Алег зыркнуў назад, у бок лесу, і згледзеў над ім знаёмае воблака, няроўнае, гарбатае, бы злепленае з дробных снегавых камякоў. Значыцца, ён памыліўся: зусім іншае воблака вісіць па той бок ракі. I зусім нерухомае! I як жа блізка яно, быццам села на лазнякі, сагнула іх і зыбаецца на гнуткіх тонкіх макавінках. I лес здаецца дужа блізкі, быццам расце адразу ж за лазнякамі. А за лазнякамі яшчэ поле, потым пойдзе гравійка, потым зноў поле, за якім доўгімі шнурамі пакладзены вольхавы параснік, які пассякалі летась фашысты, каб добра бачыць і прастрэльваць усе падыходы да чыгункі. Уночы там заўжды цяжка было прабірацца — скрозь вострыя, як пікі, неньчучкі: калі раптоўна ўзлятяла з чыгункі ракета, вельмі небяспечна было падаць на зямлю. Праўда, табе там заўжды шанцавала: безліч разоў вадзіў падрыўнікоў на чыгунку, безліч разоў валіўся на зямлю і аніводнага разу ні твар не пашкрабаў, ні рукі. Там, значыцца, табе нязручна было ісці! А тут — лёгка! Роўнае поле — не зачэпішся, не спатыкнешся! I падаць мякка — ралля ж свежая!
Нечакана звонкае чырканне зямлі пад ботамі Гонты аціхла. Спыніўся Гонта? Навошта ж ён спыніўся? Сам жа казаў: толькі наперад трэба! I гэтага ім і неабходна трымацца, ісці і ісці, каб наблізіцца… А можа, час ужо? Не! Яшчэ далёка — пакуль кінеш, пакуль граната даляціць… Разбягуцца фашысты, пахавацца паспеюць!..
Ён зноў узняў галаву і зноў убачыў чорныя постаці ворагаў.
Але цяпер позірк яго не затрымаўся на іх — ён глядзеў па гнуткія жаўтлявыя лазнякі, што паката выгіналіся пад ветрам. Як жа блізка яны! Як жа выратавальна густыя яны! Адзіны міг — і ты там. Дзе ж міг! Гэта трэба прайсці ўсю разору да канца, ступіць на ўзмежак. I толькі тады ўжо апусціць рукі… А Гонта спыніўся! Навошта ён спыніўся? Трэба ісці і ісці, не спыняцца! Трэба ісці, пакуль яны яшчэ не агледзеліся, пакуль яшчэ ва ўтрапенні ад свае ўдачы…
А Гонта спыніўся… Навошта? Божухна, ён жа як здурнеў! Бульбіну спрабуе мыском бота засыпаць! Да ліха яму гэтая бульбіна!..
— Недаробка, братачка. Ліквідаваць яе трэба. У нас у брыгадзе закон быў: недаробкі не пакідаць. Не будзем і мы з табою іх пакідаць. Праўда? — спытаў Гонта памяркоўна, без насмешкі, неяк дзелавіта нават. I гэтак жа дзелавіта мыском бота падгроб сіпаку, пачаў засыпаць бульбіну, што вытыркалася з-пад ворнага пласта; жоўты грабеньчык пласта лёгка крышыўся і асыпаўся ў разору.— Во цяпер цёпла будзе бульбінцы ў зямельцы ляжаць. I прарасце хутчэй, і ўродзіць багацей…
Ад лазнякоў прагучала патрабавальнае і здзеклівае — па-нямецку:
— Ком, бандытэн, ком! Шнэль, шнэль!
Гонта, не спыняючы свае працы, злосна працадзіў праз зубы:
— Зашнэліў, гад! Пацерпіш! Нідзе не дзенешся! — I тут жа зарадаваўся, прамовіў прачулена, быццам нішто іншае, апроч свайго занятку, яго ўжо не тычылася: — Поле якое прыгожае! I барозны ўсе ро-о-оўненькія, як па шнурочку. Не развучыўся яшчэ Гонта працаваць. Праўда ж?
Гэтае ўсхваляванне, поўнае ўрачыстасці: «Праўда ж?», зноў уразіла Алега. Сапраўды, ён жа як здурнеў, гэты Гонта! Бульбіну прысыпаў… Цяпер ралля яго сваёй прыгажосцю вабіць! Тут трэба думаць пра адно: як з бяды гэтае выкараскацца! А ён…
— Не развучыўся,— сам сабе адказаў Гонта і, спахапіўшыся, што нахвальвае толькі самога сябе, паправіўся: — I ты не развучыўся. Мы з табою поле ўрабілі па-стаханаўску. Бульбачкі тут нарасце…
— Нарасце,— пагадзіўся Алег, быццам сказаў нешта адчэпнае, зусім неабавязковае, не вартае аніякай увагі, і двойчы паўтарыў, не тоячы незадаволенасці, якую абудзілі ў ім апошнія словы Гонты: — Нарасце, нарасце… Толькі паспявай выбіраць!
Гонта не ўзяў пад увагу зласлівы Алегаў тон, прамовіў прачулена і летуценна:
— А неба ж якое, Алежак, паглядзі! Як падсінілі яго! I гэтыя аблокі за рэчкай! Здаецца, ніколі і не бачыў гэткага! Дапраўды!
Прачулены, лагодны Гонтаў голас яшчэ больш раззлаваў Алега. Бульбіну нейкую заўважыў, зямелькаю прысыпаў… Цяпер неба яго вабіць! Нібыта іншага клопату не зцайшоў! Нібыта няма бяды наперадзе, якую не абысці, ад якое нікуды не схавацца! I кожны крок яго, Алега, і кожны Гонтаў крок вядзе да гэтае бяды, набліжае яе!.. А Гонта як і не бачыць нічога! I які дзіўны твар у яго! Паблажлівы, нічым не заклапочаны твар!
— Якое ж неба, братачка,— зноў прамовіў Гонта ў захапленні.— Ах, прыгажосць якая! Нібыта ўпершыню ў жыцці і ўбачыў гэтае дзіва!.. Ты па-аглядзі!..
Што ён вярзе, гэты Гонта! Зноў пра неба дудзіць! Як з бяды выкараскацца — вось пра што думаць трэба. А ён? На неба глядзіць!.. На неба? Але ж і ён, Алег, нядаўна гэтым жа небам захапляўся. Не выказаў, праўда, тое захапленне ўслых. Толькі што ён сам дзівіўся, што, здаецца, за ўсю вайну не бачыў гэткай густой сінечы над галавою!..