Выбрать главу

А гэта ўжо вялікая ўдача.

— Машыну, — загадвае міністр.

На гэтым ягоная ўлада канчаецца. Сакратар выходзіць. Але сакратар не ведае, ці існуе на свеце аўтамабіль міністра. Электрычны провад не звязвае сакратара з шафёрам аўтамабіля. Шафёр загубіўся дзесьці ў сусвеце. Што могуць яны, урадаўцы, ведаць пра вайну? Сувязь настолькі разладзілася, што нават нам — і то спатрэбіўся б цэлы тыдзень, каб выслаць бамбардзіроўшчыкаў на выяўленую намі танкавую дывізію. I якія звесткі могуць атрымаць кіраўнікі пра гэтую краіну, з якой вывальваюцца вантробы? Данясенні распаўсюджваюцца з хуткасцю дваццаці кіламетраў у дзень. Тэлефоны перагружаны або сапсаваны і не могуць перадаць ва ўсёй паўнаце Сутнасць, якая ў гэты момант развальваецца на шматкі. Урад вісіць у пустэчы, у палярнай пустэчы. Час ад часу да яго даходзіць адчайны лямант аб паратунку, аднак гэты лямант абстрактны, ён зведзены да трох радкоў. Скуль кіраўнікам ведаць, ці не памерлі ўжо з голаду дзесяць мільёнаў французаў? А лямант дзесяці мільёнаў чалавек умяшчаецца ў адну фразу. Патрэбна фраза, каб нешта сказаць:

— Прыйдзіце а чацвёртай гадзіне да X.

Або:

— Кажуць, загінула дзесяць мільёнаў чалавек.

Або:

— Блуа палае.

Або:

— Нарэшце адшукалі вашага шафёра.

I ўсё гэта адным і тым жа тонам. Без выключэння. Дзесяць мільёнаў чалавек. Машына. Усходняя армія. Еўрапейская цывілізацыя. Адшукалі шафёра. Англія. Хлеб. Якая гадзіна?

Я даю вам сем літар. Гэтыя сем літар узяты з Бібліі. Ану, паспрабуйце ўзнавіць па іх Біблію!

Гісторыкі забудуць рэальныя падзеі. Яны навыдумляюць нейкіх разважных людзей, таемнымі повязямі звязаных з сусветам, у якім усё для іх было зразумела, здольных на глыбокія падагульненні і на важныя вывады па ўсіх чатырох правілах картэзіянскай логікі. Яны сумеюць адрозніць сілы дабра ад сіл зла. Герояў ад здраднікаў. Але я задам простае пытанне:

— Каб здрадзіць, трэба быць адказным за нешта, нечым распараджацца, на нешта ўздзейнічаць, нешта ведаць. Па цяперашнім часе для гэтага трэба быць геніем. Чаму ж, дазвольце запытацца, здраднікаў не ганаруюць ордэнамі?

Усюды спакваля ўжо праглядвае воблік міру. Але не таго выразна абмаляванага міру, што, як новы гістарычны этап, звычайна наступае па войнах, канчаткова завершаных дагаворамі. Гэта нейкі няўцямны перыяд, гэта канец усяго. Канец, які ніяк не можа прыйсці да канца. Балота, у якім у рэшце рэшт вязне ўсякі парыў. Набліжэння развязкі — добрай ці кепскай — не адчуваецца. Хутчэй наадварот. Усё спакваля апускаецца ў гніль часовага, якое здаецца вечным. Развязкі не будзе, бо няма за што ўхапіцца, каб выцягнуць краіну з гэтага стану, як выцягваюць тапельніцу, заматаўшы на руку яе валасы. Усё зруйнавана. I нават пры самым энергічным намаганні ў руцэ застаецца толькі пасмачка валасоў. Наступаючы мір — не плод рашэння, прынятага чалавекам. Гэты мір бярэ свае, як праказа.

Там, пада мною, на гэтых дарогах, дзе гіне караван бежанцаў, танкісты то забіваюць людзей, то падаюць ім напіцца, там усё нагадвае багну. Мір, які ўжо прымешваецца да вайны, ператварае вайну ў гнілізну.

Мой сябар Леон Верт аднойчы ў дарозе аказаўся сведкам характэрнай размовы, пра якую ён збіраецца расказаць у вялікай кнізе. Па левы бок дарогі — немцы, па правы — французы. Паміж імі — нетаропкі вір эвакуацый. Сотні жанчын і дзяцей, як хто можа, ратуюцца з успалымнелых аўтамашын. Артылерыйскі лейтэнант, заціснуты ў гэтым заторы, намагаецца прывесці ў баявую гатоўнасць сямідзесяціпяціміліметровую гармату, па якой пастрэльвае вораг. Але вораг б'е міма цэлі, косіць людзей на дарозе — і маткі бягуць да лейтэнанта, які, абліваючыся потам, упарта, дзеля выканання нейкага цьмянага абавязку, стараецца ўра-таваць пазіцыю, хоць яна не пратрымаецца і дваццаці хвілін (іх тут усяго дваццаць артылерыстаў!):

— Прэч адсюль! Прэч алсюль! Вы проста нягоднік!

Лейтэнант і яго салдаты адыходзяць. Яны ўсюды натыкаюцца на праблемы, якія выстаўляе перад імі мір. Забіваць дзятву на дарогах недапушчальна, канечне. А кожнаму ж салдату, які страляе, даводзіцца страляць у спіну дзіцяці. Кожны грузавік, які прабіваецца наперад ці спрабуе прабіцца, рызыкуе загубіць мноства людзей. Таму што, рухаючыся супроць цячэння, ён няўмольна стварае непраходныя заторы.