Выбрать главу

— Што новага? — крыкнуў я наўздагон.

Ён павярнуўся, паглядзеў на мяне і крыкнуў, як мне пачулася: «Вылазяць з ямы ў нейкіх штуках накшталт супавай міскі», — і пабег к дому на вяршыні гары. Раптам хмара чорнага дыму завалакла дарогу і на хвіліну схавала яго. Я пабег да дзвярэй суседа і пастукаўся, каб пераканацца, ці паехаў ён з жонкай у Лондан, як мне сказалі, і ці замкнуў кватэру. Потым зноў зайшоў у кватэру, успомніўшы пра куфар служанкі, выцягнуў яго, прывязаў к задку двухколкі і, ухапіўшы лейцы, ускочыў на казлы. Праз хвіліну мы выехалі з дыму, грукат застаўся ўжо ззаду; мы хутка спускаліся па супрацьлеглым схіле Мэйбэры-Хіла да Старога Ўокінга.

Перад намі рассцілаўся мірны пейзаж — асветленыя сонцам пшанічныя палеткі абапал дарогі і гасцініца Мэйбэры з няўстойлівай вывескай. Паперадзе ехаў доктар у сваім экіпажы. Ля падножжа гары я азірнуўся, каб паглядзець на яе апошні раз. Густыя слупы чорнага дыму, прарэзаныя чырвонымі языкамі полымя, падымаліся ў нерухомым паветры, адкідваючы чорныя цені на зялёныя вершаліны дрэваў. Дым рассцілаўся далёка на ўсход і на захад, да сасновых лясоў Байфліта на ўсходзе і да Ўокінга на захадзе. Дарога за намі была ўсеяна ўцекачамі. Глуха, але выразна ў гарачым нерухомым паветры раздаваўся трэск кулямёта, потым ён раптоўна змоўк, і пачулася ружэйная стральба. Напэўна, марсіяне падпальвалі ўсё, што знаходзілася ў сферы дзеяння іх цеплавога промня.

Я кепскі фурман і таму ўсю сваю ўвагу засяродзіў на кані. Калі я зноў павярнуўся, другая гара таксама была зацягнута чорным дымам. Я пусціў каня рыссю і паганяў яго, пакуль Уокінг і Сэнд не аддзялілі нас ад гэтага сполаху і жаху. Я мінуў доктара паміж Уокінгам і Сэндам.

Х. Навальніца

Ад Мэйбэры-Хіла да Лезерхэда амаль дванаццаць міляў. На пышных лугах за Пірфардам пахла сенам, паабапал дарогі цягнулася цудоўная жывая агароджа з шыпшынавай квецені. Гарматны грукат, які мы чулі, пакуль ехалі па Мэйбэры-Хіле, сціх гэтак жа нечакана, як і пачаўся, і вечар выдаўся ціхі і спакойны. А дзевятай гадзіне мы ўдачна дабраліся да Лезерхэда. Я даў каню з гадзінку адпачыць, павячэраў у сваякоў і перадаў на іх апеку жонку.

Жонка амаль усю дарогу неяк дзіўна маўчала і здавалася прыгнечанай, нібы адчувала кепскае. Я стараўся падбадзёрыць яе, запэўніваючы, што наўрад ці яны змогуць далёка адпаўзці. Яна адказвала коратка. Калі б я не паабяцаў карчмару, яна, напэўна, угаварыла б мяне застацца на ноч у Лезерхэдзе. Ах, калі б я застаўся! Яна была вельмі бледная, калі мы развітваліся.

Я ж увесь дзень быў ліхаманкава ўзбуджаны. Нешта накшталт той ваеннай ліхаманкі, якая авалодвае часам цывілізаваным грамадствам, пералівалася ў маёй крыві, і я быў нават задаволены, што мне трэба вярнуцца ў Мэйбэры. Больш таго — баяўся, каб спыненне стральбы не азначала, што з захопнікамі-марсіянамі ўсё скончана. Шчыра кажучы, мне вельмі хацелася прысутнічаць пры гэтым.

Выехаў я ў гадзін адзінаццаць. Ноч была вельмі цёмная. Калі выйшаў з святліцы, цемра здалася мне беспрасветнай; было горача і душна, як днём. Па небе хутка праносіліся аблокі, хоць на кустах не зварухнуўся ні адзін лісток. Слуга запаліў абодва ліхтары. На шчасце, я добра ведаў дарогу. Мая жонка стаяла каля асветленых дзвярэй і глядзела, як я садзіўся ў двухколку. Пасля раптам павярнулася і пайшла ў дом; родныя, што засталіся на ганку, пажадалі мне шчаслівай дарогі.

Жончын спалох перадаўся мне, але ў хуткім часе я зноў пачаў думаць пра марсіянаў. Тады я яшчэ не ведаў прычынаў сутыкнення. Праязджаючы праз Окхем (я паехаў гэтым шляхам, а не праз Сэнд і Стары Ўокінг), я ўбачыў на захадзе крывава-чырвонае зарыва, якое па меры майго набліжэння паціху паўзло ўверх па небе. Блізкія навальнічныя хмары перамешваліся з клубамі чорнага і барвовага дыму.

На Рыплі-стрыт не было ні душы; сяліба быццам вымерла, толькі ў двух-трох вокнах было святло. Ля павароткі на Пірфард я ледзь не наехаў на людзей, якія стаялі спіной да мяне. Яны нічога не сказалі, калі я праязджаў міма. Не ведаю, ці было ім вядома, што адбываецца за гарою. Не ведаю таксама, ці панаваў мірны сон у тых маўклівых дамах, міма якіх я праязджаў; стаялі яны пустыя і закінутыя ці іх жыхары з жахам назіралі за падзеямі гэтай ночы.

Ад Рыплі да Пірфарда я ехаў далінаю Ўэй, дзе чырвонага зарыва відаць не было. Але калі я падняўся на невялікі пагорак за пірфардскай царквою, зарыва зноў паявілася, і дрэвы зашумелі пад першым парывам немінучай навальніцы. Пірфардская царква прабіла поўнач, і ўперадзе на барвовым небе ўжо чарнелі дахі і дрэвы Мэйбэры-Хіла.