«Карабін! Я кінуў яго! Я ж кінуў свой карабін!»
Ашаломлены гэтай думкай, Алег спыніўся. Там, у акопчыку, калі разам з Гонтам яны завальвалі зброю каменнем і ссохлай дзярнінаю, яму здавалася, што ён усё робіць правільна, разумна, робіць так, як гэтага патрабуюць і абавязак, і абставіны, і, галоўнае, Гонтаў загад. Але тут, на полі, усе апраўданні здаліся яму нікчэмнымі перад нечаканай праўдай, якая ўвайшла ў розум і закрэсліла ўсе іншыя тлумачэнні і абгрунтаванні: ён, Алег, кінуў сваю зброю.
— Ты чаго? — спытаў Гонта жорстка і бязлітасна.— Наперад! Толькі наперад трэба!
— Карабіна шкада,— прызнаўся Алег.— Кінуў жа свой карабін!
— Эх-хэ! — весела хмыкнуў Гонта, і ў голасе яго не было жорсткасці.— Радуйся, што галаву нясеш!
Гонтавы словы яшчэ больш абвастрылі ў Алегавай душы разуменне таго, што ён, Алег, парушыў партызанскую прысягу. Але і не толькі з гэтага зрабілася дужа ж балюча сэрцу: шкада, дужа шкада карабіна! Колькі ён уратоўваў яго, Алега! Як добра працаваў, калі Алег надзяваў на яго бязгучку — аніводнага разу не падвёў. I цяпер ён, Алег, кінуў яго, свой верны карабін, кінуў свайго надзейнага сябра, кінуў, каб яго захапілі ворагі. А можа, не знойдуць? Навошта ім перціся туды, пад дзічку на крушні? Не, яны пойдуць, яны абавязкова пойдуць! I — знойдуць. Раскідаюць каменні і знойдуць. Але ж чаму ён не падумаў пра гэта там, на крушні? I чаму не падумаў пра гэта Гонта? Не, Гонта сказаў, што потым, маўляў, яны з Алегам прыйдуць па зброю. Выбавяцца з бяды і вернуцца, па зброю… Гонта, відаць, знарок гэта ўсё казаў. Гонта ўсё ведае, Гонта дужа разумны. Гонта па-дурному не эагіне… I як гучна тупае Гонта! Аж звініць ралля пад ім! Гучныя, звонкія крокі ў Гонты. Але ідзе ён неяк марудна-марудна, быццам цягне нагу, паставіць і нечага чакае, прыслухваецца ці прымерваецца да наступнага кроку…
Чацвёрты крок…
Пяты крок…
Алег чуў і лічыў не свае ўласныя, а крокі Гонты, які грузна і цяжка шнураваў упобачкі па ўзараным полі, чуў, як дзвынькаюць пад абцасамі каменьчыкі, і глядзеў сабе пад ногі, на шырокія скібы зямлі, што на грабянях падсохла ўжо і жаўцела. Як хутка падсохла поле! Гадзіны дзве мінула — не больш! — а вільгаці на раллі ўжо і знаку няма. Праўду казаў Гонта: перастояла поле, трэба было садзіць бульбу раней.
Сёмы крок…
«I жаўрук неяк дзіўна звініць, як валіцца на дол…»
Восьмы крок…
«I другі спявае. Ззаду недзе, але глуха, як у траве заблытаўся…»
«Няўжо толькі дзевяць крокаў зрабіў Гонта? Ці, можа, я збіўся ў сваім падліку?.. Не, правільна я надлічваў. Дзесяты вось крок…»
Ён разумеў, што робіць усё гэта сумысля — і лічыць Гонтавы крокі, і глядзіць сабе пад ногі, і дзівіцца з таго, што гэтак хутка падсохла зямля і ўжо асыпаюцца грабеньчыкі раллі, і прыслухоўваецца да спеваў жаўрукоў,— робіць толькі на тое, каб хоць неяк супакоіць сябе, каб не глядзець наперад, на шырокі ўзмежак ля лазнякоў, дзе адкрыта, не тоячыся, стаяць у чаканні эсэсаўцы. Колькі ж іх там сабраліся? Зірні — і ўбачыш. А навошта яму глядзець? Не, дружа, глядзець давядзецца. Але цяпер ты не хочаш гэтага рабіць. Не хочаш ці баішся?.. А табе ж давядзецца стаць з імі побач амаль. Гонта казаў, каб на два крокі — не больш. А чаму на два менавіта? Ды натуральна ж зусім: тады не паспеюць адбегчыся ворагі, тады не схаваюцца! Але ж і ты не паспееш адбегчыся! I Гонта не паспее! Не, пад узвал ён паспее скочыць! I Гонта павінен! Толькі трэба дакладна вызначыць: куды, у якое месца, дзе…
Алег узняў галаву і смела зірнуў наперад. Як блізка стаяць эсэсаўцы! Прыблізна гэтак жа блізка былі яны, калі ішлі па гравійцы ля Фарынава — тады разведчыкі і паласнулі па іх з аўтаматаў, амаль ва ўпор. А ён, Алег, ссадзіў тады з карабіна афіцэра, які паспеў залегчы за сасною на ўзбочыне. Тады эсэсаўцаў шмат было… А зараз мала… Зусім жа мала стаіць іх ля лазнякоў!.. Упяцёх толькі! Не, чацвёра яшчэ ля вязаў… I яшчэ ззаду, на лугавіне, галёкаюць, нешта крычаць… I якія ж яны ўсе няроўныя, бы ўвесь час перавальваюцца з нагі на нагу, то большаюць, то меншаюць, быццам няспынна ківаюцца. А, гэта вецер гайдае лазнякі… За лазнякамі горбіцца белае воблака, кудлатае, бы злепленае з дробных снегавых камякоў. Дзіўна, ён бачыў гэткае ж воблака за вязамі, над лесам, калі глядзеў з акопчыка ў той бок, дзе сонца. Няўжо так хутка пераплыло туды, на той бок ракі?..