Выбрать главу
* * *
Расстайныя дарогі. Дзявочая туга. I месячык двухрогі. I зорак мітульга. I прывідныя цені. I крылаў мяккі ўзмах. I рук перапляценне. I горыч на губах. Разгойданае вецце. Цяжкі, самотны ўздых. I вечнасць. I бяссмерце... Жыцця кароткі міг.
* * *
Не пакідай мяне. Пабудзь яшчэ. Перашапчу табе ўсе казкі свету. I прачытаю тайнапіс вачэй. I зразумею ўсе твае сакрэты.
Дазволь, Як пасля першага глытка, Забыць вясновай хмельнасці гарчынкі I залатым крылом маладзіка Разгладзіць твае лёгкія маршчынкі.
Няхай расстання чорная жуда Нас не кране сваім агнём халодным. Не пакідай мяне. Не пакідай. Не пакідай I сёння, I заўсёды.
* * *
Так, я перад табою вінаваты За доўгія самотныя гады, За непаразуменні ўсе і страты, За майскія замоўклыя сады, За словы непатрэбныя і ўчынкі, За наш касцёр, што ледзьве не ачах, За сівізну і раннія маршчынкі I стому вечаровую ў вачах, За вольніцу і шумны хмель пракляты, За ростані і тайны недавер. А больш за ўсё бязмежна вінаваты, Што я цябе кахаю і цяпер.
* * *
А я не веру, Што пайшло каханне З гадамі маладымі на спачын, Што нашых вуснаў,
Нашых душ яднанне Не можа сівізны перамагчы.
Я і цяпер разгадваю, Як тайны, Твой кожны дотык, Кожны позірк твой. Ад старасці ахоўваю адчайна Святыя хвілі радасці жывой, Калі тваё спякотнае дыханне Сціхае ўранні на маім плячы...
I я не клічу новае каханне. Мне б тое, Маладое, Зберагчы.
* * *
Ці ўспамінала ты мяне, Калі я доўга быў далёка?
Хоць у нядзелю, Хоць у сне Ці ўспамінала ты мяне З пяшчотай і журбою лёгкай?
Ці выглядала мілым вокам Мой цень у ранішнім акне, Ці чула ў незнаёмых кроках Маю хаду? Было ці не?
Ці ўспамінала ты мяне?
Было мне ў дальняй старане Тужліва так і адзінока, Што я паверу і мане, Што ўспамінала ты мяне, Калі я доўга быў далёка...
* * *
Чаму ты помніш сумнае адно? Было ж у нас вясёлае, здаецца, I ад кахання абмірала сэрца, I ноч нам зоркі сыпала ў вакно.
Няўжо яно забылася даўно I ў памяці жывой не адзавецца, Як залатое поўнае вядзерца, Што нечакана ўпушчана на дно?
А мне адно шчаслівае відно У далечы, што мараю завецца. Там і сягоння не закрыты дзверцы I не дапіта хмельнае віно.
Хай не знайшлі мы дзіўнае руно, Але прайшлі сцягой адзінаверцаў, I на вячэрняй роздумнай паверцы Не ўспамінай журботнае адно...
* * *
Як цябе няма са мною побач, Белы свет халодны і пусты. I гукаю я тады на помач У адчаі: — Любая, дзе ты?!
Хай вакол вірыць жыццё нястомна, Маладосць ад шчасця ў бубны б'е, Я ўсё роўна быццам непрытомны I асірацелы без цябе.
Поспех, Слава, Дабрата зямная, Што ў душу завабілі вясну, Без цябе, Я гэта добра знаю, Трацяць сваю даўнюю цану.
Адплываюць жураўліным клінам Летуценні, Песні I лісты... Можа, я пасля сябе пакіну Толькі крык мой: — Любая, дзе ты?!
* * *
Як мы патрэбны ўсе адзін другому — З усмешкай ветлай, З цеплынёю рук,— Я гэта зразумеў, Калі дадому Вярнуўся з самай клопатнай з разлук.
Я прызнаваўся ў роспачы бяссоннай, Што для жыцця — Важнейшая з акрас, Калі ў ахрыплай трубцы тэлефоннай Знаёмы голас зловіш яшчэ раз.
Як шчасце, ўспамінаю ўсе драбніцы Сямейных і сяброўскіх вечароў... Яно ж зусім няцяжка — Не забыцца Для маці, Для каханай, Для сяброў Агеньчык запаліць у беспрасвецці, Адклікнуцца далёкім жураўлём, Пакуль яшчэ жывём на гэтым свеце. Пакуль яшчэ жывём. Пакуль жывём...