Выбрать главу
Як толькі сонца бліснула ў акне, Яна спалох панесла да суседзяў, Каб нехта ў дзіўным, недарэчным сне I тайны сэнс, і тайны знак угледзеў. Зноў прыгадала ўсе свае гады, Усе свае сакрэты і прыкметы. Калі ён быў худы і малады, Дык на пабыўку прыязджаў штолета. Гарэў у печы весела агонь. Па хаце праплывалі кропу хвалі. I ціха пад ягонаю нагой Памытыя маснічыны спявалі... Вярнулася вясёлая. На ўслон Прысела, Перш чым корпацца ў гародзе. «I праўду кажуць: Глупства — гэты сон. Чаго не навярзецца ў адзіноце...» Палола, палівала цэлы дзень. Курэй у хлеў загнала на змярканні. Прылегла. А жаданы сон не йдзе. I сэрца распінаюць прадчуванні. На вуліцы не ціхнуць галасы. Пад коўдраю ніяк не прымасціцца... I ўсё ў вачах стаіць далёкі сын. I ўсё рыпяць старэнькія масніцы...
* * *
Ноч над лугамі, расою намоклымі, Хмаркі рассоўвае. Зноў і на сэрцы маім, і за вокнамі Ціша бяссонная.
Нейкая птушка ніяк не ўгамоніцца, Пырхае, ціўкае. Можа, і ў птушкі старая бяссонніца Роспачнасць ціхая.
Ці не хапае святла над разорамі, Ветру мурожнага? Ці і ў яе між зямлёю і зорамі
Столькі трывожнага?
Цьмяна заранка за вёскаю бліскае, Птушку палохае. Крылы слабыя. Надвор'е вятрыстае. Доля нялёгкая.
I ўжо на выгане вырай збіраецца Купкаю рэдкаю... Вось і засні тут, чакаючы раніцу, З гэткай суседкаю...
* * *
Ён вечна быў мне казкай, Таемнай і прыгожай. Ды ўсё часцей З апаскай Я ў родны лес прыходжу.
Мне злосны горкі роздум Вярэдзяць штохвіліны Разбураныя гнёзды, Зламаныя галіны.
Засыпалі палянкі I барсуковы сцежкі Пагнутыя бляшанкі, Старыя галавешкі...
Падораная Богам Уся краса лясная Ад варварства людскога Зняможана канае.
Прыбраў сухое голле I здзёртую кару я... Няўжо і мне ніколі Лес родны не даруе?
Вы за мяне, За грэшніка, Замоўце хоць бы слоўца, Ласкавы ліст арэшніку, Калючы куст ядлоўцу...
* * *
Каб паслухаць Белавежу, Я пайду па цаліку, Па марознаму бязмежжу, Па рыпучым шарпаку, Забяруся ў глуш такую, Дзе пануе белізна, Толькі рыжая мышкуе, Ды парыпвае сасна, Ды з вяршалін анямелых Абтрасае Вецер снег. I навокал — Бела-бела. I зацішна — Як у сне.
Там высокія сумёты Паўпіраліся ў камлі, Нібы айсбергі самоты Прьгалылі з усёй зямлі.
Пад ялінаю кашлатай Шышкі выслалі пасцель. Заварожаныя шаты Ад вачэй Схавалі цень.
I праз выстыласць лясную, Праз глухое забыццё Нечакана я пачую Сэрца ўласнага біццё.
I знайду сляды старыя, I ў бязмоўнасці снягоў Усхвалёвана адкрыю Вечнасць гэтага ўсяго...
* * *
Стаміўся ад бясконцай калатні, Ад пустазвонства заклікаў і хартый, Ад палітычнай шулерскай гульні, Ад мільгацення лозунгаў і партый.
Заблытаўся ў настырнай чарадзе Празорцаў і апосталаў крыклівых, Што на людскім даверы і бядзе Сабе падрыхтавалі ўзлёт імклівы.
З іх кожны разбіраецца як след, Куды дарога выведзе прамая. I кожны кліча за сабою ўслед. I кожны Бога новага ўзнімае.
Яны крычаць пад крыламі сцягоў Аб волі, справядлівасці і хлебе...