Выбрать главу
Мой Бог — народ. I больш няма багоў Ні на зямлі бязбожнай, Ні на небе.
Яму, як цудадзейнаму ўрачу, Што воляй найвышэйшаю абраны, Сваю душу збалелую ўручу I ўсе мае абвугленыя раны.
Ён прыбярог гаючасці запас. А тых, што зграяй лётаюць па краі,— Я веру, Непазбежна прыйдзе час,— Мой Бог за святатацтва пакарае...
* * *
Адкуль нам лёс яго прынёс, З якога пастырскага поля? Ён горда ўзняўся, Як Хрыстос, Над нашай горкаю юдоллю.
У далечы, Дзе пыл і прах, Ён вокам праведным убачыў Святы выратавальны шлях З няволі нашай і нястачаў.
Ён кліча вояў да сябе. Ён ведае, што заўтра будзе... I кулаком рашуча б'е У звонкія ад гневу грудзі.
Сабе палёгкі не дае, Хоць да крыжа і не прыкуты, Вяшчуе гучна пра свае Выпрабаванні і пакуты.
Ужо скрывавіўся кулак, Ужо нашчэнт разбіты грудзі... Але Хрыстом усё ніяк Яго назваць не хочуць людзі.
* * *
Наш парламент да дзівос ахвочы. Гэткага, відаць, не бачыў свет: Дэпутаты з асалодай топчуць Яшчэ кволы суверэнітэт.
Ярлыкі расклейваюць сурова, Распаляюць пракурорскі сверб: То не даспадобы наша мова, То не тыя даўні сцяг і герб...
Дабівайце край наш, Дабівайце Злосцю, Раўнадушшам, Глухатой. Толькі аб адным не забывайце, Што без Беларусі вы — ніхто.
Не крычыце, Што займелі права Выбраць для сябе і лёс такі, Што ва ўсіх людзей — Свая дзяржава, Ну а мы — Нібыта прымакі.
Так, Для вас мы — Смешныя тубыльцы, Неслухі з правінцыі глухой, Што павінны міласці дабіцца — Жыць з суседам пад адной страхой. Як карціць вам Вопытнаю хваткай Нам зламаць на ваш капыл жыццё
Ну а што вы скажаце нашчадкам? Як вы ў вочы ім пагледзіцё?..
* * *
Разгублена ўзіраецца Айчына — Што за дзівосы робяцца ў жыцці: Палітыкі і ўгледзець немагчыма. Ну а палітыкаў — хоць гаць гаці.
Паміж старымі новыя пасталі. Аб'яўленыя, як правадыры. Хто — на трыбуне, Хто — на п'едэстале Ці то ў сталіцы, Ці ў сваім двары.
Ад закліканняў — Розгалас шырокі. Ад смелых выкрыванняў Аж трасе. Усе — Першапраходцы і прарокі. Пакутнікі і праўдалюбы — ўсе.
Даходзяць у запале да вар'яцтва — З душы вылазіць бессаромны звер. Адрынуты сяброўства і сваяцтва, Адкінуты сумленнасць і давер.
Не могуць ні ачахнуць, ні спыніцца, Сляпыя самазванцы-каралі. I ўскач нясецца ўлады калясніца... Чым скончыцца ўсё гэта I калі?
Сон
Страшны кашмар Мяне мучыць да раніцы. Жудасны сон Зноў і зноў паўтараецца:
Быццам бы воля злавесная нейчая Шэрых ваўкоў пасяліла з авечкамі.
I пад аўчынаю Знікла адвечнае. Што тут — Ваўчынае? Што тут — Авечае?
Ходзяць ваўкі кучаравыя Пашамі. Выюць авечкі З клыкастымі пашчамі.
Не заўважаюць Ні сена, Ні зайцаў Б'юцца ілбамі, Штоміг агрызаюцца.
Кожны лаўчыцца Іншага зжэрці I не шкадуе Ні шкуры, Ні шэрсці.
А праз выццё I бляянне авечае Ясна чуваць Галасы чалавечыя:
«Што ж не ў засценках Вы ўсе апынуліся — Проста за сцэнай Пераапрануліся? Вымелі вон Маніфесты з дакладамі, Робіце шмон З адрасамі дакладнымі.
Сталі шпікамі З начнымі пагонямі. Пад пінжакамі — Мундзіры з пагонамі...»
Зграя гырчыць, Не даруе, Не каецца I загрызае Усіх, Хто спаткаецца.