Дзе яны,
Нашы сонцам сагрэтыя высі?
Дзе дарога,
76
Якая да шчасця вяла?
Пэўна, пастыры нашы
Да багатых дзядзькоў падаліся,
Прагавіта збіраюць аб'едкі
З чужога стала...
Завадскія цяжкія муры
Затаіліся безгалоса.
Над засохлымі рэчкамі
Вісне застойны смурод...
Ну няўжо ты знябыўся
Пад подлымі ўдарамі лёсу,
Ну няўжо ты зусім змізарнеў,
Мой адважны і горды народ?
Не хадзіў ты ніколі па свеце
З іржавай жабрацкаю місай,
I чужога не браў,
I разбой не чыніў у жыцці.
Абудзіся ж ад сну,
Азірніся наўкол,
Схамяніся!
I не дай
Чорным глеем
Крынічкам тваім зарасці.
Як даўно і нясцерпна
Людства вольнае хоча,
Каб на поўныя грудзі
Свабоды ўдыхнуць ты паспеў,
Каб развесніў лагодаю
Чыстыя сінія вочы
I сагрэў весялосцю
Свой зажураны спеў!
* * *
Калі цябе я,
Край мой,
Пакідаў,
Я ведаў,
Што за цёплым акіянам
Мне будзе не хапаць
Тваіх атаў,
Тваіх суніц
I яблыкаў крамяных.
Разлукі чашу выпіў я да дна,
Ператрываў тугу начэй бяссонных
I зразумеў,
Што кроў у нас адна,
Адна душа
I лёс адзін —
Да скону.
I я вярнуўся,
Твой самотны сын,
Хоць шлях няпросты быў і некароткі.
I не змаглі ўбіць паміж намі клін
Ні сыканне,
Ні гіканне,
Ні плёткі.
Нічога,
Што ты шчасця не паднёс
I вочы твае поўныя журбою.
Я не хаваю ачышчальных слёз.
Я дома.
Я з сябрамі.
Я з табою.
* * *
Я ведаю,
Мне дома будзе горш.
Я ведаю,
Мне дома будзе горка.
Але ірвуся
З сытага Нью-Ёрка
У Мінск,
Дзе гастраноміі — на грош.
Зманю,
Калі скажу:
Не ўспомню больш
Кавярні з вострым водарам цытрыны,
Напоўненыя рэчамі вітрыны,
Імклівыя бясшумныя машыны,
Цэнтральны парк,
Начны Брадвей...
I ўсё ж...
Ні варажбіт,
Ні мудры экстрасенс
У тым не знойдуць логікі асновы,
Што так імкнуся ў бедны кут сасновы,
Пакінуўшы ўбаку разумны сэнс.
I мне ўжо ні пасада,
Ні багацце
Не перашкодзяць кінуцца туды,
Дзе ля парога —
Шэры цень бяды,
Дзе нівы засыхаюць без вады
I з ростані мяяе чакае маці...
Што тут паробіш,
Калі ўсе гады
Я нёс,
Нібы пракляцце і закляцце,
Упартую адданасць роднай хаце
I ўдзячнасць краю,
Дзе жылі дзяды.
* * *
Як толькі ў густым вечаровым тумане
Ускрыкне вавёрка ці птушка якая,
Цяжкое халоднае прадчуванне
Мне сэрца сціскае,
Зноў сэрца сціскае.
Далёкай Радзімы забытыя цені
Выходзяць, нячутныя, з лесу старога.
Ва ўсе спадзяванні,
На ўсе летуценні
Крадзецца трывога,
Кладзецца трывога.
У памяць заходзяць рашучай ступою
То водбліск зарніцы,
То водгулле грома.
I думка адна не дае супакою:
А як жа там дома?
Ну як жа там дома?..
Няхай сабе ціха,
Няхай сабе глуха —
Імя Беларусі душа паўтарае.
Няўжо не пачуе ніводнае вуха
Ва ўсім родным краі,
Па ўсім родным краі?..
* * *
У брудным Брукліне ў Нью-Ёрку,
Дзе доля горкая жыве,
Я чую наскую гаворку
I мову родную ў царкве.
У кожным гуку так дарэчы
Сярод глухіх чужых муроў
Лаўлю я ўсплеск палескіх рэчак
I гоман полацкіх бароў.
Ашчадна захавалі ўсё-ткі
Жывое слова землякі,
Браслаўскія сівыя цёткі,
Мажныя слуцкія дзядзькі.
Звязала мова ім
Набыткі
I сцежкі ўсе ў клубку гадоў,
Як тая суравая нітка,
Што лучыць з кроснамі дзядоў.
Ці не таму так лёгка
Сэрца,
Ледзь толькі памяць запалі,
На ласку Бога адгукнецца
I песню з матчынай зямлі?..