Выбрать главу

Я чакаў, што вось-вось на яго накіруюць агонь якой-небудзь прыхаванай батарэі, але начная ціша не парушалася. Фігура марсіяніна памяншалася і неўзабаве яна знікла ў тумане ў густой цемнаце. Падагрэтыя цікаўнасцю, мы ўзабраліся яшчэ вышэй. Каля Санбэры, засланяючы гарызонт, віднелася нейкая цёмная пляма накшталт свежанасыпанага канічнага пагорка. Над Уолтанам, за ракою, мы заўважылі гэткае ж узвышэнне. Гэтыя дзве плямы, падобныя на пагоркі, на нашых вачах цямнелі і распаўзаліся.

Падпарадкоўваючыся незразумеламу імпульсу, я зірнуў на поўнач і ўбачыў там трэці чорны, задымлены пагорак.

Было надзвычай ціха. Толькі далёка на паўднёвым усходзе сярод цішыні пераклікаліся марсіяне. Затым паветра зноў здрыганулася ад аддаленага выбуху іх гарматаў. Зямная артылерыя маўчала.

Мы тады не маглі зразумець, што адбываецца; пазней я даведаўся, што азначалі гэтыя злавесныя чорныя хмары, якія распаўзаліся ў цемры. Кожны марсіянін са сваёй пазіцыі на той агромністай падкове, арыентуючыся на нейкі невядомы сігнал, страляў са сваёй пушкі-трубы па пагорках, лясках, групах дамоў, па ўсім, што магло служыць схоўкай нашых гарматаў. Адны марсіяне выпусцілі па снараду, другія па два, як, напрыклад, той, якога мы бачылі. Марсіянін каля Рыплі, кажуць, выпусціў не менш чым пяць. Стукнуўшыся аб зямлю, снарады раколваліся — яны не ўзрываліся, — і тады ж над імі ўздымалася воблака шчыльнай цёмнай пары, потым воблака асядала, утвараючы вялізны чорны газавы пагорак, які паволі распаўзаўся па зямлі. Дотык гэтага газу, удых яго атрутных кольцаў заканчваліся смерцю для ўсяго жывога.

Гэты газ быў цяжкі, цяжэйшы нават за самы густы дым; пасля імклівага ўзлёту ён асядаў на зямлю і заліваў яе, быццам вадкасць, сцякаючы з пагоркаў і накіроўваючыся ў лагчыны, адхоны, у руслы рэк, падобна да таго, як сцякае вуглекіслата пры выхадзе з трэшчынаў вулкана. Пры судакрананні газу з вадой адбывалася нейкая хімічная рэакцыя, а паверхня вады ў тую ж хвіліну пакрывалася пылепадобным накіпам, які вельмі паступова асядаў. Гэты накіп не раствараўся, таму, нягледзячы на ядавітасць газу, ваду пасля выдалення з яе асадку можна было піць бясшкодна для здароўя. Гэты газ не дыфундзіраваў, як усякі іншы газ. Ён вісеў пластамі, паволі сцякаў па схілах, не рассейваўся на ветры, мала-памалу змешваўся з туманам і атмасфернай вільгаццю і асядаў на зямлю ў выглядзе пылу. Мы да гэтага часу нічога не ведаем пра састаў гэтага газу; вядома толькі, што ў яго ўваходзіў нейкі новы элемент, які даваў чатыры лініі ў блакітнай частцы спектру.

Гэты чорны газ так шчыльна прылягаў да зямлі (раней нават, чым пачыналася асяданне), што на вышыні пяці-дзесяці футаў, на стрэхах, у верхніх паверхах высокіх дамоў і на высокіх дрэвах можна было ўратавацца ад яго; гэта пацвердзілася той жа ноччу ў Стрыт-Кобхеме і Дзітане.

Чалавек, які выратаваўся ў Стрыт-Кобхеме, перадаваў дзіўныя падрабязнасці аб кольцавым патоку гэтага газу; ён глядзеў уніз з царкоўнай званіцы і бачыў, як дамы, паселішчы выступалі з чарнільнай цемнаты, быццам здані. Ён прасядзеў там паўтара дня, знясілены стомленасцю, голадам і холадам. Зямля пад блакітным небам здавалася пакрытай чорным аксамітам; дзе-нідзе ў промнях сонца выступалі чырвоныя дахі і зялёныя вершаліны дрэваў; кусты, брамы, хлявы, прыбудоўкі і сцены дамоў здаваліся пакрытымі чорным флёрам.

Так было і ў Стрыт-Кобхеме, дзе чорны газ сам па сабе асеў на зямлю. Увогуле ж марсіяне, пасля таго, як газ выконваў сваё прызначэнне, ачышчалі паветра, накіроўваючы на газ струмень пары.

Тое самае зрабілі яны і з воблакам газу непадалёк ад нас; мы назіралі гэта пры святле зорак з вакна пакінутага дома ў Верхнім Галіфордзе, куды вярнуліся. Мы бачылі, як мільгацелі пражэктары па Рычманд-Хіле і Кінгстан-Хіле. Каля адзінаццаці гадзін у вокнах задрыжалі шыбы, і мы пачулі грукат устаноўленых там цяжкіх асадных гарматаў. Каля чвэрці гадзіны з паўзамі працягвалася страляніна наўздагад па набачных пазіцыях марсіянаў каля Хэмптана і Дзітана; затым бледныя промні пражэктараў патухлі і змяніліся барвовым зарывам.

Неўзабаве ўпаў чацвёрты цыліндр — яркі зялёны метэор — у Бушы-парку, як я потым даведаўся. Яшчэ раней, чым загаварылі гарматы на пагорках каля Рычманда і Кінгстана, аднекуль з паўднёвага захаду чуваць была хаатычная кананада; магчыма, гарматы стралялі наўздагад, пакуль чорны газ не ўсмерціў артылерыстаў.

Марсіяне, дзейнічаючы метадычна, як людзі, што выкурваюць асінае гняздо, разлівалі гэты ўдушны газ па ваколіцах Лондана. Канцы падковы паволі разыходзіліся, пакуль нарэшце ланцуг марсіянаў не рушыў па прамой ад Гонвела да Кумба і Молдзена. Усю ноч рухаліся наперад смертаносныя трубы. Ніводнага разу пасля таго, як марсіянін быў збіты з трыножка каля Сент-Джордж-Хіла, не ўдалося нашай артылерыі пацэліць хоць бы ў аднаго з іх. Яны паўсюдна пускалі чорны газ, дзе толькі маглі быць прыхаваныя нашы гарматы, а там, дзе пушкі стаялі без маскіроўкі, яны карысталіся цеплавым промнем.