Марсіяне спыніліся і пачалі аб нечым раіцца. Разведчыкі, якія назіралі за імі, данеслі, што яны стаялі нерухома каля паўгадзіны. Падбіты марсіянін няўклюдна выпаўз з-пад свайго каўпака — невялікая бурая туша, здалёк падобная на грыбную нарасць, — і пачаў рамантаваць трыножак. А дзевятай гадзіне ён скончыў работу, і яго каўпак зноў паказаўся над лесам.
У пачатку дзесятай гадзіны да гэтых трох вартавых далучыліся яшчэ чатыры марсіяніны, узброеныя вялікімі чорнымі трубамі. Гэткія ж трубы былі ўручаны кожнаму з трох першых. Пасля гэтага ўсе сем марсіянаў расцягнуліся ланцугом на роўнай адлегласці адзін ад аднаго, па крывой між Сент-Джордж-Хілам, Уэйбрыджам і Сэндам, на паўднёвым захадзе ад Рыплі.
Як толькі яны рушылі з месца, з пагоркаў узвіліся сігнальныя ракеты, папярэджваючы батарэі каля Дзітана і Эшэра. У той жа час чатыры баявыя машыны з чорнымі трубамі пераправіліся цераз раку; дзве з іх паявіліся перад мною і святаром, выразна вырысоўваючыся на фоне неба пасля заходу сонца. Мы, стомленыя і знясіленыя, імкліва ішлі па дарозе на поўнач ад Галіфорда. Нам здавалася, што яны рухаюцца па аблоках, бо малочны туман ахінуў палі і ўзнімаўся да трэці іх росту.
Убачыўшы іх, святар ускрыкнуў здушаным голасам і кінуўся бегчы. Ведаючы, што не ўцяку, я збочыў крыху і папоўз сярод мокрага ад расы цярноўніку і крапівы ў шырокую канаву ўзбоч дарогі. Святар азірнуўся, убачыў, што я раблю, і падбег да мяне.
Два марсіяніны спыніліся; першы ад нас стаяў, павярнуўшыся да Санбэры; другі маячыў сівой бясформенай масай пад вячэрняй зоркай над Стэйнсам.
Выццё марсіянаў заціхла, і кожны з іх моўчкі заняў сваё месца на агромністай падкове, якая ахоплівала ямы з цыліндрамі. Адлегласць паміж канцамі падковы была каля дванаццаці міляў. Ніводнага разу яшчэ з часоў вынаходніцтва пораху пабоішча не пачыналася сярод такой цішыні. З Рыплі было відаць тое ж, што бачылі мы: марсіяне адны ўзвышаліся ў густым змроку, асветленыя бледным месяцам, зорамі, водбліскам заходу сонца і чырванаватым зарывам над Сент-Джордж-Хілам і лясамі Пэйн-Хіла.
Але супраць наступаючых марсіянаў паўсюдна — каля Стэйнса, Хаўнслоў, Дзітана, Эшэра, Окхема, за пагоркамі і лясамі на поўдзень ад ракі і за роўнымі сакаўнымі лугамі на поўнач ад яе, прыхаваныя дрэвамі і дамамі, былі выстаўлены гарматы. Сігнальныя ракеты ўзвіваліся і рассыпаліся іскрамі ў змроку; батарэі ліхаманкава рыхтаваліся да бою. Варта было марсіянам толькі ступіць за лінію агню, як усе гэтыя нерухомыя людзі, і ўсе гэтыя пушкі, пабліскваючы ў ранішніх прыцемках, выбухнулі б навальнічнай раз'юшанасцю.
Тысячы людзей, якія прагульваліся гэтай ноччу гэтак жа як я, несумненна, ламалі галовы над тым, ці разумеюць нас марсіяне. Ці зразумелі яны, што нас мільёны і што мы арганізаваныя, дысцыплінаваныя і дзейнічаем згодна? Ці для іх нашы выстрэлы, нечаканыя выбухі снарадаў, настойлівая асада іх умацаванняў тое ж самае, што для нас нападзенне патрывожанага, разварушанага вулея? А можа, яны думаюць, што нас усіх можна знішчыць? (У той час яшчэ ніхто не ведаў, чым харчуюцца марсіяне.) Сотні такіх пытанняў непакоілі мяне, пакуль я назіраў за вартавымі марсіянамі. Разам з тым я думаў аб супраціўленні, якое сустрэне іх на шляху ў Лондан. Ці выкапаны ямы-пасткі? Ці пашанцуе завабіць іх да парахавых заводаў у Хаўнслоў? Ці хопіць у лонданцаў мужнасці ператварыць у новую полымнеючую Маскву свой агромністы горад?
Нам падалося, што мы бясконца доўга паўзлі па зямлі паўз плот, час ад часу цікуючы з-за яго; нарэшце пачуўся гул аддаленага гарматнага выстрэлу. Затым другі — крыху бліжэй — і трэці. Тады першы ад нас марсіянін высока падняў сваю трубу і выстраліў з яе, як з пушкі, аж задрыжала ад грукату зямля. Марсіянін каля Стэйнса паўтарыў тое самае. Пры гэтым пачуўся толькі гул выбуху: ні ўспышкі, ні дыму.
Гэтыя паслядоўныя выбухі настолькі мяне ўразілі, што я, забыўшыся пра небяспеку, палез на плот паглядзець, што адбываецца каля Санбэры. Зноў раздаўся выстрэл, і вялізны снарад праляцеў высока нада мною ў бок Хаўнслоў. Я хацеў убачыць ці дым, ці агонь, ці якую-небудзь іншую прымету яго разбуральнага дзеяння, але ўбачыў толькі цёмна-сіняе неба з адзінокай зоркаю і белы туман, які слаўся па зямлі. І ніводнага выбуху з таго боку, ніводнага выстрэлу ў адказ. Усё сціхла. Прайшла пакутлівая хвіліна.
— Што здарылася? — спытаў святар, стоячы побач са мною.
— Адзін бог ведае! — адказаў я.
Праляцеў і знік кажан. Здалёк данёсся і замёр шум галасоў. Я глянуў на марсіяніна; ён хутка рухаўся на ўсход паўз бераг рэчкі.