Выбрать главу

Усё гэта яны расказалі майму брату па дарозе ў Нью-Барнет, дзе і зрабілі прыпынак. Брат абяцаў не пакідаць іх, па крайняй меры да таго часу, пакуль яны не вырашаць, як быць далей, ці пакуль іх не дагоніць доктар. Заспакойваючы жанчын, брат запэўніваў, што ён выдатны стралок, хоць у жыцці не трымаў у руках рэвальвера.

Яны атабарыліся каля дарогі, прыладкаваўшы каля дрэваў поні. Брат расказаў спадарожніцам пра свае ўцёкі з Лондана і паведаміў ім усё, што чуў пра марсіянаў і іх дзеянні. Сонца падымалася ўсё вышэй, і неўзабаве жывая гаворка змянілася марудным чаканнем. Па дарозе прайшло некалькі бежанцаў; ад іх брат даведаўся пра сякія-такія навіны, якія яшчэ больш пацвердзілі яго перакананне ў грандыёзнасці бедства і неабходнасці ўцякаць прэч. Ён сказаў пра гэта сваім спадарожніцам.

— У нас ёсць грошы, — сказала маладзейшая дама і тут жа змоўкла.

Яе вочы сустрэліся з братавымі вачыма, і яна супакоілася.

— У мяне таксама ёсць грошы, — адказаў брат.

Яна паведаміла, што ў іх ёсць трыццаць фунтаў золатам і адна пяціфунтавая крэдытка і выказала меркаванне, што яны змогуць сесці на цягнік у Сен-Олбенсе ці Нью-Барнэце. Брат лічыў, што трапіць на цягнік зусім немагчыма; ён бачыў, як натоўпы лонданцаў чынілі асады цягнікам і прапанаваў прабрацца праз Эсекс да Гарвіча, а там параходам пераправіцца на кантынент.

Місіс Элфінстон — так звалі даму ў белым — не слухала ніякіх довадаў і хацела чакаць свайго Джорджа; але яе залоўка была вельмі спакойная і разважлівая і ў рэшце рэшт пагадзілася з маім братам. Яны паехалі ў Барнет, намерваючыся перасекчы Вялікую Паўночную дарогу; брат вёў за аброць поні, каб захаваць яго сілы. Сонца падымалася, і дзень станавіўся вельмі гарачы; бялёсы пясок сляпіў вочы і так нагрэўся пад нагамі, што немагчыма было рухацца наперад. Дрэвы сталі шэрыя ад пылу. Непадалёку ад Барнета пачуўся якісьці аддалены гул.

Стала трапляцца больш народу. Бежанцы ішлі змораныя, панурыя, брудныя, неахвотна адказваючы на роспыты. Нейкі чалавек у фраку прайшоў міма іх, панурыўшы галаву. Яны чулі, як ён гаварыў сам з сабою, і, азірнуўшыся, убачылі, што адной рукою ён схапіў сябе за валасы, а другою біў уяўнага ворага. Пасля гэтага прыступу вар'яцтва ён, не азіраючыся, пайшоў далей.

Калі брат і яго спадарожніцы пад'язджалі да скрыжавання дарог з поўдня Барнета, то ўбачылі ў полі, злева ад дарогі, жанчыну з дзіцем на руках; двое дзяцей пляліся за ёю, а ззаду крочыў муж у бруднай чорнай кашулі, з тоўстай палкаю ў адной руцэ і чамаданам у другой. Потым аднекуль з-за вілаў, што аддзялялі прасёлак ад вялікай дарогі, выехала цялежка, у якую быў запрэжаны ўзмылены чорны поні; кіраваў бледны юнак у кацялку, шэрым ад пылу. На цялежцы сядзелі трое дзяўчат, з выгляду фабрычныя работніцы Іст-Энда, і двое дзяцей.

— Як праехаць на Эджуэр? — спытаў бледны разгублены фурман.

Брат адказаў, што трэба павярнуць налева, і малады чалавек, нават не падзякаваўшы, сцебануў поні.

Брат заўважыў, што будынкі перад ім і фасад тэрасы, якая прымыкала да адной з віл, што стаялі на другім баку дарогі, акутаны блакітнаватай смугой, нібы імглою. Місіс Элфінстон раптам ускрыкнула, убачыўшы над дамамі чырвоныя языкі полымя, што ўзляцелі ў ярка-сіняе неба. З хаосу гукаў сталі выдзяляцца галасы, грукат колаў, скрып павозак і дробны стук капытоў. Ярдаў за пяцьдзесят ад скрыжавання вузкая дарога крута загіналася.

— О божа мой! — ускрыкнула місіс Элфінстон. — Куды ж вы нас везяце?

Брат спыніўся.

Вялікая дарога мела выгляд скразнога шумлівага людскога патоку, які імкнуў на поўнач. Воблака белага пылу, сіяючы ў промнях сонца, падымалася над зямлёю футаў на дваццаць, ахутвала ўсё густой павалокаю і ні на хвіліну не рассейвалася: коні, пешаходы і калёсы ўсялякіх экіпажаў уздымалі ўсё новыя і новыя клубы.

— Дарогу! — чуліся крыкі. — Дайце дарогу!

Калі набліжаліся да скрыжавання, ім здавалася, быццам уязджаюць у пылаючы лес; натоўп шумеў, як полымя, а пыл быў пякучы і едкі. Наперадзе гарэла віла, паддаючы страху, і клубы чорнага дыму слаліся па дарозе.