I калі па дарогах брыдуць куды вочы глядзяць гэтыя салдаты з разбітых часцей, гэтыя воіны, якія апынуліся на вайне без работы, на іх абліччах няма таго адчаю, які прыпісваюць пераможаным патрыётам. Яны падсвядома прагнуць міру, гэта праўда. Але мір у іхніх вачах — усяго толькі канец гэтага неверагоднага вэрхалу, магчымасць зноў знайсці сябе, сваю асобу, хай сабе і самую сціплую. Гэтак стары шавец у сне забівае ў боты цвікі. I, забіваючы цвікі, ён выкоўвае свет.
I калі яны рушаць куды вочы глядзяць, то гэта ад усеагульнай неразбярыхі, якая раз'ядноўвае іх, а зусім не ад жаху перад смерцю. Іх нішто не жахае: яны спустошаны.
XVII
Існуе непарушны закон: пераможаных немагчыма адразу ператварыць у пераможцаў. Калі пра армію кажуць, што яна спачатку адступае, а цяпер дае адпор, то гэта ўсяго толькі слоўнае спрашчэнне, бо войска, якое адступала, і тое, якое зараз вядзе бой, — не адно і тое ж. Адступіўшая армія ўжо не была арміяй. I зусім не таму, што гэтыя салдаты былі не здольныя перамагаць, а таму, што адступленне руйнуе ўсялякія повязі — і матэрыяльныя, і духоўныя, — якія звязвалі людзей паміж сабою. Натоўп разрозненых салдат, якія пры адступленні прасачыліся ў тылы, замяняюць свежымі рэзервамі, якія дзейнічаюць, як адзіны арганізм. Менавіта яны і затрымліваюць ворага. Што да ўцекачоў, дык іх збіраюць да купы, каб з яе зноў вылепіць армію. Калі няма рэзерваў, якія можна кінуць у бой, першае ж адступленне набывае тады непапраўны характар.
Знітоўвае адна толькі перамога. Паражэнне не толькі раз'ядноўвае людзей, яно прыводзіць чалавека і да разладу з самім сабой. Калі ўцекачы не аплакваюць Францыю на краі пагібелі, то менавіта таму, што яны пераможаныя. Бо Францыя пераможана не вакол іх, а ў іх саміх. Аплакваць Францыю азначала б ужо быць пераможцам.
Амаль усім — і тым, хто яшчэ супраціўляецца, і тым, хто перастаў супраціўляцца, — воблік пераможанай Францыі вырысуецца значна пазней, у часіну суцішнасці. Сёння кожны дарэшты захоплены якой-небудзь найпрасцейшай дэталлю, якая сапсавалася ці зусім прыйшла ў нягоднасць, — растрэсеным грузавіком, запруджанай дарогай, закліненай рукаяткай сектара газу, бязглуздым заданнем. Тое, што заданне робіцца бязглуздае, — адмета катастрофы. Таму што бязглуздым робіцца любое намаганне, скіраванае на тое, каб прадухіліць катастрофу. Таму што ўсё ў разладзе з самім сабой. Ты аплакваеш не ўсеагульны розрух, а той адзіны прадмет, які ты здольны ўспрымаць на дотык, за які ты ў адказе і які ўжо нікуды не варты. Францыя на краі пагібелі патанае ў моры абломкаў, і кожны з іх ужо нічога не варты: ні гэтае заданне, ні гэты грузавік, ні гэтыя дарогі, ні гэтая праклятая рукаятка сектара газу.
Канечне, разгром — маркотнае відовішча. Нізкія душы пры ім выяўляюць усю сваю нізасць. Марадзёры апынаюцца марадзёрамі. Рушацца грамадскія асновы. Бязмежна збрыдлае само сабе і знясіленае войска нішчыцца ў гэтай бязглуздасці. Усё гэта непазбежныя праявы разгрому, як бубоны — праява чумы. Але калі вашу каханую збівае грузавік, хіба вы станеце папракаць яе за калецтва?
Паражэнне накладвае на пераможаных таўро віны, і ў гэтым яго несправядлівасць. Як можа паражэнне выявіць прынесеныя ахвяры, беззапаветную шчыравернасць абавязку, добраахвотныя нягоды, самаадданыя турботы, калі бог, які вырашае зыход бою, не палічыўся з усім гэтым? Як можа яно выявіць любоў? Паражэнне выяўляе бездапаможнасць начальнікаў, разброд у войсках, абыякавасць натоўпу. Часта людзі сапраўды ўхіляюцца ад выканання абавязку, але што азначае само гэтае ўхіленне? Дастаткова было праляцець вестцы пра контрудар рускіх альбо пра ўступленне ў вайну амерыканцаў, каб людзі сталі зусім іншыя. Каб іх знітавала агульная надзея. Сходная чутка штораз ачышчала ўсё, як парыў марскога ветру. Не трэба судзіць Францыю па выніках катастрофы, якая спасцігла яе.
Францыю трэба судзіць па яе гатоўнасці на самаахвяраванне. Францыя прыняла бой насупор праўдзе логікаў. Логікі даводзілі нам: «Немцаў восемдзесят мільёнаў. За адзін год мы не можам стварыць сорак мільёнаў французаў, якіх нам бракуе. Мы не можам ператварыць нашы пшанічныя палі ў вугальныя шахты. Мы не можам спадзявацца на дапамогу Злучаных Штатаў. Дык чаму ж, калі немцы квапяцца на Данцыг — а выратаваць яго мы ж не ў сіле! — чаму ж мы, каб пазбегнуць ганьбы, павінны пайсці на самагубства? Хіба ж гэта ганьба, што наша зямля дае болей хлеба, чым машын, што нас удвая меней, чым немцаў? Чаму ганьба павінна ўпасці на нас, а не на ўвесь свет?» Логікі мелі рацыю. Вайна для нас азначала катастрофу. Але хіба магла Францыя, дзеля таго каб унікнуць паражэння, не прыняць бой? Не думаю. I Францыя інстынктыўна прыйшла да таго ж рашэння, ніякія перасцерагальныя ўгаворы не змусілі яе ўхіліцца ад бою. Дух у нашай краіне перамог Розум.