— Пан капітан… страляюць, мы ў забароненай зоне!..
Курс вылічвае ён. Я тут ні пры чым.
— Моцна страляюць?
— 3 чаго толькі можна…
— Павернем прэч?
— Ну, не!..
Тон у яго пагардлівы. Мы ведаем, што такое патоп. Агонь нашых зенітак — проста як вясновы дожджык.
— Дзютэртр… Паслухайце, гэта ж ідыёцтва — быць збітымі сваімі!
— Нічога… Не саб'юць… Хай папрактыкуюцца.
Голас Дзютэртра з'едлівы.
А ў мяне няма ахвоты да з'едлівасці. Я шчаслівы. Мне прыемна пагаварыць са сваімі людзьмі.
— Ну й праўда, страляюць, як…
Глянь, ён яшчэ жывы, наш стралок! Я заўважыў, што па ўласнай ініцыятыве ён яшчэ ні разу не абвяшчаў пра сваю прысутнасць. Ён пераварыў усю прыгоду моўчкі, не адчуваючы патрэбы мець зносіны з людзьмі. Зрэшты, адзін раз ён, здаецца, вымавіў: «Ну і ну!» — у самы разгар абстрэлу. Ва ўсякім разе, плыні прызнанняў не было.
Але зараз закранута яго спецыяльнасць: кулямёт. А калі закранецца спецыяльнасць, тут ужо спецыялістаў не стрымаць.
Я міжволі супрацьпастаўляю гэтыя два светы. Свет самалёта і свет зямлі. Толькі што я ўцягнуў Дзютэртра і майго стралка па-за дазволеныя межы. Мы бачылі, як палае Францыя. Мы бачылі, як ззяе мора. Мы састарэлі на вялікай вышыні. Мы схіляліся над далёкай зямлёй, як над музейнай вітрынай. Мы гулялі ў сонцы з пылінкамі варожых знішчальнікаў. Потым мы знізіліся зноў. Мы кінуліся ў касцёр. Мы ахвяравалі ўсім. I там мы даведаліся пра саміх сябе болей, чым змаглі б зразумець за дзесяць гадоў роздуму. Нарэшце, мы выйшлі з гэтага дзесяцігадовага пустэльніцтва…
А караван бежанцаў, які мы, магчыма, ужо бачылі, калі ляцелі да Араса, прасунуўся самае большае на паўкіламетра.
За той час, што яны будуць адцягваць у роў зламаны аўтамабіль, мяняць колы ці проста сядзець і барабаніць па баранцы ў чаканні, пакуль скрыжаванне вызваляць ад разбітых машын, мы паспеем ужо вярнуцца на базу.
Мы пераступілі цераз усё паражэнне. Мы нагадваем паломнікаў, якія лёгка зносяць пакуты ў пустыні, бо сэрцам яны ўжо ў свяшчэнным горадзе.
Вось-вось апусціцца глыбокая ноч і ахіне гэты бязладны натоўп сваімі горкімі крыламі. Статак збіваецца да купы. У каго яму вымольваць паратунак? А нам падорана шчасце спяшацца да таварышаў, і ў мяне такое ўражанне, што мы спяшаемся на свята. Гэтак звычайная халупа, калі яе здалёк асвеціць нам агеньчык, ператварае самую суровую зімовую ноч у ноч перад калядамі. Там, куды мы ляцім, нас чакае прыязны прытулак. Там, куды мы ляцім, мы далучымся да вячэрняй трапезы.
На сёння досыць прыгод: я шчаслівы і стомлены. Я перадам механікам свой самалёт, аздоблены новымі прабоінамі. Я скіну цяжкі лётны камбінезон, і так як згуляць з Пеніко на чарку каньяку будзе ўжо занадта позна, я проста сяду вячэраць разам з таварышамі…
Мы познімся. Таварышы, якія позняцца, звычайна не вяртаюцца. Яны спазніліся? Не, ужо ўвогуле запозна. Трудная рада! Ноч саштурхоўвае іх у вечнасць. За вячэрай група падлічвае свае страты.
Тыя, хто не вярнуўся, становяцца ва ўспамінах яшчэ мілей. Цяпер ім вечна ўсміхацца самай светлай усмешкай. Мы адпрэчым гэтую перавагу. Мы з'явімся неспадзявана, як злыя духі ці браканьеры. Маёр не паспее адкусіць кавалак хлеба. Ён будзе глядзець на нас. I, магчыма, скажа: «Ах!.. Вось і вы…» Таварышы будуць маўчаць. Яны ледзь глянуць на нас.
Некалі ў мяне было няшмат пашаны да дарослых. I дарэмна. Чалавек ніколі не старэе. Маёр Аліяс! Калі дарослыя вяртаюцца дадому, яны — як дзеці. «Вось ты, наш таварыш!..» I цнатліва змаўкаюць.
Маёр Аліяс, маёр Аліяс!.. Гэтай лучнасцю з усімі вамі я цешуся, як сляпы цешыцца агнём. Сляпко сядае і працягвае рукі, але ён не ведае, што прыносіць яму асалоду. 3 баявога задання мы вяртаемся з прагай узнагароды, якая завецца — любоў.
Хоць мы і не прызнаёмся самі сабе, што гэта — любоў. Любоў, як мы яе звычайна ўяўляем, выказваецца больш бурна. Але гэта сапраўды любоў: сець повязяў, якія робяць цябе чалавекам.
XXIV
Я спытаўся ў майго фермера, колькі ў мяне ў машыне прыбораў. I фермер адказаў:
— Я нічога не цямлю ў вашай гаспадарцы. А што да прыбораў, трэба думаць, нечага ў вас усё-такі бракуе: таго, з чым бы мы выйгралі вайну… Павячэраеце разам з намі?
— Я павячэраў ужо.
Але мяне сілаю пасадзілі паміж пляменніцай і гаспадыняй.
— А ну-тка, пляменніца, пасунься трошкі… дай месца капітану.
Аказваецца, я звязаны не толькі са сваімі таварышамі. Праз іх я звязаны з усёй маёй краінай. Любоў, калі ўжо яна завязалася, пускае карані ўсё глыбей і глыбей.