Выбрать главу

Такім чынам ён выбраўся з ахопленага панікай горада і к сямі гадзінам дасягнуў Эджуэра, галодны і знямоглы, але затое значна апярэдзіў паток бежанцаў. Паўз дарогу стаялі мясцовыя жыхары, цікаўныя і збітыя з панталыку. Яго абагналі некалькі веласіпедыстаў, некалькі коннікаў і два аўтамабілі. За мілю ад Эджуэра лопнуў вобад кола, ехаць далей было немагчыма. Ён кінуў веласіпед каля дарогі і пяшком дабраўся да вёскі. На галоўнай вуліцы было адчынена некалькі лавак; жыхары тоўпіліся на тратуарах, стаялі каля дзвярэй і вокнаў, здзіўлена глядзелі на незвычайнае шэсце бежанцаў, якое толькі яшчэ пачыналася. Брату пашанцавала перакусіць у гасцініцы.

Ён хадзіў па Эджуэры, не ведаючы, што рабіць далей. Натоўп бежанцаў усё павялічваўся. Многія, як і брат, хацелі б застацца там. Аб марсіянах нічога новага не паведамлялася.

Дарога ўжо напоўнілася бежанцамі, але яшчэ прайсці было можна. Спачатку было больш веласіпедыстаў, затым паявіліся хуткасныя аўтамабілі, прыгожыя кебы, каляскі; пыл слупом стаяў на дарозе да самага Сент-Олбенса.

Успомніўшы, відаць, пра сваіх сяброў у Чэлмсфардзе, брат вырашыў прайсціся ціхім прасёлкам, які цягнуўся на ўсход. Калі перад ім вырас плот, брат пералез цераз яго і накіраваўся па сцежцы на паўночны ўсход. Ён прайшоў па некалькіх вёсачках, назваў якіх не ведаў. Зрэдку трапляліся бежанцы. Каля Хай-Барнета, на зарослай травой дарозе, ён сустрэўся з дзвюма жанчынамі, якія сталі яго спадарожніцамі. Ён дагнаў іх якраз своечасова, каб памагчы ім.

Пачуўшы крыкі, ён хуценька завярнуў за вугал і ўбачыў двух мужчын, якія спрабавалі высадзіць жанчын з каляскі; трэці трымаў за аброць напалоханага поні. Адна з жанчын, невялікага росту, у белай сукенцы, крычала; другая ж, стройная брунетка, біла дубцом па твары мужчыну, які схапіў яе за руку.

Брат імгненна ацаніў сітуацыю і з крыкам кінуўся на дапамогу жанчынам. Адзін з нападаючых пакінуў жанчыну і павярнуўся да яго; брат, выдатны баксёр, бачачы, што бойка непазбежная, напаў першы і адным ударам зваліў яго пад калёсы.

Тут было не да рыцарскай ветлівасці, і брат, аглушыўшы ўдарам нагі першага, схапіў за каўнер другога нападаючага, які трымаў за руку маладзейшую жанчыну. Ён пачуў тупат капытоў; дубец слізгануў па яго твары, і трэці праціўнік нанёс яму моцны ўдар у пераносіцу; той, якога ён трымаў за каўнер, вырваўся і кінуўся ўцякаць па прасёлку ў той бок, адкуль падышоў брат.

Аглушаны ўдарам, брат апынуўся сам-насам з суб'ектам, які толькі што трымаў поні; каляска аддалялася, віхляючыся то ў адзін, то ў другі бок; абедзве жанчыны, павярнуўшыся, сачылі за валтузнёй. Праціўнік, вялізны дзяціна, рыхтаваўся нанесці другі ўдар, але брат апярэдзіў яго, стукнуўшы ў сківіцу. Пасля, бачачы, што застаўся адзін, брат вывернуўся ад удару і пабег па прасёлку следам за каляскай, а за ім гнаўся праціўнік; другі, які быў уцёк, спыніўся, павярнуў назад і цяпер бег за ім зводдалеку.

Раптам брат спатыкнуўся і ўпаў; самы блізкі ад яго праціўнік спатыкнуўся аб яго і таксама ўпаў; і брат, усхапіўшыся на ногі, зноў апынуўся сам-насам з двума праціўнікамі. У яго была мала надзеі справіцца з імі, але ў гэты час стройная брунетка хуценька спыніла поні і падбегла на дапамогу. У яе, як аказалася, быў рэвальвер, але ён ляжаў пад сядзеннем, калі на іх напалі. Яна выстраліла з адлегласці ў шэсць ярдаў, ледзь не трапіўшы ў брата. Менш храбры грабежнік пусціўся ўцякаць, яго калега — за ім, праклінаючы яго баязлівасць. Абодва спыніліся непадалёку на прасёлку каля трэцяга з нападаючых, які нерухома ляжаў на зямлі.

— Вазьміце, — прамовіла стройная жанчына, перадаючы брату свой рэвальвер.

— Сядайце ў каляску, — сказаў брат, выціраючы кроў з рассечанай губы.

Яна моўчкі павярнулася, і яны разам з братам, цяжка дыхаючы, падышлі да жанчыны ў белай сукенцы; жанчына ледзь стрымлівала напалоханага поні.

Грабежнікі больш не нападалі. Азірнуўшыся, брат убачыў, што яны аддаляюцца.

— Я сяду тут, калі можна, — сказаў ён, ускарабкаўшыся на вольнае сядзенне.

Брунетка аглянулася цераз левае плячо.

— Дайце мне лейцы, — сказала яна і сцебанула поні. Праз хвіліну зніклі за павароткаю.

Такім чынам, зусім нечакана брат, задыханы, з рассечанай губою, з апухлым падбародкам і акрываўленымі пальцамі, апынуўся ў калясцы разам з дзвюма жанчынамі на незнаёмай дарозе.

Ён даведаўся, што адна з іх жонка, а другая — малодшая сястра доктара з Стэнмора, які, вяртаючыся ноччу з Піннера ад цяжка хворага, пачуў на адной з чыгуначных станцый аб набліжэнні марсіянаў. Ён паспешна адправіўся дамоў, разбудзіў жанчын — прыслуга ад'ехала ад іх за два дні перад гэтым, — упакаваў такую-сякую правізію, паклаў, на шчасце для брата майго, свой рэвальвер пад сядзенне і сказаў ім, каб яны ехалі ў Эджуэр і селі там на цягнік. Сам ён застаўся апавясціць суседзяў і абяцаў дагнаць жанчын каля паловы пятай раніцаю. Цяпер ужо каля дзевяці, а яго ўсё няма. Спыніцца ў Эджуэры яны не маглі з-за наплыву бежанцаў і, такім чынам, павярнулі на глухую дарогу.