Выбрать главу

— Э-ээ! Ён пакрыўдзіўся!

— Было б з чаго! Але ў лес не пайду! Тата казаў, што бульбу давядзецца саджаць.

— Справяцца і без цябе,— сказаў Віктар.— Гайда! Э-э, дык ты і сапраўды не хочаш?.. Пашкадуеш… Гэ-эй, сівагракі! За мною!..

Дзіцячая чарада, гамонячы, неслася да лесу, а ён стаяў на ганку і глядзеў услед. Ах, як жа яму карцела кінуцца разам з усімі! Але крыўда замінала тады як след разабрацца ва ўсім, што адбылося. 3 чаго крыўда? Мянушку далі? Бяды тэй! Трэба прыняць усё за жарт, самому пажартаваць. I ў лес табе можна было пайсці. Не, бегчы ў лес нельга. Сапраўды, бацька казаў учора, што трэба саджаць бульбу, і зрабіў напамінак сёння ранкам, каб Алег не бавіўся пасля школы і адразу ж імчаў дамоў. Праўда, у гародзе не вельмі і працы той, і можна б было з сябрамі гайсануць у лес. Але трэба быць мужчынам: сказаў, што не пойдзе, значыцца, не пойдзе. А смаржкі? Няхай падрастуць смаржкі, па іх можна і заўтра злётаць. I Віктар без яго, Алега, не дужа-ткі і знойдзе тых смаржкоў. Ён у лесе як шалёны робіцца: дурэе, галёкае… А грыбы трэба збіраць спакойна, без тлуму, не спяшаючыся. Так што заўтра можна будзе ў лес схадзіць. I заўтра тая недарэчная мянушка, напэўна, ужо з галавы Віктаравай вылеціць…

На другі дзень ён сапраўды пайшоў з сябрамі ў лес па смаржкі, і вярнуліся яны адтуль з поўнымі кошыкамі грыбоў. Але перад гэтым адбылася падзея неспадзяваная, нечаканая, непрадбачаная і вельмі важная — у класе. Настаўніца прынесла сачыненні, была вельмі ўзрушаная, і першым разгарнула Алегаў сшытак.

— Сверын мяне здзівіў. Вельмі прыемна здзівіў і ўзрадаваў,— сказала яна.— Самае лепшае сачыненне — у яго. Добрых сачыненняў, праўда, багата гэтым разам. Але самае цудоўнае — ён напісаў. Я вам зараз пачытаю…

Усе ў класе слухалі ўважна, і ён сам пачаў слухаць з увагаю, як настаўніца чытала яго сачыненне, і дзівіўся, што сапраўды напісаў дужа ж хораша. Ён глядзеў у акно на знаёмую галінку клёна, і яму здавалася, што гэта не ён, Алег, пісаў сачыненне і што настаўніца не чытае сшытак, а проста расказвае цікавую гісторыю пра сівагракаў, якія вярнуліся з выраю ў родныя мясціны, знайшлі сваё ўтульнае леташняе жытло на старым клёне…

— Значыцца, сіваграк,— шматзначна сказаў Лысюк.—. А гэты, відаць, без гняздзечка,— паўтарыў ён і новым, насмешлівым голасам запытаў: — Ты чаго маўчыш? Я ўжо цыгарэціну дасмаліў, а тлумачэнняў тваіх не чую пакуль што!.. Ты ж мне правы мае хацеў патлумачыць. Ці так?

Алег яшчэ жыў успамінамі аб школе. Але ён адразу злавіў іронію ў словах Лысюка, набычыўся:

— Я хацеў і хачу толькі аднаго: разам з вамі пайсці… У бой пайсці!

Лысюк кінуў асмалак на дол, старанна прысыпаў яго сыпкім падзолам, уздыхнуў, не тоячы шчырай горычы:

— Разумны ж ты хлопец. А галоўнага — не цяміш. I дзевяць жа класаў за плячыма! Дзевяць жа, га?

— Адкуль? — Алег недаўменна паглядзеў Лысюку ў вочы.— Я ж толькі сем скончыў перад вайною.

— Значыцца, каб не вайна — у дзесятым быў ужо? Ці так?

— Так, у дзесятым,— разгублена пагадзіўся Алег.

— Вайна, дружа, усім лёс скарабаціла. Але ж і мы ёй пад самы дых далі. I пойдзеш ты сёлета ў свой дзесяты… Не блытаю я, не глядзі так. Год вайны я табе б за два класы залічыў. I павінны залічыць. Правільна было б?

Нечаканае і вельмі спакойнае, зусім без насмешкі запытанне канчаткова збіла Алега з панталыку. Ён спадзяваўся, што Лысюка пакрыўдзяць пярэчанні, што той паставіЦь свайго падначаленага па камандзе «смірна», загадае спыніць размовы і тэрмінова адпраўляцца ў гаспадарчы ўзвод. Калі Лысюк злуе — з ім можна спрачацца. А цяпер?.. Спакойнае запытанне пра школу… Ды ўсё прадумана знарок, усё робіцца на тое, каб падкрэсліць, што ты, маўляў, хлопчык, табе пра дзесяты клас думаць трэба… Але ж гэта — несправядліва! Фронт жа зусім блізенька! Можа, бой, што рыхтуе атрад на гравійцы за Дзвіною, будзе апошнім партызанскім боем. Можа, там, за Дзвіною, яны сустрэнуцца з роднай арміяй, якая наступае імкліва, пагоніць фашыстаў... А яно, Алеся, не пускаюць у бой, даручаюць нейкую другарадную справу, не давяраюць галоўнага. І хто не давярае! Лысюк! Той самы Лысюк, які неаднойчы казаў, што ён, Алег, і страляе па-снайперску, і разведчык прыроджаны, і кемлівы салдат. І той жа Лысюк цяпер, у гэткі адказны і важны момант, адсылае «прыроджанага разведчыка» ў гаспадарскі ўзвод, на звычайную і зусім нязначную працу, адсылае да Гонты, да хмурага, заўсёды чымсьці незадаволенага чалавека! І робіць ўсё гэта Лысюк спакойна, нібыта выпрабоўваючы Алегаву вытрымку!

Алег прамовіў стрымана, разумеючы, што толькі стрыманасцю ён можа нечага дамагчыся: