніста, бы ўзарваліся на крыльцах.
— Відаць, другога фашыст падбіў. Памятаеце, як яны ў Пятроўцах усіх галубоў пастралялі?
— Спачатку людзей яны пастралялі. А галубоў у другі раз, калі наляцелі. I па табе, як па тым галубу, білі…
— Але ж не пацэлілі! Жывы вось!
— Твая зорка шчаслівая. Таму…
У голасе Лысюка гучалі цяпер ноткі прыязнасці і цеплыні, і гэта расчуліла Алега, і ён, вельмі ўзрадаваны з таго, што камандзір не папракнуў за той недагляд у разведцы пад Пятроўцамі, прызнаўся:
— А мяне ж сіваграком у школе дражнілі. Прыляпілі былі мне мянушку…
— Ты, здаецца, пра гэта не расказваў. 3 чаго ж табе яе прыляпілі?
— Сачыненне ў сёмым пісалі. Перад вайною. Хочаце паслухаць?
— Можна.
— Настаўніца, памятаю, сказала: «Пішам сачыненне пра тое, як прайшоў у кожнага першы вясновы дзень, пра тое цікавае, што ў ім здарылася. Можна проста зрабіць замалёўку прыроды, вясны…»
Прамовіўшы гэта, Алег як наяве ўбачыў сябе ў той дзень.
…Апошняя прапанова была яму вельмі па душы, і ён смела вывеў у сваім сшытку назву сачынення — «Вясновы дзень». Хутка і ўпэўнена напісаў пра тое, што вясною зелянее трава, расцвітаюць кветкі, свеціць зіхатлівае сонца, і вельмі ж хораша на поплаве ля рэчкі. А пра што пісаць далей — не ведаў.
Перагарнуўшы старонку вучнёўскага сшытка, ён зірнуў у акно і ад хвалявання моцна сціснуў зубамі кончык тонкай драўлянай ручкі. Сіваграк! На старым клёне ў кутку школьнага падворка — сіваграк! Зялёна-блакітны, з рудаватай спінкаю. Паводзіць сябе неяк дзіўна, не сядзіць на адным месцы, увесь час падскоквае ля чорнай плямкі над галінкаю. Цяпер выцягвае шыю, быццам збіраецца дзяўбці дрэва… О! Гэта ж не плямка! Гэта ж дупло там!
I другі сіваграк адтуль пырхнуў. Два сядзяць. А можа, дваіцца гэта ў вачах? Не! Адзін сіваграк даў нырца ў чорную адтуліну над кляновай галінай. Значыцца, гняздзечка ў іх там. А ён, Алег, улетку аніякага дупельца не згледзеў, калі ўскараскваўся на дрэва. Летась, відаць, не было. А зараз — ёсць. Не, проста ён тады не заўважыў дупельца. Вось жа не заўважыў зараз, як знік і другі сіваграк. Пуста на галіне, толькі адтулінка чарнее. Відаць, некуды падсілкавацца паляцеў. Цікава, а што ядуць сівагракі? Трэба запытацца ў настаўніцы. А навошта? Ён проста напіша ў сваім сачыненні пра гэтых птушак — якраз пра вясну і будзе.
Час ад часу пазіраючы ў акно, Алег пісаў пра тое, які прыгожы клён расце на школьным падворку, пра тое, што ёсць на гэтым дрэве дупло, якога ніхто не заўважыў. А сівагракі вось знайшлі. Зарадаваліся, відаць, дужа, знайшоўшы гэткае ўтульнае жытло,—- і ў спякоту не горача, і ў дождж не залье, і вецер не студзіць.
Пісалася незвычайна лёгка, зграбныя, ёмкія словы нібыта самі беглі і клаліся на паперу. Ажно чатыры старонкі ўжо! Вось гэта — клас! I сіваграк сядзіць на галінцы. Значыцца, паснедаў. I, відаць, нешта смачнае на сняданак знайшоў. Задаволены сядзіць, пёркі чысціць. Зялёныя і блакітныя пёркі ў яго. А на спінцы — рудаватыя, як падпаленыя. I глядзіць сіваграк сюды, на школьны будынак. Можа, адчувае сіваграк, што ён, Алег, піша пра яго сачыненне…
— Што, Сверын, цікавае адшукалася за акном?
Алег здрыгануўся ад гэтага раптоўнага запытання, няўцямным позіркам паглядзеў на настаўніцу, якая стаяла ля яго парты, выгукнуў радасна, быццам зрабіў дужа важнае і цікавае адкрыццё:
— Сіваграк!
У класе дружна засмяяліся. Усміхнулася і Валянціна Фёдараўна, але стрымана, краёчкам вуснаў. Узяўшы Алегаў сшытак, здзівілася:
— Ты гэта ў класе паспеў напісаць?
— Ну… Я пра сіваграка пішу, ён на нашым клёне жыве. У іх там, мабыць, гняздзечка ў дупле.
— Ты — назіральны. Гэта добра.
Настаўніца ўзялася была чытаць сачыненне. Але тут зазвінеў званок, і Алегаў сшытак апынуўся ў агульным стосе. У класе — урок літаратуры быў апошні — адразу ж усчаўся гармідар, усе сыпанулі са школы.
— Эй, сіваграк! — гукнулі Алегу, калі ён выбег на ганак.— Мы ў лес ляцім, смаржкі збіраць! Давай з намі, сіваграк! Пойдзеш?
Алег, бы слуп, стаяў на ганку. Мянушку прыляпілі ўжо! I хто! Віктар Кірчык, лепшы Алегаў сябар. Яшчэ і рагоча!
— Не пайду,— пакруціў галавой Алег і тут жа вырашыў, што ён і сапраўды не пойдзе, хоць у лес ісці разам з хлопцамі яму вельмі хочацца.— I калі я сіваграк, дык ты… ты варона, калі хочаш ведаць!