— Піце, піце на здароўе, — частуе Яўфім. I пілі. Пачаткова культурна. Вып'е той-сёй кубачак і стане з боку, пакуль Яўфім зноў прыпросіць. Але, калі тое сваё рабіць пачало, дык культуру кот на хвасце панёс. Па голавах лезці пачалі, абы да бочкі хутчэй. Нават з пасудзінай сваёй прыходзілі — у каго квартачка, у каго каструлька. Ужо і да Яўфіма кідаюцца, чаму той чаргі не пільнуе. Найгорш было калі піва скончылася. Да бочкі лезуць, а піць няма чаго. Тады ўжо і Яўфім спалохаўся. А што, думаеце, народ раззлаваны.
— Што вам у голаву прыйшло? — пыталі потым у Яўфіма.
— Ат, стары я ўжо, паміраць хутка, а тут мо не адзін і ў крыўдзе ад мяне. Навошта ж грэх на той свет цягнуць? Дай, думаю, хоць раз дабро людзям зраблю. Пабачу, як гэта яно, калі ўсё супольнае будзе.
Дзівак быў Яўфім...
СТАЖ
Кожная праца патрабуе падрыхтоўкі. Нават скрынкі, і тыя, трэба ўмець збіваць. Здавалася б, вялікая тут мудрасць, а яшчэ Раману, які не адзін дом у жыцці паставіў? Але ж не, не так яно ўжо і проста.
У мінулым годзе Раман, у пошуках лёгкага жыцця, у горад пераехаў. А ў сувязі з тым, што ўжо пятую дзесятку даўно за сябе перакінуў, працы ён пачаў шукаць. Пенсіяй жа трэба на старасць абяспечыцца. I пайшоў на завод. А там, зведаўшы, што нешта супольнае з сякераю ён меў, скрынкі збіваць паставілі. Прывучыся, моў, а там пабачым.
Схапіў Раман малаток ды цвікі і давай. А скрыначкі на дзіва выходзяць, адна ў адну. Усе роўныя, моцныя. Горбу наваліў у рост чалавека.
— Ну, так... цмокнуў майстар, прыйшоўшы праверыць свайго навічка. — На пачатак то яшчэ нічагавата, — пачуў Раман замест пахвалы.
На другі дзень ён яшчэ больш прылажыўся. Мерыць, адрэзвае. Дзе гэблікам падцягне, дзе ножыкам падстружа. Мусіць быць роўна, гладка.
— Дошак не хопіць! Што заўтра рабіць будзеш? — пасмейваліся рабочыя. — Закурыў бы як чалавек.
— Не куру, — і далей махаў малатком. Але і на гэты раз майстар не пахваліў.
— Нейкія дзіўныя яны ў цябе, — тыцнуў пальцам на скрынкі. — Другі дзень працуеш, а ніяк скеміць не можаш. Заўтра двух спецыялістаў па драўнянаму рамяству прышлю. Паглядзіш.
— Дзе прычына? — разважаў Раман. — Столькі ж дамоў пабудаваў, а тут простай скрынкі збіць не патраплю...
Майстар стрымаў абяцанне. Прыслаў. I давай яны паказваць. Прыглядаецца Раман, а тыя без ніякага там мерання, прыложаць дошку да дошкі, каб між імі нешта падобнае да простага кута было, і загоняць цвік, аж галоўка загнецца. Расколецца дошка, дык у кут шпурнуць.
— Скеміў? — спытаў у канцы дня майстар.
— Так! Цяпер так! Зразумеў! А я думаў...
З гэтага часу Раман прыкладным рабочым стаў. I так авалодаў сваёй прасресіяй, што другіх вучыць пачаў.
ЗЛАВІЎ
Як усё дзіўна ў гэтым жыцці бывае. Тут радасць — хоць ты поўнымі жменямі пхай у кішэні, то зноў надыдзе такое, што, душы, здаецца, не чуеш і толькі дурныя думкі ў галаву прыходзяць ды бяссільная злосць у сэрцы кіпіць. Жыццё — мастак сітуацый. Быццам бы сядзела яно пры шахматным полі і перасоўвала людзей нібы фігуркі. Так...
Час аднастайна тупаў зграбнымі стрэлкамі па цыфербляце прывакзальнага гадзінніка. Некалькі хвілін і паміж перонамі спыніўся, засопшыся, цягкік. Сустрэліся яны пры білетных касах. Ідучы праз парк, размаляваны восеньскай рукою, спехам запаўнялі сваё месячнае расстанне.
— Нічога асаблівага, так як дома, — прытуляецца да мужа Лена. — Некалькі начэй падрад суседка начавала, бо яе Андрэй зноў пачаў таўчы пасудзіну. А потым зноў нашыя з вёскі прыехалі. А ты?
— Ну, ведаеш, так як у камандзіроўцы — і адпачыць не адпачнеш, і напрацавацца не напрацуешся.
Уздымаючы нагамі асыпанае лісцё, ішлі яны ў напрамку сваёй хаты. Але раптам:
— Маё вітанне! — нехта махнуў нізка капелюшом ды заазіраўся.
Можа падвыпіўшы, можа не пазнаў. Лена нібыта крыху збянтэжылася, нібыта са здзіўленнем паціснула плячыма і глянула на Колю быццам бы шукала ў яго паяснення — Хто гэта, моў?
Але Коля спытаў у яе.
— Упершыню бачу. П'яны мабыць нейкі, а мо абазнаўся.
— Ну-ну. З незнаёмай так не вітаюцца. Хто гэта?!
— Далібог не ведаю. Я думала, што ён з табою.
— Не ведаеш? Гэта так — я ў камандзіроўцы, а ты гуляеш?!
— Ну, не знаю я яго!
— Утойвай — не ўтойвай і так дайду, валацуга ты!
— Дык у суседкі папытай. Хай скажа, ні я куды хадзіла?