Нехта галосіць.
А нехта бязладна ляпеча...
Бабка ж Аўдоцця
Ніяк не расстанецца з печчу.
Перамаўляецца з ёй напаўголаса,
Нібы з жывою,
I да ляжанкі хінецца
Сваёю сівой галавою.
— Як жа ты будзеш адна,
Без мяне,
Мая любка?
Ты ж не пліта,
Не камін,
Не буржуйка,
Не грубка.
Я ж цябе
Толькі сухімі дрывамі
Паліла
I перад святамі
Свежаю крэйдай
Бяліла.
Столькі гадкоў
Мы жылі з табой
Дружна і міла.
Ты мяне грэла,
Карміла,
Не дужа дыміла.
I засланіла не раз
Перад смерцю самою.
I засталася са мною
Сяброўкай маёй
I сям'ёю.
Мужа забіла вайна,
А блакада дзяцей загубіла.
У галадуху
Радню ўсю
Забрала магіла.
Толькі з табой
I падзелішся
Скрухай і горам.
Мы і паплачам удзвюх,
I паскардзімся,
I пагаворым.
А вось цяпер
I зусім
Давякую
Адна я.
Хто будзе з нас шчаслівейшы,
I Бог сам не знае.
Перахрышчу я,
Дазволь,
Цябе тройчы
На ростань
I абагрэю
Здавён прыхаванай
Бяростай...
Двор свой пакінула бабка
Спакойна і смела.
Толькі з аўтобуса
Доўга
На родную вёску глядзела.
Бачыўся ёй
Пачарнелы ад часу дамок
I, як дыханне,
Над комінам
Сіні дымок.
Рахунак 904
З кожнаю бядою ўваскрасае
Душ людскіх самаахвярны фронт.
Сам сабою ўзнік галоўны самы
Наш народны, наш гаротны фонд.
Як і ў дні ваеннай небяспекі,
Да людзей на выручку пайшлі
Горкія дзіцячыя капейкі,
Кроўныя рабочыя рублі.
Папаўнялі шахты і арцелі
Гэту надзвычайную казну,
Быццам бы мы ўсе сплаціць хацелі
Страшную агульную віну.
Устарэлі ўсе арыенціры,
Да якіх прывык наш сонны дом.
Стаў рахунак дзевяцьсот чатыры
Грозным і няпісаным судом.
Мы яму навыперадкі неслі —
Гэтак шчыра, можа, ўпершыню —
Зберажэнні, прэміі і пенсіі,
Міласэрнасць, боль і дабрыню.
(Праўда, паспелі падсунуць пры гэтым
Подлыя «ўзносы» спалох і спадман:
Спеў салаўёў калыхалі газеты,
I супакоем свяціўся экран,
Страх журналісту вытрымку выеў,
Выбіў разважлівасці тармазы:
«Добра, што вецер дзьмуў не на Кк-у...»
Дзьмуў ён на Гомель і на Мазыр.
А на экране чыноўнік вучоны
Не затуманіў спагадаю твар —
Што яму вецер чарнобыльскі чорны! —
«Тэхнічны прагрэс патрабуе ахвяр...»)
Наша воля не дала прыгладзіць,
Апраўдаць нядбайніцтва і зло,
Каб нідзе дзяржаўнае бязладдзе
У бязлюддзе не перарасло.
Больш, чым грошы, хай штодзённа поўняць
Наш святы усенародны фонд
Дзелавітасць, вера, прынцыповасць,
Ясны розум і працоўны пот.
I дурная куля ў зорным ціры
Да мішэні хай не даляціць...
Па рахунку дзевяцьсот чатыры
Доўга-доўга нам яшчэ плаціць.
* * *
Памяці герояў-пажарнікаў
Год за годам сеяць нам і жаць,
На зямлі дагледжанай і добрай.
А яны глыбока ў ёй ляжаць —
Віцязі ў цяжкіх пажарных робах.
Мяккая вясновая трава
Ім не ўсцеле цесныя пасцелі.
Мы іх не паспелі ўратаваць.
Нас уратаваць яны паспелі.
У свінцовых трунах леглі ў жвір -
Шпаламі пад рэйкамі прагрэсу.
Збераглі нам Кіеў і Мазыр.
Збераглі нам Гомель і Адэсу.
Першародны жытні пах раллі
I ваду ў крыніцы прыдарожнай —
Столькі для нашчадкаў збераглі,
Што сягоння і злічыць няможна.
Ні шаленства смерчаў агнявых,
Ні бяссілле іх не збілі з тропу.
Быў бы ў іх, каб азірнуцца, міг —
За сабою ўбачылі б Еўропу.
Ды яны не ўгледзелі як след
Нават гібель позіркам юначым.
Гэта мы неспапялёны свет
Іх вачамі здзіўленымі бачым.