Апоўначы палаючыя па схілах Рычманд-парка дрэвы і зарыва над Кінгстан-Хілам асвяцілі воблака чорнага газу, якое клубілася па ўсёй даліне Тэмзы і разгортвалася да самага гарызонта. Два марсіяніны паволі расхаджвалі па гэтай мясцовасці, накіроўваючы на зямлю свісцячыя струмені пары.
Гэтай ноччу марсіяне чамусьці ашчаджалі свой цеплавы прамень, магчыма, што ў іх быў абмежаваны запас матэрыялу для яго вытворчасці, ці таму, што яны не хацелі ператварыць краіну ў пустыню, а толькі задушыць супраціўленне, якое ім аказвалася. Зразумела, гэта ім удалося. Ноч на панядзелак была апошняй ноччу арганізаванай барацьбы з марсіянамі. Пасля гэтага ніхто ўжо не адважыўся выступіць супраць іх, любое супраціўленне здавалася безнадзейным. Нават экіпажы тарпедных катэраў і мінаносцаў, якія падвяліся ўверх па Тэмзе з хуткастрэльнымі пушкамі, адмовіліся заставацца на рацэ, узбунтаваліся і пайшлі ў мора. Адзінае, на што людзі адважыліся пасля гэтай ночы, — гэта закладка мін і наладжванне лавушак, але нават і гэта рабілася не планамерна.
Можна толькі ўявіць лес батарэяў Эшэра, якія так напружана вычэквалі ў змроку. Там загінулі ўсе. Уявіце сабе чаканне насцярожаных афіцэраў, гарматную прыслугу, якая падрыхтавалася да залпу, складзеныя каля гармат снарады, абозную прыслугу каля лафетаў з коньмі, штацкіх гледачоў, жадаючых падысці як мага бліжэй, вячэрнюю цішыню, санітарныя фургоны і палаткі паходнага лазарэта з абпаленымі і раненымі з Уэйбрыджа. Затым глухі выбух выстрэлаў марсіянаў і шалёны снарад, які праляцеў над дрэвамі і дамамі і ўпаў у суседнім полі.
Можна ўявіць сабе здзіўленне і перапалох людзей, якія ўбачылі рухомыя кольцы і завіткі наступаючага чорнага воблака, што ператварала прыцемкі ў густы адчувальны змрок; незразумелы і няўлоўны вораг наганяе свае ахвяры; бягуць і падаюць коні, людзі, ахопленыя панікай; жахлівыя крыкі, кінутыя гарматы; людзі, якія курчацца на зямлі… — і шырокі чорны газавы конус. Потым ноч і смерць — і маўкліва-дымавая павалока над мерцвякамі.
На світанні чорны газ разліўся па вуліцах Рычманда. Урад не мог кіраваць народам; апошняе, што ён мог, — заклікаць насельніцтва Лондана ўцякаць.
XVI. Эвакуацыя з Лондана
Лёгка ўявіць сабе тую віратлівую хвалю страху, якая пракацілася па найвялікшым горадзе свету ў панядзелак раніцою, — ручай бежанцаў станавіўся бурным патокам, які пеніўся вакол вакзалаў, ператвараўся ў шалёны вадаварот каля суднаў на Тэмзе і рушыў усімі магчымымі шляхамі на поўнач і ўсход. Каля дзесяці гадзін паніка ахапіла паліцыю, апоўдні — чыгуначную адміністрацыю: адміністрацыйныя службы гублялі сувязь паміж сабою, губляліся ў людской плыні і знікалі на абломках сацыяльнага арганізма, які хутка распадаўся.
Усе чыгуначныя лініі на поўнач ад Тэмзы і жыхары паўднёва-ўсходняй часткі горада былі папярэджаны яшчэ апоўначы ў нядзелю, ужо ў дзве гадзіны ўсе цягнікі былі перапоўнены, людзі адчайна змагаліся за месцы ў вагонах. К тром гадзінам даўка і бойка распачаліся і на Бішопсгейт-стрыт; стралялі з рэвальвераў, пускалі ў ход нажы, а палісмены, пасланыя рэгуляваць рух, стомленыя і азвярэлыя, збівалі дубінкамі людзей, якіх яны павінны былі ахоўваць.
Неўзабаве машыністы і качагары не захацелі вяртацца ў Лондан; людскія натоўпы адхлынулі ад вакзалаў і рынуліся да шасейных дарог, якія вялі на поўнач. Апоўдні каля Борнса бачылі марсіяніна; воблака павольна асядаючага чорнага газу паўзло па Тэмзе і раўніне Ламбет, адрэзаўшы дарогу цераз масты. Другое воблака папаўзло па Ілінгу і акружыла невялічкую кучку ацалелых людзей на Касл-Хіле; яны засталіся жывыя, але выбрацца не маглі.
Пасля марнай спробы трапіць на паўночна-заходні цягнік у Чок-Фарме, калі ён, перапоўнены яшчэ на таварнай платформе, пачаў пракладваць сабе шлях праз раз'юшаны натоўп і некалькі здаравенных малайцоў ледзь стрымлівалі публіку, якая намервалася разбіць машыністу галаву аб топку, мой брат выйшаў на Чок-фарм-роўд, перайшоў дарогу, лавіруючы сярод рою імклівых экіпажаў, і, на шчасце, апынуўся адным з першых пры разгроме веласіпеднага магазіна. Пярэдняя шына веласіпеда, які ён захапіў, лопнула, калі ён выцягваў машыну праз акно, але тым не менш, толькі злёгку параніўшы кісць рукі ў сутычцы, ён сеў і паехаў. Шлях па крутым адхоне Хаверсток-Хіла быў завалены перакуленымі экіпажамі, і брат павярнуў на Белсайз-роўд.